Таццяна Шчытцова: Для развіцця навукі і адукацыі патрэбная свабода


Пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў прапанаваў адкрыць у нашай краіне больш філіялаў расейскіх ВНУ. Дарадца Святланы Ціханоўскай у справе адукацыі Таццяна Шчытцова ўпэўненая, што перашкодаў з боку рэжыму Лукашэнкі ў выпраўленні такой сітуацыі не будзе і гэта толькі справа часу. Яна ж у жывым эфіры «Белсат» нагадвае беларусам пра іншыя магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі за мяжой.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Гэта адпавядае палітыцы Лукашэнкі і ўзаемадзеянню паміж рэжымам Лукашэнкі і рэжымам Пуціна. Яны падтрымліваюць адзін аднаго, і гэта такі прыклад паглыбленай інтэграцыі і ўзмацнення культурнай каланізацыі нашай краіны з боку Расеі».

Таццяна Шчытцова ўпэўненая ў тым, што ўсё гэта робіцца з той мэтай, каб беларуская моладзь яшчэ болей паглыблялася ў расейскі кантэкст для далейшага працаўладкавання. Таксама экспертка не выключае пры такой адукацыі і ўзмацненне ідэалагічнага ўплыву.

«Вышэйшая адукацыя не можа абысціся наогул без гэтай ідэалагічнай рамкі ў нашым сучасным кантэксце. Я маю на ўвазе тое, што адбываецца зараз у нашым рэгіёне і паміж нашымі краінамі – Беларусь і Расея – вось гэтае палітычнае ўзаемадзеянне».

Адкрыццё гэтых філіялаў, на думку эксперткі, непазбежна павялічыць колькасць беларускіх студэнтаў, якія атрымліваюць расейскую адукацыю. Яна называе гэта «прадказальным».

Але ці засталіся альтэрнатывы, што да адукацыі ў краінах Захаду? Да тых магчымасцяў, што ўжо былі, дадалася яшчэ адна: Аўстрыйскі ўніверсітэт адкрыў для беларусаў стыпендыяльную праграму пад патранажам Святланы Ціханоўскай, рэкламуе Таццяна Шчытцова:

«Гэта такая школа прадпрымальніцтва альбо ўніверсітэт прыкладных навук [..] Ён прапануе цэлы шэраг сучасных і практычных дысцыплін, цэлы шэраг вельмі разнастайных кірункаў: біятэхналогіяў, медыятэхналогіяў, менеджмент, бізнес… Вельмі такі разнастайны выбар. І сама мадэль навучання сумяшчае акадэмічныя курсы, такую грунтоўную падрыхтоўку, але з практычнай арыентацыяй», – распавядае экспертка, падкрэсліваючы, што гэта вельмі прывабная інтэрнацыянальная пляцоўка з навучаннем на ангельскай мове на бакалаўрыяце і ў магістратуры.

А вось размовы аб тым, каб людзі заставаліся ў Беларусі, варта весці толькі пасля сыходу рэжыму Лукашэнкі і правядзення цэлага шэрагу рэформаў: ад палітычных да эканамічных і адукацыйных:

«Без дэмакратызацыі нашай краіны развіццё немагчымае», – падкрэслівае экспертка ў галіне адукацыі.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў