Упершыню за дзевятнаццаць гадоў менскі клуб заваяваў залатыя медалі, але не абышлося без адміністратыўнага рэсурсу.
Чэмпіёнам краіны восьмы раз менскае «Дынама» стала ў заснежаным Бабруйску 26 лістапада, мясцовая «Белшына» перабіваецца з хлеба на ваду, перад гульнёй у яе было 3 пункты, у суперніка – 63. Сталічнаму клубу для афармлення чэмпіёнскага звання хапала і нічыёй, але менскае «Дынама» атрымала буйную перамогу – 4:0.
У сярэдзіне першага тайму госці адкрылі лік у гульні. Забіў віцэ-капітан «Дынама» Аляксандр Сачыўка. Той самы, які ў 2020 годзе падтрымаў народ і выступіў супраць гвалту, тады ён сказаў: «Мы не народзец, мы вялікі народ, жыве Беларусь!» Але ў 2022 годзе абаронца рэзка пераабуўся: зняўся ў прапагандысцкім роліку і падпісаў кантракт з менскім «Дынама». Такіх футбалістаў у «Дынама» хапае – напрыклад, форвард другога голу – Іван Бахар, у 2020 годзе ён падтрымліваў народ, гуляў з белай бранзалеткай, а пазней падпісаўся за рэжым. Яшчэ два галы за бела-блакітных забілі Аляксей Гаўрыловіч і расеец Данііл Зорын.
Нагадаем, што апошні раз чэмпіёнам менскае «Дынама» было ў 2004 годзе, тады яго фінансаваў бізнесовец Юрый Чыж, які пазней страціў ласку рэжыму, апынуўся за кратамі, у яго адабралі бізнес і клуб на карысць дзяржавы.
3 верасня 2021 года Лукашэнка прыехаў на адкрыццё дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтру менскага «Дынама» і заявіў: «Паўжартам (хоць у кожным жарце ёсць толькі доля жарту) нашым спартоўцам, гульцам-дынамаўцам не раю мець справы са мной. Таму што, калі вы будзеце гуляць дрэнна, лічыце, што кожны дзень вы будзеце ў мяне на кантролі. Я ў вас буду вельмі часта бываць, і ўжо цяжка будзе і спартоўцам, і трэнерам, – папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. – Таму лепш гуляйце добра. У гэтым годзе трэцяе месца прымальна, ніжэй – нельга. А ў будучым годзе вы павінны быць чэмпіёнамі. Вы павінны страсянуць увесь футбол – вось на што я разлічваю», – заявіў Лукашэнка.
І трэба ж так здарыцца, што менскае «Дынама» заняло ў тым сезоне трэцяе месца. А ў наступным сезоне бела-блакітныя аказаліся толькі чацвёртымі. Кажуць, гэта вельмі моцна раззлавала Лукашэнку, і свайму міністру спорту Сяргею Кавальчуку Лукашэнка паставіў наступную задачу: у 2023 годзе «Дынама» – чэмпіён, любым коштам.
Да чэмпіёна Беларусі з 2020 да 2022 года салігорскага «Шахцёра» прыйшлі сілавікі, завялі крымінальныя справы, абвінавацілі клуб ва ўдзеле ў дамоўных гульнях і фінансавых махінацыях, забралі чэмпіёнскае званне за 2022 год і 35 пунктаў у 2023 годзе і 20 у наступным (тым не менш, клуб захаваў месца ў эліце), таксама пазбавілі месца ў еўракубкавых турнірах, а галоўныя гульцы пакінулі каманду.
Потым узяліся за БАТЭ. Кіраўніку клубу з Барысава Андрэю Капскаму не дапамагла лаяльнасць да ўладаў і ўдзел у таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі. Аслабілі гарадзенскі «Нёман», забаранілі рэгістраваць не лаяльных рэжыму гульцоў. Фактычна знішчалі ўнікальны праект – менскі «Энергетык-БДУ». Усё – дарога да чэмпіёнства была расчышчаная. Менскае «Дынама» атрымала найлепшыя ўмовы, фінансаванне і гульцоў, і дасягнула таго, чаго хацеў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.
Журналіст, які доўгія гады асвятляў футбольнае жыццё краіны, а цяпер праз пераслед не называе свайго імя, упэўнены, што менскае «Дынама» стала чэмпіёнам не выпадкова.
– Чэмпіёнства менскага «Дынама» абсалютна не здзіўляе. Што сезон гэтым скончыцца, было зразумела яшчэ ўвесну, калі былі крытычна аслабленыя прамыя канкурэнты гэтага клубу, найперш «Шахцёр» і БАТЭ. Можна шмат казаць пра тое, што ў Салігорску сапраўды мухлявалі, але дзіўныя рэчы там адбываліся шмат гадоў – і нічога. Пакаранне ж прыйшло тады, калі гэта было вельмі выгадна «Дынама». Супадзенне? Не ведаю. БАТЭ быў падкошаны вядомым чорным спісам, у які трапілі некалькі важных для каманды гульцоў. Плюс Барысаву ў Мінспорту доўга не падпісвалі так званы план развіцця, а гэта абмяжоўвала фінансаванне. Гэта адміністратыўны рэсурс у чыстым выглядзе, і тут нават няма пра што спрачацца. Таму так: «Дынама» заканамерна стала чэмпіёнам, у ліку фактараў, якія гэтаму паспрыялі, – самы вялікі бюджэт, самы моцны склад і відавочны для ўсіх, хто не сляпы, адміністратыўны рэсурс. Чакаем віншаванняў на адрас клубу з боку галоўнага заўзятара. І чакаем далейшай дэградацыі чэмпіянату, да якой вядуць такія вось гісторыі, – кажа ў размове з «Белсатам» журналіст.
Яшчэ адзін наш суразмоўца, былы гулец футбольнага чэмпіянату Беларусі, Яўген Вяроўка таксама не сумняецца, што ўмовы для ўсіх у чэмпіянаце краіны не былі роўныя.
– Памятаем, як Лукашэнка намякнуў, што «Дынама» мусіць быць чэмпіёнам, і гэта сталі выконваць. Ёсць некалькі фактараў, чаму менскае «Дынама» зрабілася чэмпіёнам: гэта адмінрэсурс – гэта ўплыў на судзейскія рашэнні і прызначэнне суддзяў, а таксама прыбралі канкурэнтаў. «Шахцёр» выкраслілі з чэмпіёнскай гонкі мінімум на два сезоны, а ў БАТЭ проста няма рэсурсаў. Зразумела, што ў такой сітуацыі ў менскага «Дынама» няма канкурэнтаў. Магчыма яны будуць першыя яшчэ тры-чатыры гады, але на міжнароднай арэне нічога не дасягнуць, – кажа Яўген Вяроўка.
Футбаліст адзначае, што далей будзе толькі горш.
– Агульны ўзровень чэмпіянату прыкметна ўпаў. Узровень гульцоў ніжэйшы, чым яшчэ пяць-дзесяць гадоў таму, падсілкоўвання з дзіцяча-юнацкага футболу якаснай няма, дзецьмі мала хто займаецца, таму вынікаў як ад клубаў, так і зборнай чакаць не выпадае, – кажа ў размове з «Белсатам» Яўген Вяроўка.
Нагадаем, што цяпер у менскага «Дынама» восем чэмпіёнскіх тытулаў, а ў БАТЭ іх пятнаццаць. Срэбныя медалі па выніках сезону 2023 года дастаюцца «Нёману» з Горадні, а за бронзу ў апошнім туры чэмпіянату 2 снежня паспрачаюцца «Іслач» з Менскага раёну і жодзінскае «Тарпеда-БеЛАЗ».
Алесь Ляўчук belsat.eu