Belsat.eu сабраў самыя абсурдныя і шакуючыя ініцыятывы па пераследу іншадумцаў, агучаныя прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі цягам 2020-2021 гадоў. На шчасце, большасць з іх пакуль не зрэалізаваныя.
У канцы кастрычніка 2020 года тагачасны кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпенкаў (цяпер – намеснік міністра ўнутраных справаў), выступаючы перад супрацоўнікамі, падзяліўся атрыманымі зверху ўстаноўкамі:
«Сказана распрацаваць, зрабіць лагер. Ну не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных такі, для адсялення. І паставіць калючы дрот па перыметры. Два памяшкання зрабіць: топка – паверх, кармілі – паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».
У лістападзе 2020-га пратэсты ў Беларусі пайшлі на спад і паўнавартасны канцлагер для дысідэнтаў так і не спатрэбіўся. Але сёлета ў медыях зʼяўляліся непацверджаныя звесткі, што да гэтай ідэі ўлады яшчэ могуць вярнуцца ў выпадку аднаўлення пратэстаў.
У кастрычніку 2020 года, у разгар масавых пратэстаў, Лукашэнка прапанаваў ствараць для барацьбы з пратэстоўцамі «лятучыя атрады былых вайскоўцаў», якім будзе выдадзеная баявая зброя.
4 лістапада гэтыя планы пацвердзіў Мікалай Карпянкоў: «Ёсць каманда: сярод сфармаваных дружын правесці патрэбныя праверкі і пры неабходнасці выдаць нашым найбольш падрыхтаваным памочнікам смяротным і несмяротнай зброі».
Аднак пасля смерці Рамана Бандарэнкі ў публічнай прасторы пытанне аб узбраенні «народных дружынаў» больш не ўздымалася.
29 студзеня 2021 года было абвешчана, што Генпракуратура збіраецца прызнаць экстрэмісцкім бел-чырвона-белы сцяг. Нібыта гэтая ідэя паўстала праз калектыўны зварот, пад якім падпісаліся «больш за сотню грамадзянаў».
Ініцыятыва ўладаў сустрэла адпор у беларусаў: адразу была створаная петыцыя супраць прызнання бчб-сцяга экстрэмісцкім, якую ўсяго за некалькі дзён падпісалі больш за 100 тыс. чалавек. Нават прадстаўнікі рэжыму заклікалі падыходзіць да гэтага пытання асцярожна.
Між тым, у МУС ад гэтай ідэі не адмовіліся. У траўні намеснік начальніка ГУБАЗіКу Міхаіл Бедункевіч паведаміў, што ягонае ведамства будзе выступаць з ініцыятываю ўключэння бчб-сцяга ў спіс нацысцкай сімволікі. У ліпені генпракурор Андрэй Швед заявіў, што збіраецца перадаць у Вярхоўны суд матэрыялы для прызнання бчб-сцяга экстрэмісцкім.
Аднак пакуль бчб-сцяг ні экстрэмісцкім, ні нацысцкім улады не прызналі. Што, праўда, не перашкаджае сілавікам пераследаваць беларусаў за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі або проста за неасцярожнае спалучэнне белага і чырвонага.
1 кастрычніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генерал-маёр Алег Белаконеў заявіў, што ў адказ на смерць афіцэра КДБ Дзмітрыя Федасюка трэба забіць 20 ці нават 100 асобаў.
«Я лічу, мы занадта мякка абыходзімся з імі і да іх падобнымі. Чамусьці яны дзеюць па-за межамі закону, а мы стараемся ўсё рабіць паводле закону. Паводле закону з імі размаўляць, паводле закону іх пераконваць, паводле закону іх угаворваць. А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго – 20, 100… Каб не было панадна нікому. Можа быць, груба, але шчыра».
Па якім прынцыпе трэба выбіраць людзей для масавага знішчэння, Белаконеў не ўдакладніў. Але ён такім чынам амаль даслоўна працытаваў сумна вядомы загад нацысцкага ваеннага злачынца, фельдмаршала Вільгэльма Кайтэля ад 16 верасня 1941 г. пра дзеянні ў адказ на партызанскія дыверсіі: «Выкупленнем за жыццё аднаго нямецкага жаўнера ў такіх выпадках, як правіла, павінна лічыцца смяротнае пакаранне для 50–100 камуністаў». На практыцы нацысты часта забівалі не камуністаў, а абсалютна выпадковых людзей (перш за ўсё габрэяў) з цывільнага насельніцтва.
Прадстаўнікі ўладаў даўно агучвалі прапановы ўвесці крымінальнае пакаранне за заклікі да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Восенню 2021 года ініцыятыва атрымала заканадаўчае афармленне: у Крымінальны кодэкс былі ўнесеныя папраўкі, паводле якіх такія заявы будуць карацца зняволеннем на тэрмін да 12 гадоў (арт. 361 «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
Аднак нават гэтага некаторым паказалася мала. Генерал-маёр Белаконеў заявіў, што арт. 361 КК не варта абмяжоўвацца, а трэба таксама праводзіць агульную канфіскацыю маёмасці і пазбаўляць грамадзянства.
У кастрычніку 2021 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што настаўнікаў і выкладчыкаў, якія адхіляюцца ад зацверджанай уладамі версіі падзеяў Другой сусветнай вайны, варта прызнаваць экстрэмістамі і пазбаўляць іх права на прафесію:
«Калі прафесар альбо любы іншы выкладчык гісторыі ў ВНУ або сярэдняй спецыяльнай установе дазваляе сабе шпігаваць на ўроку або на лекцыі хлуслівым сурагатным матэрыялам студэнтаў або вучняў, ён павінен атрымліваць забарона на прафесію і ўносіцца ў спіс людзей, схільных да экстрэмісцкіх дзеянняў. І гэта мусіць быць рэгламентавана на ўзроўні заканадаўчага акту».
Дагэтуль не зразумела, ці сапраўды ўлады маюць намер такім чынам рэпрэсаваць настаўнікаў або гэта асабістыя разважанні дэпутата.
ГУБАЗіК ужо некалькі разоў агучваў прапанову пазбаўляць іншадумцаў грамадзянства Беларусі. У кастрычніку гаворка ішла пра пазбаўленне грамадзянства тых беларусаў, якія з’ехалі з краіны. А ў лістападзе начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын заявіў, што цяпер прапрацоўваецца заканадаўчая ініцыятыва аб пазбаўленні грамадзянства асобаў, прызнаных вінаватымі ў «здзяйсненні асобных катэгорый злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці або прычыненні цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Таксама за злачынства «экстрэмісцкай накіраванасці» Паршын хоча караць агульнай канфіскацыяй маёмасці.
Вядома, што слова «экстрэмізм» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў ды іншадумства. Таму тэарэтычна рэпрэсіўны механізм, прапанаваны ГУБАЗіКам, можа пагражаць дзясяткам тысяч беларусаў.
Невядома, на якой стадыі знаходзіцца гэтая заканадаўчая ініцыятыва. Але юрысты падкрэсліваюць: артыкул 10 Канстытуцыі прадугледжвае, што грамадзянін Беларусі не можа быць пазбаўлены грамадзянства. Таму каб рэалізаваць прапанову ГУБАЗіКу, трэба спачатку памяняць Канстытуцыю.
Паралельна ў МУС абяцаюць стварыць спіс фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. У кастрычніку 2021 года прадстаўнік ГУБАЗіКу Вячаслаў Арлоўскі заявіў, што гэты спіс неўзабаве зʼявіцца на сайце міністэрства.
Паводле яго, звесткі з «экстрэмісцкай базы» будуць захоўвацца цягам пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці: «На працягу гэтага часу ім будзе забаронена займаць пэўныя пасады (дзяржаўныя, вайсковая служба), займацца педагагічнай, выдавецкай і дзейнасцю, звязанай з легальным абаротам зброі, выбуховых рэчываў».
За іншадумцамі ўсталююць асаблівы фінансавы кантроль прадстаўнікі КДК. Акрамя таго, яны рызыкуюць зазнаць дэпартацыю, забарону на ўезд або зноў жа пазбавіцца грамадзянства.
Начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын 23 лістапада заявіў, што патрэбная безумоўная адміністратыўная адказнасць за падпіску на інтэрнэт-рэсурсы, чые матэрыялы прызнаны «экстрэмісцкімі». А такіх рэсурсаў, паводле сілавікоў, у Беларусі каля 330.
Абсурд і цынізм сітуацыі заключаецца ў тым, што адсутнасць адпаведнага закона ніяк ГУБАЗіК не стрымлівае. Telegram-канал ведамства неаднаразова публікаваў пакаянныя відэа затрыманых, якія выбачаюцца за тое, што падпісаныя на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Прычым у паведамленнях ГУБАЗіКу падкрэслівалася, што людзі нібыта менавіта за падпіску і былі затрыманыя. Хаця цяпер Паршын адкрыта прызнае, што гэта нават не адміністратыўнае правапарушэнне.
Раней ГУБАЗіК абяцаў распачынаць супраць падпісчыкаў «экстрэмісцкіх» рэсурсаў крымінальныя справы, спасылаючыся пры гэтым на пастанову Савету Міністраў № 575, прынятую 12 кастрычніка. Праўда, гэтыя пагрозы не мелі нічога агульнага з законам: у пастанове ўраду пытанне пераследу за падпіску на telegram-каналы не закраналася.
17 кастрычніка 2020 года начальнік аддзелу ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі заявіў, што МУС неўзабаве плануе прызнаць шэраг інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэтая пагроза была зрэалізаваная вельмі хутка. На цяперашні момант у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» уключаны 17 рэсурсаў – у тым ліку «Белсат», інфармацыйнае агенцтва БелаПАН і telegram-канал NEXTA.
Улады пагражаюць, што арганізатараў і ўдзельнікаў «экстрэмісцкіх фармаванняў» будуць пераследаваць паводле артыкулу 361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім»). Але пакуль незразумела, каго ў выніку будуць лічыць удзельнікамі. У ГУБАЗіКу заяўлялі, што фармальна любы падпісчык можа стаць фігурантам крымінальнага пераследу, але ўлічваючы, што аўдыторыя забароненых рэсурсаў складае сотні і сотні тысяч чалавек, то абяцанне «дайсці да кожнага» выглядае нерэалістычна.
РР belsat.eu