Крысціна Ціманоўская прабегла дыстанцыю 200 метраў з вынікам 23,34 і страціла прытомнасць


У паўфінале чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце беларуская бягуння Крысціна Ціманоўская, якая цяпер выступае за Польшчу, прыбегла 8-й і не трапіла ў фінал. Вынік спартоўкі пры гэтым досыць сімвалічны – 23,34 секунды.

Крысціна Ціманоўская на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце.
Фота: Крысціна Ціманоўская/Instagram

«Гэта спорт. На жаль, я страціла прытомнасць пасля фінішу і нічога не памятаю, – напісала Крысціна на сваёй старонцы ў Instagram. – Пасля 150 метраў усё было як у тумане».

Раней Ціманоўская бегла дыстанцыю 100 метраў і таксама не трапіла ў фінал.

Ціманоўская яшчэ будзе бегчы эстафету 4 па 100 метраў.

Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце скончыцца ў гэтую нядзелю, 27 жніўня.

У 2021 годзе Крысціна Ціманоўская брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа ў складзе беларускай нацыянальнай зборнай. Калі спартоўка адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю, а яшчэ і распавяла пра гэта ў сацыяльных сетках, раскрытыкаваўшы беларускіх спартовых чыноўнікаў, яе паспрабавалі сілаю вярнуць у Беларусь. Аднак бягуння звярнулася ў мясцовую паліцыю ды медыі і заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь праз пагрозу рэпрэсіяў. Пасля гэтага Крысціна паехала ў Польшчу, дзе атрымала гуманітарны від на жыхарства, а пазней і грамадзянства. Польскі пашпарт Ціманоўская атрымала 28 чэрвеня 2022 года паводле асаблівага ўказу прэзідэнта Анджэя Дуды.

Hавiны
«Калі б вербаваў КДБ, пра гэта б дазналіся ўсе мае падпісанты ў Instagram – гэта ж весела»
2023.05.03 14:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў