Сябар Лукашэнкі зноў перамог на выбарах у Зімбабвэ. Апазіцыя з гэтым нязгодная


Дзейны прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа зноў атрымаў перамогу на выбарах кіраўніка краіны. Пра гэта паведамляе мясцовы «The Herald».

Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа.
Фота: president.gov.by

Паводле афіцыйных звестак, Эмэрсан Мнангагўа набраў 52,6 % галасоў, а ягоны супернік, былы міністр Нэлсан Чаміса – 44 %. Гэтыя ж палітыкі спаборнічалі і на прэзідэнцкіх выбарах 2018 года. Тады яны атрымалі прыкладна тыя самыя вынікі.

Апазіцыя абвяргае «спешна складзеныя без належнага правярання» вынікі выбараў і абяцае аспрэчыць перамогу Мнангагўы. «Грамадзянская кааліцыя за перамены», якую ўзначальвае Чаміса, абяцае кансультаваць грамадзянаў пра далейшыя крокі па меры развіцця сітуацыі.

Замежныя назіральнікі заявілі, што выбары не адпавядалі рэгіянальным і міжнародным стандартам. У прыватнасці, паведамлялася пра перашкоды ў дзейнасці апазіцыі і запалохванне выбарцаў, піша «New Zimbabwe».

Аб’ектыў
Зімбабвэ. Дыктатара-людажэра арыштавала ўласнае войска
2017.11.15 22:52

Эмэрсан Мнангагўа пачаў кіраваць Зімбабвэ пасля дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 2017 года, калі з пасады прэзідэнта быў зрынуты Робэрт Мугабэ, што ўзначальваў краіну 27 гадоў. На радзіме Мнангагўа мае мянушку Кракадзіл, якую займеў у дыверсійным атрадзе «Кракадзілавая банда» Нацыянальнай вызвольнай арміі. Ва ўжо незалежнай Зімбабвэ Мнангагўа быў адным з канструктараў рэжыму Мугабэ. Кіраваў спецслужбамі ў часе шматтысячных этнічных чыстак. Потым – займаў фатэлі міністраў юстыцыі, фінансаў, абароны і ўрэшце віцэ-прэзідэнта.

Пасля таго, як прэзідэнтам Зімбабвэ стаў Мнангагўа, паміж Менскам і Харарэ істотна актывізаваліся стасункі. Ужо напачатку 2018 года Зімбабвэ наведаў кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман. А 30 студзеня 2023 года з візітам у Зімбабвэ прыбыў і сам Аляксандр Лукашэнка.

Афіцыйны таваразварот між Беларуссю і Зімбабвэ мізэрны, затое аб’ём «мутных справаў» вялізны, а справы гэтыя могуць быць звязаныя з фінансаваннем расейскай агрэсіі ва Украіне.

Аналітыка
Што пацягнула Лукашэнку ў Зімбабвэ? Золата, алмазы, можа, і зброя, але хіба не трактары
2023.01.30 16:13

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў