На сайце прапагандысцкай «Гомельскай праўды» з’явілася віншаванне беларусаў з Днём Волі


Кіберпартызаны ўзламалі сайт «Гомельскай праўды» і на ім пакінулі віншаванне для ўсіх беларусаў з Днём Волі. Аб узломе кібергрупоўка паведаміла ў сваіх сацыяльных сетках.

Старонка ўзламанай кіберпартызанамі «Гомельскай праўды».
Фота: скрыншот / КіберПартизаны / Telegram

«Віншуем з Днём Волі новым узломам! У 1918 г. беларусы абвясцілі ўсяму свету, што мы – народ, і што Беларусь – свабодная і незалежная краіна. Але ж за сапраўдную свабоду нам яшчэ змагацца. Лёс нашага народу і краіны вырашаецца зараз і залежыць толькі ад беларусаў. Заклікаем далучыцца да барацьбы ўсіх, хто жадае жыць у вольнай Беларусі», – адзначаюць кіберпартызаны ў сваім допісе.

Старонка ўзламанай кіберпартызанамі «Гомельскай праўды».
Фота: скрыншот / КіберПартизаны / Telegram

На галоўнай старонцы з’явілася выява беларускага добраахвотніка з надпісам «Лёс беларуса вызначае толькі беларус».

У дадзены момант на сайце «Гомельскай праўды» вісіць застаўка аб правядзенні тэхнічных работ. У паведамленні напісана, што ён адновіць сваю працу 14 красавіка.

Абноўлена. Пазней на канале кіберпартызанаў з’явіліся паведамленні аб узломе яшчэ шэрагу сайтаў: навіновага парталу «Інфабаза», сайту кампаніі «Minotor-service», якая займаецца распрацоўкай вайсковай тэхнікі, а таксама сайту эканамічнага суда СНД. Пры пераходзе на старонку эканамічнага суда пэўны час з’яўлялася віншаванне з Днём Волі ад кібергрупоўкі, зараз старонка недаступная.

Так выглядала ўзламаная старонка Эканамічнага суда СНД.
Фота: sudsng.org/ скрыншот

Нагадаем, што 10 сакавіка кіберпартызаны адзначылі два гады з моманту стварэння палка Кастуся Каліноўскага узломам сайта беларускага ДТСААФ.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў