«Запхнуць спартоўку ў багаж»? Чаго Беларусі чакаць ад Алімпіяды ў Пекіне, і колькі будзе медалёў


Ужо на наступным тыдні ў Кітаі стартуюць Алімпійскія гульні. Але чакаць вялікай колькасці медалёў Беларусі не выпадае. Мы распыталі спецыялістаў пра тое, якія перспектывы ў нашай краіны на зімовай Алімпіядзе і чым увогуле жыве беларуская каманда.

Хто едзе і колькі прывязе

На зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекін ад Беларусі паедуць 29 атлетаў у шасці відах спорту. Найбольш – біятланістаў: Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Ірына Лешчанка, Аліна Пільчук, Алена Кручынкіна, Антон Смольскі, Максім Варабей, Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі і Раман Ялетнаў.

У гарналыжным спорце Беларусь рэпрэзентуе Марыя Шканава, у канькабежным – Ігнат Галавацюк, Марына Зуева, Кацярына Слоева, Ганна Ніфантава і Яўгенія Вараб’ёва. За ўзнагароды ў лыжных гонках паспаборнічаюць Настасся Кірылава, Ганна Каралёва, Аляксандр Воранаў, Ягор Шпунтаў, у фігурным катанні – Вікторыя Сафонава і Канстанцін Мілюкоў, у фрыстайле – Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга, Настасся Андрыянава, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Павел Дзік і Макар Мітрафанаў.

Інтэрв’ю
Максім Беразінскі: Я б не рабіў стаўкі на тое, што Беларусь на Алімпіядзе будзе выступаць пад чырвона-зялёным сцягам
2021.12.28 16:44

Але вялікай колькасці медалёў ад беларускіх спартоўцаў не чакаюць.

«Будзе два – максімум тры медалі», – мяркуе выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Агулам жа, паводле яго, настрой у спартоўцаў такі ж, як і ва ўсіх грамадзянаў Беларусі:

«Гэта адчуванне адсутнасці падтрымання. Адчуванне таго, што ў краіне адбываецца нешта не тое. Адсутнасць упэўненасці і разуменне, што з кожным годам сітуацыя ў Беларусі будзе ўсё горшая і горшая».

Прыкладна такі ж медальны прагноз і ў Алега Гаруновіча, галоўнага рэдактара парталу Tribuna.com. Напрыклад, пара медалёў можа быць у біятлоне – у жаночай зборнай і ў адной з камандных гонак.

«У фрыстайле ўсё вельмі складана. Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова паціху вярнулася ў Кубку свету да месцаў, набліжаных да медальных. Але як яна пакажа сябе непасрэдна на Гульнях – вялікае пытанне з улікам непрадказальнасці фрыстайлу. Іншая рэч, што раней ад Беларусі ў фрыстайле на Алімпіяду ехалі некалькі спартоўцаў, здольных стрэліць, і гэта дазваляла размеркаваць імавернасць правалу. Не атрымалася ў аднаго – атрымаецца ў іншага. Часам мы мелі чатырох прэтэндэнтаў на медаль. Але гэтым разам, здаецца, можа стрэліць толькі Гуськова. І калі не яна, тады не зразумела хто. Бо ў мужчынскай камандзе ў апошнія пару сезонаў мы не назіраем асобаў, здольных замахнуцца на пʼедэстал топ-турніраў», – адзначыў Алег Гаруновіч.

Дар’я Домрачава на зімовай Алімпіядзе ў Сочы, 2014 год.
Фота: Sharifulin Valery / TASS / Forum

Найлепшы вынік – шэсць медалёў – Беларусь паказала ў 2014 годзе. У 2010 і 2018 гадах было па тры медалі, у 1994 і 1998 – па два, а ў 2002 і 2006 – увогуле толькі па адным.

«Адна-дзве ўзнагароды – гэта шмат ці мала? Гэта звычайна, калі прыбраць за дужкі гераічную Дар’ю Домрачаву. Менавіта яна ўзламала статыстыку, павысіла чаканні. А без Домрачавай мы проста вернемся да таго, што было, – да тыповых вынікаў для беларусаў на белых Гульнях. Так, Беларусь не самая зімовая краіна ў свеце», – падкрэсліў Алег Гаруновіч.

Чаму так?

Прычыны сённяшняй сітуацыі ў фрыстайле галоўны рэдактар Tribuna.com бачыць сярод іншага ў тым, што «з палітычных прычынаў з арганізму каманды па фрыстайле вынялі важны орган – ці то сэрца, ці то розум»: трэнера Мікалая Казеку, які «прайшоў не адну Алімпіяду, меў больш-менш адпрацаваную тэхналогію рыхтавання алімпіёнікаў-медалістаў».

«Відавочна, што ягоная прысутнасць дадавала спартоўцам веры ў тое, што ўсё магчыма і ўсё атрымаецца. І мы заўжды былі ўпэўненыя, што Казека абавязкова штосьці прыдумае, нават калі сезон складваецца не найлепшым чынам», – адзначыў Алег Гаруновіч.

Цяпер жа адказным за рыхтаванне фрыстайлістаў прызначылі Дзмітрыя Дашчынскага, якому «рэкамендавана нават не камунікаваць з Казекам».

Фрыстайліст Макар Мітрафанаў.
Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

«Казеку не далі ажыццявіць мяккага транзіту ўлады. Ад досведу трэнера адмовіліся міністэрскія невукі, і мы не ведаем, што з гэтага атрымаецца. Магчыма, правал на некалькі пакаленняў наперад. А магчыма, Дашчынскі або хтосьці акажацца геніяльным трэнерам і ў патрэбны момант ярка прадэманструе ўласныя здольнасці. Але пакуль што, калі разважаць па-аматарску, цяжка паверыць, што досвед топ-спецыялістаў можна выкінуць на сметніцу без наступстваў», – падкрэсліў галоўны рэдактар Tribuna.com.

Артыкулы
Прызёр Алімпіяды-2008 Краўчанка пра сітуацыю ў Беларусі: Цішыня – гэта малы кнот, які разгарыцца раптоўна
2022.01.19 20:45

У біятлоне, «хоць там і падпісваюцца ледзьве не поўным складам за Лукашэнку, але трэба адзначыць, што каманда апошнія пару сезонаў працуе эфектыўна».

«Пасля сыходу Домрачавай і Скардзіны ў жаночай зборнай быў правал. Цяпер ён застаўся ў мінулым. Спачатку крыху перачакалі на Крыўко, пасля раскрылася Алімбекава, далей вярнулі ў біятлон Солу. Устрымаліся ад таго, каб прыбраць Солу са складу за тое, што не падпісалася за Лукашэнку. Адметна, што на галоўных ролях менавіта беларускія спартоўкі, а не натуралізаваныя. Ужо побач з імі зусім маладая Пільчук. Сітуацыю цяжка назваць дрэннай», – мяркуе Алег Гаруновіч.

Але і ў мужчынскім біятлоне, на ягоную думку, «можна чагосьці спадзявацца»:

«У Беларусі не было хаця б аднаго спартоўца, здольнага больш-менш стабільна дэманстраваць прыстойны ўзровень. Цяпер такі біятланіст ёсць – Смольскі. У змешанай эстафеце здольны дапамагчы Лазоўскі».

І хоць «у мужчынскай праграме беларусы не выглядаюць жалезнымі прэтэндэнтамі на медалі, але верагоднасць прыемнага сюрпрызу цяпер нашмат больш высокая, чым напярэдадні ванкувэрскіх Гульняў, дзе бліснуў Новікаў», – падкрэсліў галоўны рэдактар Tribuna.com.

Інтэрв’ю
«Беларусь уцягваецца ў архаіку.». Гендырэктар «Tribuna Digital» пра перспектывы беларускага спорту
2021.12.04 12:36

Новая Ціманоўская?

Ці не галоўнай падзеяй на летняй Алімпіядзе ў Токіа стала спроба беларускіх спартовых чыноўнікаў выслаць у Беларусь бягуху Крысціну Ціманоўскую, якая крытыкавала іх у сацыяльных сетках. Алег Гаруновіч кажа, што гэтым разам «здарыцца можа ўсякае»:

«Хоць на зімовых Гульнях спартоўцаў будзе менш, чым на летніх, назіральнікі ад рэжыму ўжо атрымалі пэўны досвед, і таму верагоднасць чагосьці нечаканага, чарговага чорнага лебедзя, на мой погляд, падае, хаця…»

На думку адмыслоўца, «самая незабітая каманда – у фрыстайлістаў. І што гэтым фрыстайлісты прыйдзе ў галаву ў выпадку нейкага поспеху або яшчэ чаго, невядома».

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, 5 жніўня 2021.
Фота: ВО / Белсат

«Магчыма, тая ж Гуськова з п’едэсталу перадасць прывітанні Казеку, і ў чыноўнікаў ад гэтага ізноў распачнецца паралюш кагнітыўнай сістэмы, і яны паспрабуюць запхнуць спартоўку ў багаж і адправіць у Менск. Наўрад ці цяпер у Беларусі знойдзецца хаця б адзін чалавек, які паставіць сваю кватэру на тое, што такога інцыдэнту ў Пекіне дакладна не адбудзецца», – мяркуе галоўны рэдактар Tribuna.com.

Што там з рашэннем МАК?

Між тым Міжнародны алімпійскі камітэт працягвае разбірацца са справай Ціманоўскай і іншых рэпрэсіяў супраць беларускіх спартоўцаў, у тым ліку супраць лыжніц Святланы Андрыюк і Дар’і Далідовіч, якіх улады не дапусцілі да міжнародных спаборніцтваў. Паводле выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна, першыя вынікі разгляду МАК беларускага пытання могуць з’явіцца ў сакавіку.

«МАК займаецца беларускім пытаннем. Але хуткасць разгляду падобных пытанняў невысокая сама па сабе. І гэта нармальна. Усе дысцыплінарныя працэсы цягнуцца доўга, бо МАК павінен правесці стараннае расследаванне», – падкрэсліў кіраўнік фонду.

Hавiны
Міжнародны алімпійскі камітэт разбіраецца з рэпрэсіямі супраць беларускіх лыжніц
2022.01.13 17:13

На ягоную думку, «пасля сакавіка магчымае вельмі сур’ёзнае рашэнне МАК» адносна Беларусі, «ажно да спынення сяброўства».

«Але трэба разумець, што беларускае пытанне не ёсць прыярытэтным», – адзначыў Аляксандр Апейкін.

Пакуль жа Фонд спартовай салідарнасці працуе на перспектыву. Гэтак, на нядаўняй сустрэчы з намесніцай дзяржаўнага сакратара ЗША абмяркоўваліся магчымасці для беларускіх спартоўцаў атрымліваць адукацыю, удзельнічаць у разнастайных праграмах, стажавацца, супрацоўнічаць з амерыканскімі арганізацыямі – «гаворка ішла больш пра пазітыў».

«Тут мы змагаемся хутчэй не супраць, а за. За магчымасць развіцця беларускага спорту, за выбудоўванне кааперацыі, якая будзе дастаткова важная ў перыяд трансфармацыі ў Беларусі», – адзначыў кіраўнік фонду.

На думку Аляксандра Апейкіна, «гэта вельмі вялікі крок для ўсяго беларускага спорту, не толькі ў плане дэмакратычнага парадку дня».

Hавiны
Намесніца дзяржсакратара ЗША Узра Зэя сустрэлася з беларускімі спартоўцамі
2022.01.20 21:51

МГ belsat.eu

Стужка навінаў