Сенат Польшчы прызнаў расейскія ўлады тэрарыстычным рэжымам


Польскі Сенат (верхняя палата парламенту) адзінагалосна прыняў пастанову аб прызнанні ўладаў Расейскай Федэрацыі тэрарыстычным рэжымам. Рэзалюцыя таксама заклікае падтрымаць Міжнародны крымінальны суд у расследаванні адносна вінаватых за злачынствы вайны ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін на мітынгу-канцэрце з нагоды анексіі чатырох вобласцяў Украіны. Масква, Расея. 30 верасня 2022 года.
Фота: Kremlin.ru

У пастанове, за якую прагаласавалі ўсе прысутныя сенатары, гаворыцца, што 24 лютага Расея развязала вайну супраць Украіны, каб «сцерці з мапы суверэнную краіну і знішчыць украінскую нацыю», але «гераічная абарона грамадзянамі Украіны сваёй незалежнасці выклікала захапленне ўсяго вольнага свету».

«Украіна сёння ёсць найважнейшым месцам, дзе бароняць дэмакратыю і свабоду», – пішуць у рэзалюцыі.

Дакумент згадвае, што расейскія захопнікі тэрарызуюць украінскія гарады, бамбяць дзіцячыя садкі, школы, тэатры і жылыя масівы, а расейскія байцы катуюць і забіваюць ваеннапалонных і мірных жыхароў, выкрадаюць украінскіх дзяцей, дэпартуюць грамадзянаў Украіны на расейскую тэрыторыю. Практыкі рэжыму Уладзіміра Пуціна параўноўваюць з практыкамі сталінскага і гітлераўскага рэжымаў.

Сенат Польшчы асуджае расейскую агрэсію і заклікае ўсе іншыя краіны, якія выступаюць за мір, дэмакратыю і правы чалавека, прызнаць урад Расейскай Федэрацыі тэрарыстычным. Таксама Сенат дзякуе ўсім, хто расследуе і дакументуе злачынствы супраць украінскага грамадства, і палякам, якія дапамагаюць украінцам.

«Расею трэба перамагчы і пазбавіць магчымасці пагражаць суседзям», – робяць выснову ў рэзалюцыі.

Польшча – пятая краіна, якая прызнала расейскі рэжым тэрарыстычным: Украіна зрабіла гэта 1 красавіка, Літва – 10 траўня, Латвія – 2 жніўня, Эстонія – 18 кастрычніка. Акрамя таго, 13 кастрычніка Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прызнала расейскія ўлады тэрарыстычным рэжымам.

Hавiны
У Вярхоўную Раду падалі пастанову, паводле якой беларускія тэрыторыі абвяшчаюцца акупаванымі Расеяй
2022.10.22 16:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў