Для Мішы Грынкевіча, які пасля ДТЗ быў у рэанімацыі ў Беластоку, сабралі 300 тысяч еўраў


6-гадовы беларус Міхаіл Грынкевіч быў збіты машынай на пешаходным пераходзе ў Беластоку і трапіў у рэанімацыю. Ён некалькі дзён заставаўся ў штучнай коме. Неабыякавыя людзі за пяць дзён сабралі на ягонае лячэнне 300 тысяч еўраў. Пра гэта на сваёй старонцы ў Instagram паведаміла маці хлопчыка.

Маці Мішы Грынкевіча ўвечары 25 студзеня апублікавала справаздачу ахвяраванняў, з падзякамі тым, хто ахвяраваў грошы. Усяго на лячэнне хлопчыка сабралі 300 053 еўраў. Мама Міхаіла паведаміла, што нявыкарыстаныя сродкі будуць пераведзеныя іншым дзецям, якія маюць у гэтым патрэбу, або дабрачынным фондам.

Збор сродкаў быў пачаты 21 студзеня. У лякарні, дзе колькі дзён хлопчык знаходзіўся ў коме, паведамлялі, што за ягонае лячэнне заплацяць з фонду здароўя Польшчы (NFZ), бо хлопец мае Карту паляка. Вядома, што стан Міхаіла палепшыўся, але лекары па-ранейшаму ацэньваюць яго як цяжкі.

У Беластоку 17 студзеня «Таёта» збіла 6-гадовага Мішу з Горадні. Сям’я была ў Польшчы ў кароткай паездцы і збіралася вяртацца ў Беларусь. Пэўны час хлопчык знаходзіўся ў штучнай коме. Ніякай новай інфармацыі ад паліцыі ці следчых органаў Беластоку з нагоды наезду пакуль няма. Раней паведамлялася, што беластоцкая паліцыя высвятляе акалічнасці здарэння на пешаходным пераходзе. Вядома, што за стырном аўтамабіля, які збіў маленькага беларуса, знаходзілася 22-гадовая жанчына. Хлопчык пераходзіў дарогу разам са сваёй мамай. У выніку ДТП у хлопчыка быў раздроблены чэрап і пашкоджаныя органы.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў