Амбасада Зімбабвэ пачынае працу ў Беларусі


У Менску адчынілася дыпламатычнае прадстаўніцтва краіны афрыканскага рэгіёну Зімбабвэ. Пра гэта заявілі пасля супольнай сустрэчы 27 сакавіка міністры замежных справаў Беларусі і Зімбабвэ – Сяргей Алейнік і Фрэдэрык Шава, перадае беларускі МЗС.

Сустрэча міністраў замежных справаў Беларусі і Зімбабвэ: Сяргей Алейнік і Фрэдэрык Шава. 27 сакавіка 2023 года. Менск, Беларусь.
Фота: sputnik.by

«Відавочна, што дасягнутыя паміж прэзідэнтамі дзвюх краінаў прарыўныя дамоўленасці дазволяць вывесці нашую супрацу на якасна новы ўзровень. Адной з такіх дамоўленасцяў было адкрыццё пасольства Рэспублікі Зімбабвэ ў Рэспубліцы Беларусь. Усе фармальнасці, звязаныя з адкрыццём пасольства, завершаны, і сёння мы можам афіцыйна аб’явіць аб пачатку ягонай працы», – заявіў Сяргей Алейнік.

Пасольства нашай краіны ў Зімбабвэ адкрылі летась.

Беларускі міністр адзначыў, што бакі таксама разгледзелі рэалізацыю дамоўленасцяў у гандлёва-эканамічнай сферы, у прыватнасці, на пастаўку ў Зімбабвэ сельскагаспадарчай і пажарнай тэхнікі, будаўніцтва і мадэрнізацыю збожжасховішчаў. Абмеркавалі супрацу ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі і здабычы карысных выкапняў.

Сустрэча міністраў замежных справаў Беларусі і Зімбабвэ: Сяргей Алейнік і Фрэдэрык Шава. 27 сакавіка 2023 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА
Сустрэча міністраў замежных справаў Беларусі і Зімбабвэ: Сяргей Алейнік і Фрэдэрык Шава. 27 сакавіка 2023 года. Менск, Беларусь.
Фота: sputnik.by

Акрамя гэтага, Сяргей Алейнік заявіў, што Беларусь будзе павялічваць дыпламатычную прысутнасць у Афрыцы:

«Летась сетка нашых замежных установаў была аптымізаваная. Мы скарацілі нашую прысутнасць у краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі ды павялічылі нашую дыпламатычную прысутнасць у краінах гэтак званай дальняй дугі».

Паводле чыноўніка, афіцыйныя ўлады Беларусі выбудоўваюць супрацу з тымі краінамі, «дзверы якіх адчыненыя для нас і якія мы можам супольнымі намаганнямі адчыніць яшчэ шырэй». «Таму, вядома, разумеючы дакладна патэнцыял афрыканскага рэгіёну, мы мэтанакіравана прасоўваем нашыя не толькі вонкавапалітычныя, але і вонкаваэканамічныя інтарэсы ў гэтых краінах. Я практычна ўпэўнены, што мы будзем і надалей працаваць над павелічэннем нашай дыпламатычнай прысутнасці ў краінах Афрыкі», – дадаў ён.

Міністр замежных справаў Зімбабвэ Фрэдэрык Шава заявіў, што ягоная краіна падтрымае кандыдатуру Менску на непастаяннага чальца Рады бяспекі ААН на 2024–2025 гады, а беларускі бок на ўзаемнай аснове падтрымае Харарэ ў якасці чальца Рады бяспекі ААН на 2027–2028 гады.

Нагадаем, што з 30 студзеня да 1 лютага 2023 года Аляксандр Лукашэнка правёў свой першы візіт у Зімбабвэ – краіну на поўдні Афрыкі, за 8 тысяч кіламетраў ад Беларусі. Візіт адбыўся пасля палёту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія Лукашэнка наведаў восьмы раз, з Зімбабвэ ён ізноў вярнуўся ў ААЭ.

Аналітыка
Што пацягнула Лукашэнку ў Зімбабвэ? Золата, алмазы, можа, і зброя, але хіба не трактары
2023.01.30 16:13

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў