З якімі перашкодамі расейцы трапляюць у Літву паветрам і па зямлі


Грамадзяне Расеі трапляюць у Літву без асаблівых перашкодаў нават пасля забароны на ўезд з 19 верасня. Але з некаторымі здараюцца непрыемнасці: двое расейцаў некалькі дзён жывуць на нейтральнай паласе ля літоўскага пункту пропуску «Мядзінінкай». Інфармацыя пра іх пакуль не пацверджаная афіцыйна.

Пункт пропуску «Мядзінінкай» на літоўска-беларускай мяжы. Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: INTS KALNINS / Reuters / Forum

Адна з пасажырак аўтобуса Вільня – Менск паведаміла «Белсату», што асабіста была сведкаю размовы кіроўцы аўтобуса з двума незнаёмцамі, нібыта расейскімі грамадзянамі. Калі аўтобус ехаў па нейтральнай зоне паміж пунктамі пропуску «Мядзінінкай» (Літва) і «Каменны лог» (Беларусь), кіроўца запаволіў рух, апусціў шыбу і сказаў дзвюм асобам на абочыне, што не здолее перадаць ім ежы, бо літоўскія памежнікі яму забаранілі. Пазней ён патлумачыў пасажырцы, што гэтыя двое – расейцы, якіх не пусцілі ў Літву: яны ў адказ спалілі свае расейскія пашпарты. Цяпер гэтыя мужчыны не могуць без дакументаў ні трапіць у Літву, ні вярнуцца ў Беларусь.

«Кіроўца хацеў аддаць небаракам сасіскі і хлеб, але літоўскія памежнікі, як ён патлумачыў, забаранілі яму гэта зрабіць. Дый спыняцца на тым участку нельга», – перадала пасажырка аўтобуса змест размовы з кіроўцам.

Пакуль кіраўніцтва Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы не пракаментавала гэтага інцыдэнту, але мы спрабуем атрымаць каментары. Работніца памежнага пункту «Мядзінінкай» у тэлефоннай размове з карэспандэнтам «Белсату» паведаміла, што не ведае пра расейцаў, бо ў яе «толькі пачалося дзяжурства».

Тым часам, паведамляецца, што пасля пачатку дзеяння забароны расейцам уязджаць у Латвію, Літву, Польшчу ды Эстонію на літоўскай мяжы ўзрасла плынь нелегальных мігрантаў. Толькі за содні 21 верасня на мяжы Літвы з Беларуссю былі затрыманыя 135 чалавек. З пачатку года літоўскія памежнікі адмовілі ва ўездзе 7317 мігрантам.

Hавiны
На літоўскай мяжы затрыманая рэкордная сёлета колькасць мігрантаў
2022.09.21 12:01

Пры гэтым вялікай колькасці расейцаў удаецца трапіць у Літву нават цяпер. Як напісаў 26 верасня партал «Delfi», у аэрапорце Вільні грамадзянаў Расеі ніхто не спыняе і не пытае, з якою мэтай яны прыбылі ў Літву.

«У той час, калі расейскіх турыстаў на наземнай мяжы паварочваюць назад, у аэрапорце ніякіх абмежаванняў для тых, хто мае шэнгенскую візу іншых краінаў, няма», – піша журналіст «Delfi».

Аўтар артыкулу адзначае, што прыляцеў з Хельсінкі адным рэйсам з расейскамоўнымі пасажырамі. Самалётаў з Фінляндыі, як і з іншых краінаў Шэнгену, ніхто не правярае: «Хельсінкі ўсё яшчэ ўпускае расейскіх турыстаў, а праз гэтую краіну яны спакойна трапляюць у зону Шэнгену, а потым могуць ехаць куды жадаюць». Расейцы прылятаюць у Літву таксама з Нямеччыны, Нарвегіі, Швецыі, Польшчы, Латвіі ды іншых краінаў. Паводле парталу, за апошні час у Лондан, Тэль-Авіў, Рыгу з Вільні лётаюць каля 40 % расейскамоўных турыстаў.

«Delfi» звяртае ўвагу, што літоўскія аэрапорты – папулярнае месца адбыцця ды прыбыцця і для беларусаў. Праз санкцыі ў Менск не лятаюць самалёты з Еўропы, таму беларусы лятаюць у Вялікую Брытанію, Нямеччыну, скандынаўскія краіны, Ізраіль, Італію, Іспанію, Грэцыю праз Літву, звычайна праз Вільню. З Вільні ў Менск яны ездзяць аўтобусамі.

Hавiны
З 19 верасня ў краінах Балтыі і Польшчы набыла моц забарона на ўезд расейскім грамадзянам з шэнгенскімі візамі
2022.09.19 12:16

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў