За данаты жыхара Бабруйску прыгаварылі да 8,5 года калоніі


У судзе Заводскага раёну Менску вынеслі прысуд 35-гадоваму жыхару Бабруйску Дзмітрыю Слуку – 8,5 гадоў пазбаўлення волі і вялікі штраф. Мужчыну судзілі па артыкуле аб фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці (ч.1 арт. 290-1 КК), паведамляе пракуратура Менску.

Дзмітрый Слук. Крыніца: viasna96 / Telegram

Паводле матэрыялаў справы, мужчына 20 жніўня 2021 года, «з’яўляючыся дасведчаным аб тэрарыстычнай накіраванасці дзейнасці арганізацыі з уваходнай у яе ініцыятывай, ажыццявіў яе фінансаванне». У прыватнасці, Слук зрабіў неназванай пракуратурай арганізацыі перавод у крыптавалюце. Сума данату склала 2160 долараў, ці 5400 рублёў.

Дзмітрыя Слука затрымалі 10 лютага 2023 года, да суда ён знаходзіўся ў менскім СІЗА №1. Таксама ён знаходзіцца ў спісе «тэрарыстаў».

Працэс вёў суддзя Дзмітрый Астапенка. Ён прызначыў Слуку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў і 6 месяцаў са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (11 100 рублёў).

Таксама сёння стала вядома пра яшчэ адзін прысуд за данаты. Палітзняволенага навукоўца Юрыя Адамава асудзілі да трох гадоў калоніі за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК). Бок абвінавачання падтрымаў пракурор Раман Бізюк. Справу разглядзела суддзя Дзіна Кучук.

Разбор
Чым небяспечны фільм пра беларускі пратэст, у якім не схаваныя твары ўдзельнікаў
2023.07.25 18:25

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў