«Такога падзення я не прыгадаю». Нацбанк Беларусі раскрыў таемную статыстыку экспарту


Нацбанк на сваім сайце апублікаваў аналітычны агляд за студзень – лістапад 2022 года, у якім пазначана, што летась экспарт тавараў у фізічным вымярэнні абрынуўся амаль на 26%. Эканамістка Настасся Лузгіна сказала «Белсату», што ў найноўшай гісторыі краіны такога падзення ніколі не было.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Muitinės kriminalinė tarnyba / Facebook

Звесткі пра істотнае скарачэнне экспарту тавараў з’явіліся ў аналітычным аглядзе «Асноўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы Рэспублікі Беларусь». Выявілася, што экспарт тавараў у студзені – кастрычніку летась знізіўся год да года на 3% і склаў 30 млрд 300 млн долараў. Пры гэтым фізічны аб’ём паставак прадукцыі абрынуўся ажно на 25,9%. Становішча выратаваў сусветны рост цэнаў, у сярэднім беларускія тавары, што прадавалі летась за мяжою, падаражэлі на 30,1%.

Звычайна Белстат і Нацбанк раскрываюць экспарт толькі ў доларавым эквіваленце, хаваючы натуральныя індэксы, фізічны аб’ём і цэнавы ўплыў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі / Twitter

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» патлумачыла, што да такога падзення прывяло закрыццё рынкаў Украіны і краінаў Еўразвязу.

«Гэта вельмі вялікая лічба. У вартасным выражэнні экспарт не ўпаў моцна толькі дзякуючы коштам: цэны выраслі, сапраўды, яны раслі на ўсё і па ўсім свеце. Дзякуючы гэтаму Беларусь здолела пазбегнуць сур’ёзнага правалу ў абсалютных значэннях».

Эканамістка адзначыла, што пераарыентацыя экспарту, пра які ўлады гаварылі ўвесь год, часткова атрымалася, але цалкам адаптацыя не завершаная.

«Такога я не згадваю, каб за год у фізічным выражэнні экспарт настолькі памяншаўся. Такая лічба адклалася б у мяне ў галаве. За апошнія 10 гадоў такога дакладна не было».

Прагназаванне лёсу беларускага экспарту – варажба на кававай гушчы, кажа Лузгіна. У гэтым раўнанні шмат цьмянасці ды нявызначанасці: якімі будуць санкцыі, цэны і ці здолеюць цяперашнія ўлады знайсці новыя рынкі.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Фуры на польска-беларускай мяжы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Верагодна, мы ўбачым аднаўленчы рост у параўнанні з 2022-м у фізічным выражэнні, аднак тут паўстаюць пытанні сусветнай эканомікі. Міжнародныя арганізацыі прагназуюць запаволенне эканамічнага росту, а гэта азначае зніжэнне попыту на сусветным рынку і, адпаведна, коштаў. І дзякуючы коштам ужо не выедзеш, па меншай меры, такіх звышпрыбыткаў, хутчэй за ўсё, сёлета ўжо не будзе», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

Да таго ж разам з экспартам будзе аднаўляцца імпарт, таму сёлета такога вялікага станоўчага сальда, як летась, чакаць не варта.

«Была ўхваленая пастанова аб легалізацыі паралельнага імпарту, таму і сальда будзе не такім прыгожым, як летась. Імпарт скарачаўся хутчэй экспарту, таму сальда было вялікім. А сёлета нават у афіцыйных прагнозах адзначаецца, што такога вялікага сальда яны не чакаюць».

Паводле звестак Нацбанку, у студзені – лістападзе 2022 года замежнагандлёвы абарот тавараў і паслугаў знізіўся на 6,2%, у тым ліку імпарт на 6,7%, экспарт – на 3,8%. Сальда склалася станоўчае: 4,666 млрд долараў, рост год да года – амаль на 17%.

Каментар
У мінусе і экспарт, і імпарт. Што будзе далей з замежным гандлем Беларусі?
2023.01.12 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў