Увечары 24 кастрычніка, на перагоне паміж населенымі пунктамі ў Бранскай вобласці Расеі, недалёка ад беларускай і ўкраінскай межаў, здэтанавала выбуховае прыстасаванне, што пашкодзіла чыгуначную каляіну. Пра гэта паведаміў губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз.
«Сёння ўвечары на перагоне паміж населенымі пунктамі Навазыбкаў і Злынка спрацавала невядомая выбуховая прылада. Пашкоджаная чыгуначная каляіна», – напісаў Аляксандр Багамаз у сваім тэлеграм-канале.
Са словаў губернатара, пацярпелых няма.
У тэлеграм-канале «Беларускі гаюн», які вядзе маніторынг вайсковай актыўнасці ў Беларусі, апублікавалі фота, на якіх можна пабачыць пашкоджаную рэйку і некалькі шпалаў. Там таксама адзначылі, што гэты шлях «актыўна выкарыстоўваюць для вайсковых перавозак Расея – Беларусь».
Алена Рувіна belsat.eu