Расейскія войскі ў Беларусі не пагражаюць Украіне, але пагражаюць незалежнасці Беларусі


У Беларусі працягваюцца вайсковыя вучэнні. Улады краіны заяўляюць, што гэта планавыя мерапрыемствы, мэта якіх – баявое згуртаванне «рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі». Вучэнні працягнуцца на палігонах нашай краіны да 1 лютага. Разбіраемся, як уплывае расейская вайсковая прысутнасць на штодзённае жыццё ў Беларусі.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

Беларуска-расейскія вучэнні на палігонах нашай краіны працягнуцца да 1 лютага. Але і агучаныя тэрміны не азначаюць, што вучэнні так званай рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі завершацца, бо ўлады могуць працягнуць вайсковыя манеўры адпаведным загадам.

Міністэрства абароны Беларусі сцвярджае, што супольныя вучэнні ёсць планавымі і іх мэта – баявое згуртаванне беларускіх і расейскіх вайскоўцаў. У межах гэтага згуртавання манеўры адбываюцца на танкавых і авіяцыйных палігонах. А прысутнасць расейскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі зрабілася звычайнай зʼявай для нашай краіны.

Міжнародная супольнасць, у тым ліку ўкраінская выведка, лічыць, што гэтыя вучэнні не ёсць пагрозай для ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Рэпартаж
Расейскія вайскоўцы з’явіліся ледзь не ва ўсіх гарадах Беларусі
2023.01.13 13:59

На думку палітолага і каардынатара міжнароднай дапамогі Офісу Святланы Ціханоўскай Андрэя Ягорава, беларускі рэжым фактычна сам запрасіў расейскія войскі ў Беларусь.

«Першы момант заключаецца ў тым, што Беларусь такім чынам бярэ ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны практычна ўсімі сродкамі, за выключэннем непасрэднага ўвядзення войскаў на тэрыторыю Украіны. А ўсё астатняе: забеспячэнне інфраструктуры, падрыхтоўчыя цэнтры, дапамога медычная, размяшчэнне вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі, забеспячэнне і гэтак далей – усё гэта прысутнічае. Таму ўсе гэтыя мерапрыемствы фактычна суправаджаюцца сітуацыяй саўдзелу, дзе вайсковым структурам трэба адпрацоўваць элементы згуртаванасці, каардынацыі, супольнага кіравання дзеянняў розных частак», – кажа палітолаг.

Крыніца: uniannet/Telegram

Другі момант, працягвае суразмоўца «Белсату», заключаецца ў стратэгіі беларускага рэжыму, які максімальна рабіць усё, чаго патрабуе і што хоча бачыць Расея, каб захоўваць розныя прэферэнцыі. Але пры гэтым рэжым намагаецца ўхіліцца ад незваротных дзеянняў, якія б змянілі статус-кво, ад такога прамежкавага ўдзелу ў вайне.

«То бок Беларусь выконвае такое тылавое забеспячэнне, але сваймі войскамі не ўдзельнічае ў вайне. Для беларускага рэжыму вельмі важна ўтрымацца ў гэтым балансе, паколькі гэта жыццёва важнае для выжывання. Таму яны імкнуцца імітаваць, рабіць важныя захады, звязаныя з вайной, кшталту мабілізацыі, садзейнічання Расеі, падрыхтоўкі войскаў, расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. І гэтыя вайсковыя манеўры – мерапрыемствы, якія маюць такі паказны характар, каб прадэманстраваць Расеі, што, маўляў, мы з вамі, падтрымліваем. Але пры гэтым нічога не робіцца дзеля рэальнага вайсковага ўварвання», – кажа Андрэй Ягораў.

Hавiны
Расейскія войскі распачалі ў Беларусі батальённыя тактычныя вучэнні
2022.12.19 10:21

Мілітарызацыя штодзённасці

Улады Беларусі пасля правядзення мабілізацыйных мерапрыемстваў, падчас якіх масава выклікалі мужчынаў у ваенкаматы нібыта дзеля збору звестак, загаварылі пра тое, што неабходна змяніць патрабаванні да здароўя навабранцаў. Афіцыйна гэта нібыта робяць у адказ на звароты грамадзянаў.

«Паступае вялікая колькасць зваротаў грамадзянаў, якія лічаць, што патрабаванні да стану здароўя значна завышаныя і не дазваляюць маладым людзям рэалізоўваць мару зрабіцца вайскоўцамі», – заявіла намесніца начальніка медычнай часткі Галоўнага вайсковага клінічнага медычнага цэнтру Узброеных сілаў Святлана Кашура.

Але насамрэч гэтыя патрабаванні хочуць наблізіць да тых, што існуюць у Расеі. Ды і ахвочых ісці ў армію на фоне агрэсіі Расеі і яе вайсковай прысутнасці робіцца ў Беларусі ўсё меней. Улады заклапочаныя гэтым і жадаюць павялічыць колькасць вайскоўцаў тэрміновай службы.

Адметна, што, паводле ўказу Лукашэнкі аб звальненні ў запас і наборы на тэрміновую вайсковую службу, набіраць будуць нават студэнтаў сельскагаспадарчых ВНУ, якія маюць адтэрмінаванне, але добраахвотна жадаюць пайсці ў войска. Палітолагі выказваюць меркаванне, што такім чынам улады жадаюць набраць лаяльных вайскоўцаў, бо мяркуюць, што студэнты з малых населеных пунктаў больш прыхільныя да іх, чым студэнты са сталічных ВНУ.

Расейскіх вайскоўцаў у Беларусі паменшала

Украінская выведка паведамляе, што цяпер у Беларусі каля 5800 расейскіх вайскоўцаў. Значная частка мабілізаваных з Расеі пакінула нашую краіну, іх накіравалі на акупаваныя тэрыторыі Украіны.

Тым не менш у гарадах Беларусі застаецца даволі шмат расейскіх салдатаў, якіх можна сустрэць у крамах і на вуліцах гарадоў. Здараюцца і трагедыі з удзелам вайсковай тэхнікі на дарогах краіны.

Такая вайсковая прысутнасць расейцаў нясе рызыкі і для дзейных уладаў, кажа Андрэй Ягораў.

«Прысутнасць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі мае не толькі вайсковыя мэты, але таксама і палітычнае значэнне. Гэта пагроза для беларускай незалежнасці, у тым ліку для беларускага палітычнага рэжыму. І ў выніку гэта можа скончыцца акупацыяй краіны. І такая пагроза з пачатку вайны працягваецца, і назіраем паўзучую анексію краіны. Прысутнасць вайскоўцаў – гэта дадатковы фактар, якія паглыбляе залежнасць», – кажа палітолаг.

Эксперт звяртае ўвагу, што цяпер, падчас вайны, складана сказаць, што Беларусь мае паўнату суверэнітэту. Становішча краіны насамрэч вельмі нагадвае становішча сатэлітаў фашысцкай Нямеччыны падчас Другой сусветнай вайны, кшталту рэжыму Вішы ў Францыі, або дзяржавы пад пратэктаратам Расейскай Федэрацыі, параўноўвае Андрэй Ягораў. Наступным крокам будзе ліквідацыя фармальнай незалежнасці. І гэта рэальны выклік. Бо па выніках вайны, нават калі Расея зазнае паразу, мы можам страціць незалежнасць.

ВІДЭА
Расейскія войскі ў Беларусі заварушыліся. Што яны ў нас робяць?
2023.01.19 17:50

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў