Як я перастала марыць пра паездкі ў Беларусь і зрабілася калумністкаю

Дарагі дзённік… Ды не, цяпер жа ўсё па-іншаму: дарагая калонка. Калі прыляцела інфа, што на «Белсат» шукаюць чалавека калонкі пісаць, я без роздумаў адгукнулася. Ну нарэшце ж я буду Кэры Брэдшо – толькі беларускай, але ў гэтым жа і рызынка. Цяпер можна будзе вынікі года не ў Facebook падводзіць. Падзеяў у мяне ў жыцці дастаткова, рэакцыяў на іх эмацыйных – таксама, дый тэматыка бліжэй няма куды – грамадска-палітычная. Я як феміністка заяўляю: праблемаў з тэмамі быць не павінна. Калі дэдлайн – што падпісаць? Давайце, я гатовая!

Але тут услед прыпіску яшчэ такую дасылаюць, што, маўляў, нагадваем, мы экстрэмісцкае выданне, пасля публікацыі калонак на нашым сайце ўезд у Беларусь забаронены датуль, пакуль улада не зменіцца.

Але ж забаронены, ну дык што – пасля сваіх кўірных маршаў я не тое каб асабліва туды імкнулася. Здаецца, крыміналкі на мне няма, правяралі, але ці мала – цяпер моцна дакалупвацца не трэба, каб кагосьці на нары забраць (добра яшчэ, калі на нары, а не на бетонную падлогу). І тут раптам па-здрадніцку праскоквае думка: Віка, а ты ўпэўненая? Можа, не варта закрываць сабе дарогу ў Беларусь з гэтым калумнізмам? Бо можна ж было да сястры на вяселле з’ездзіць. Ці ў экспедыцыю ў дзядулевы вёскі каля Кобрына. А раптам на пахаванне аднойчы таксама давядзецца адлучыцца, цьфу-цьфу-цьфу. Пра манікюр добры і якасную касметычную чыстку ў Малінаўцы я наагул маўчу. Можа, пачакаць яшчэ з гадок, як-небудзь яно там усё ўсталюецца – ды прыехаць. Або праз Расею рвануць. Хай у іх там базы і аднолькавыя, але, можа, не будуць моцна помсціць чалавеку, які сябе ўжо нават актывісткаю не называе і 15 дзён за пратэсты даўно ўжо адсядзела…

Аўтавакзал «Заходні» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

І ў гэты самы момант, калі ў галаве горача адбываецца гэткі гандаль з сабой, у дыяспарным чаціку беларусаў і беларусак у Нямеччыне ўсплывае інфа, што затрымалі тузін чалавек з аўтобуса, які ехаў з Польшчы ў Беларусь. Звычайнага аўтобуса, не нейкага там спецыяльнага. Ніхто ўжо даўно не кажа пра цынічнасць затрыманняў, але ўсё ж, давайце скажам гэта ўслых: гэта да жаху цынічна! Хтосьці адважыўся прыехаць на Каляды да сям’і, прывезці ім прысмакаў, разам паглядзець выступ Ціханоўскай апоўначы, а тут іх проста з гэтымі ласункамі з аўтобуса – у турму.

Прачытала я гэтую навіну – і развіталася са сваймі фантазіямі бліжэйшым часам паесці пінскі снікерс у «Залатым коласе». Фантазіюй не фантазіюй, а рэчаіснасць такая, што могуць забраць за ўсё, што заўгодна, і тэрмінам даўніны там пакуль што не пахне. Вунь як людзей забіраюць з кнігі «Я выходжу». Нават тых, хто, магчыма, ужо і думаць забыўся аб пратэстах – мінула амаль тры гады. Можа быць, хадзіў сабе чалавек ціха-мірна на працу і даўно сябе пераканаў, што гэта было «сезоннае варʼяцтва», а далей трэба паводле старой схемы жыць: цішэй едзеш – далей будзеш, ну ці мая хата з краю.

Менск, 20 снежня 2022 года.
Фота: чытачы/ Белсат

Я не падзяляю рыторыкі пра тое, што людзі, якія вяртаюцца ў Беларусь, – дурні, і не заклікаю гучна, маўляў, не едзьце ніколі ў гэтую сумную краіну. Не дурні людзі, узважанае рашэнне прымаюць. Едуць, напрыклад, бо хочуць пахаваць маму – і разумеюць, што гэта толькі адзін раз у жыцці магчыма. Я, хутчэй, хачу нагадаць пра тое, што, нягледзячы на, здавалася б, халодны разлік улады «закрыць» усіх ворагаў дзяржавы, часцяком усе гэтыя пасадкі ўтрымліваюць у сабе элемент шанцавання. Настаў час квартальную справаздачу наконт палітычных закрываць ці не, дайшла ўжо да вас чарга ў спісе ці не дайшла, паленаваліся ўнесці вашых сваякоў у гэтыя спісы ці яны ўжо там усе да дзясятага калена ўнесеныя. Гэта экзістэнцыйная выпадковасць, гэта беларуская рулетка: можна, вядома, паспрабаваць яе «падмануць», але больш разумным, здаецца, будзе выдаткаваць нешматлікую энергію на іншыя рэчы, больш лагічныя і прадказальныя.

У сваёй адмове ад фантазіяў хуткага прыезду ў Беларусь я займаю актыўную пазіцыю. Не яны, ГУБАЗіК ды іншыя вычварэнцы, пастанаўляюць пасадзіць мяне ці не, калі я аднойчы наважуся калядныя штолены сваёй сям’і прывезці. Гэта я пастанаўляю пісаць калонкі на «Белсаце» і ствараць нябачныя сувязі з тымі, хто таксама, вядома, летуценнікі і фантазёры, але на справе, хутчэй, спраўляецца цяпер з больш надзённымі пытаннямі пра дакументы, кватэры, працы, грошы, страхоўкі, дэпрэсіі ды залежнасці. Нас такіх шмат, мы адно для аднаго нешта абавязкова прыдумаем. Нават калі гуманітарная віза скончылася. Нават калі пашпарт у амбасадзе адмаўляюцца памяняць ці ўвогуле здымуць з самалёту, як нядаўна здарылася з Вольгаю Карач.

А пра вынікі года я яшчэ абавязкова напішу. І, вядома, у кантэксце рэпрэсіяў і вайны, куды ад іх падзецца. Нават калі вельмі хочацца, не ўдаецца. А пакуль дапʼю вітамінку для парцімэйкераў і выпраўлюся нарэшце спаць, а то два дні запар вечарынюся ўжо, бо Каляды і бо вельмі жыць хочацца.

Віка Біран / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў