«Ён перамог, і ў гэтым ні ў каго не было сумневаў». Аляксандра Матвійчук пра Алеся Бяляцкага


У Чэхіі прайшла сустрэча з украінскай праваабаронцай, лаўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года Аляксандрай Матвійчук. Зладзіў сустрэчу чэшскі пісьменнік Яхім Топал. Спадарыні Аляксандры задалі пытанне пра Алеся Бяляцкага.

Аляксандра Матвійчук.
Фота: Ondřej Němec, Knihovna Václava Havla

Крысціна Шыянок, дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, папрасіла Аляксандру Матвійчук падзяліцца, што б яна сказала Алесю Бяляцкаму, якому таксама летась далі Нобэлеўскую прэмію міру, калі б у яе была такая магчымасць.

Спадарыня Аляксандра прыгадала, як прысутнічала на судовым паседжанні ў Менску, калі Бяляцкаму вынеслі першы вырак, і як тады трымалася жонка праваабаронцы Наталля Пінчук.

«Яго тады паводле сфабрыкаванай крымінальнай справы кінулі за краты на некалькі гадоў, якія ён адседзеў. Я вельмі добра памятаю – я глядзела на ягоную жонку. Яна ўсміхалася мужу, – сказала нобэлеўскай лаўрэатка. – Яна ўсміхалася нават пасля таго, як быў агучаны гэты ганебны вырак. Мы ў залі крычалі «ганьба». А яна дазволіла сабе эмоцыі і я ўбачыла слёзы на ейных вачах толькі тады, калі ейнага мужа забралі».

Адносна звароту да Бяляцкага, Аляксандра Матвійчук сказала, што цяжка знайсці словы для чалавека за кратамі.

«Гэтым разам я ўжо не магла прыехаць у Менск у якасці падтрымання са зразумелых прычынаў. І ўсе словы выглядаюць занадта недарэчнымі ці пафаснымі, – зазначыла ўкраінская праваабаронца. – Напэўна, я б сказала, як цудоўна ягоная жонка трымаецца і як яна цяпер працягвае за яго змагацца. А вось калі Алесь Бяляцкі выйдзе і будзе вызвалены, то я скажу, што ён перамог і ў гэтым ні ў каго не было сумневаў».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў