«Аграабрамс» і «добрага вам жыцця без Лукашэнкі». У Варшаве масава пратэставалі фермеры


У Варшаве прайшла адна з самых буйных акцыяў пратэсту фермераў за апошнія гады. Аграрыі пратэстуюць з пачатку лютага ў розных частках Польшчы. Яны незадаволеныя патрабаваннямі «зялёнага» заканадаўства ЕЗ, а таксама пастаўкай прадуктаў з Украіны і скарачэннем рэнтабельнасці сельскай гаспадаркі. «Белсат» даведаўся, як пратэставалі 27 лютага.

Фігура танка, зробленая са стагоў сена, на акцыі пратэсту польскіх фермераў, якія выступаюць супраць еўрапейскіх экалагічных законаў і імпарту прадуктаў з Украіны. Надпіс на танку: «Wrocław. Agroabrams». Варшава, Польшча. 27 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

У цэнтры Варшавы сабралася каля 10 тысячаў фермераў. Мяркуючы па размовах у натоўпе, некаторыя не мясцовыя. На чале пратэстоўцаў – трактар з прычэпам, на якім размешчаны танк з сена з надпісам «Аграабрамс». Час ад часу раздаюцца воплескі, людзі запальваюць фаеры і выкрыкваюць лозунгі.

Дымавая шашка падчас акцыі пратэсту польскіх фермераў, якія выступаюць супраць еўрапейскіх экалагічных законаў і імпарту прадуктаў з Украіны.
Фота: Белсат
Удзельніца мітынгу фермераў у Польшчы здымае на тэлефон марш пратэстоўцаў.
Фота: Белсат

Калона спыняецца перад будынкамі Сейму і Канцылярыі прэм’ер-міністра. Каля Сейму з боку «Аграабрамса» раздаюцца заклікі абʼядноўвацца. Калі спатрэбіцца, фермеры перакрыюць усю краіну і памежныя пераходы, папярэджвае мужчына з мегафонам.

Удзельнікі пратэсту польскіх фермераў.
Фота: Белсат
Адзін з удзельнікаў пратэсту польскіх фермераў на дрэве насупраць будынку Канцылярыі прэм’ер-міністра.
Фота: Белсат

«Шаблі ў далонь», – кажа адзін з пратэстоўцаў, калі ўсе пачынаюць рухацца ад Сейму да Канцылярыі.

Яшчэ адзін падыходзіць да кампаніі ў натоўпе і пытаецца:

«Ну што, што з гэтага атрымаецца, хлопцы?» У адказ яму разгублена паціскаюць плячыма.

Недалёка ад Канцылярыі прэмʼера пытаем у кампаніі мужчынаў, чаму яны сёння тут.

«Мы сабраліся сёння ў Варшаве, каб выказаць пратэст супраць сельскагаспадарчай палітыкі Еўрапейскага Звязу, якую ён праводзіць і якая загадвае выключыць пэўныя вобласці з вытворчасці. Фермы таксама супраць імпарту сельскагаспадарчых тавараў з Украіны, бо гэта псуе рынак у нашай краіне і ў Звязе. Цэны ўпалі на прадукцыю сельскай гаспадаркі», – кажа фермер-пратэстовец Марцін.

Ён адзначае, што бягучыя цэны не дазваляюць працаваць з прыбыткам.

Яшчэ адна група пратэстоўцаў вельмі эмацыйна рэагуе, калі пытаемся, што вымусіла іх выйсці на пратэст.

Удзельнікі пратэсту польскіх фермераў.
Фота: Белсат
Паліцыя ахоўвае тэрыторыю будынку Канцылярыі прэм’ер-міністра ў Варшаве падчас пратэсту польскіх фермераў.
Фота: Белсат

«Я тут, бо я паляк. І я хацеў бы, каб польская ўлада была польскай. Мы трацім суверэнітэт Польшчы. Таксама, як вы марнуеце праз звера вашага, Лукашэнку», – кажа мужчына.

«Жадаю вам добрага жыцця ў Беларусі без Лукашэнкі!», – раптам дадае яшчэ адзін мужчына з кампаніі.

Паводле звестак «Gazeta Wyborcza», дэлегацыя пратэстоўцаў сустрэлася са спікерам Сейму Шымонам Халоўняй, а таксама з кіраўніком канцылярыі новага прэмʼера Польшчы Дональда Туска Янам Грабецам. Ім прадстаўнікі аграрыяў мусілі перадаць патрабаванні, у выпадку адмовы ад якіх і пагражалі перакрыць «усю краіну».

Агляд
Еўрапейскія фермеры пратэстуюць амаль месяц. Чаго яны хочуць?
2024.02.22 09:59

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў