Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну завочна прысудзілі 12 гадоў калоніі


Менскі гарадскі суд абвясціў вырак спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну. Іх прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўлення волі за заклікі да санкцыяў супраць Беларусі. Справу разглядалі ў межах спецыяльнага вядзення.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі «Белсату». 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін на судзе не прысутнічалі, яны выехалі з Беларусь яшчэ ўвосень 2020 года. Спартоўцы сталіся першымі беларусамі, каго беларускі суд асудзіў завочна. Іх абвінавацілі ў закліках да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК), спецыяльнае вядзенне супраць іх распачало 29 верасня Галоўнае следчае ўпраўленне СК. Прызначылі па 12 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама суд арыштаваў маёмасць і грошы на рахунку Герасімені, у ліку якіх кватэра, гаражнае месца, побытавая і аўдыяапаратура. Усё гэта пойдзе ў лік пагашэння цывільнага пазову на суму больш за Br 700 тысячаў.

Герасіменя і Апейкін заснавалі Беларускі фонд спартовай салідарнасці, які дапамагае рэпрэсаваным спартоўцаў. Апейкін – выканаўчы дырэктар, Герасіменя раней была старшынёю. Дзякуючы дзейнасці арганізацыі з Беларусі былі перанесеныя ў іншыя краіны шмат якія спаборніцтвы, якія меліся б адбыцца на яе тэрыторыі, у тым ліку хакейны чэмпіянат свету – 2021.

Нагадаем: спецыяльнае вядзенне дазваляе весці крымінальную справу ў дачыненні абвінавачванага, які перабывае за межамі Беларусі і які ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Згодна з арт. 468-27 КПК, даведацца пра распачатае спецыяльнае вядзенне можна праз сайт Следчага камітэту. Таксама «абвінавачваны лічыцца належным чынам апавешчаным аб правядзенні ў дачыненні яго спецыяльнага вядзення, выкліку ў орган, што вядзе крымінальны працэс, а таксама аб прынятых у справе рашэннях з дня, наступнага за днём размяшчэння інфармацыі».

Закон аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачванымі, калі тыя застаюцца за межамі Беларусі, 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў