Звольненаму дырэктару «Мотавела» знайшлі новую пасаду


Былому кіраўніку «Мотавела» і экс-старшыні Менгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку знайшлі новую працу. Ён цяпер першы намеснік прадпрыемства «Менская спадчына».

Мікалай Ладуцька.
Фота: TUT.by

63-гадовы Мікалай Ладуцька працаваў генеральным дырэктарам «Мотавела» з 2015 года, пасля арышту ўладальнікаў і кіраўніцтва прадпрыемства. У перыяд яго кіраўніцтва мотавелазавод быў прызнаны банкрутам.

Скандал з Ладуцька пачаўся ў жніўні, калі завод «Мотавела» наведаў Лукашэнка. Дырэктар заводу паспрабаваў прэзентаваць яму беларускі матацыкл «уласнага дызайну», які насамрэч аказаўся французскім з кітайскай зборкай. Пасля гэтага Лукашэнка звольніў Ладуцьку і загадаў знайсці яму «пенсійную пасаду, але таксама хамут на шыю».

Мікалай Ладуцька (злева) паказвае Лукашэнку матацыкл.
Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Цяпер Ладуцьку нарэшце працаўладкавалі – ён стаў першым намеснікам дырэктара дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Менская спадчына». Арганізацыя займаецца рэканструкцыяй аб’ектаў камунальнай уласнасці, размешчаных у кварталах гістарычнай забудовы «Верхні горад», «Ракаўскае прадмесце» і «Траецкае прадмесце», а таксама «аднаўленнем гістарычнага цэнтру Менску».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў