Беларусы адзначаюць 105 гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэты дзень адбудзецца шэраг акцыяў і мерапрыемстваў ва ўсім свеце.
Дзень Волі шырока адзначаць беларусы ў шматлікіх краінах свету. Акцыі і святочныя мерапрыемствы адбудуцца ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Канадзе, ЗША, Ізраілі, Чэхіі, Грузіі, Нямеччыне, Даніі, Славакіі, Нідэрландах, Славакіі і іншых краінах.
Да Дня Волі праект «Новая Беларусь» падрыхтаваў афішу святочных мерапрыемстваў для беларусаў у розных кропках свету.
У Варшаве сёння, 25 сакавіка, адбыўся вялікі марш, пачатак імпрэзы быў запланаваны на 13:00 паводле польскага часу, збор удзельнікаў быў на Замкавым пляцы. Адтуль удзельнікі акцыі рушылі вуліцамі Варшавы да пляцу Канстытуцыі дзе зараз адбываецца святочны мітынг-канцэрт да 105-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Белсат» выступіў галоўным партнёрам святочнай акцыі ў Варшаве, імпрэза пачалася а 17:00 паводле беларускага часу (15:00 паводле польскага часу). У святкаванні бяруць удзел беларускія палітыкі, актывісты і вядомыя музыкі: Atesta, 23:34, Дом сувязі, Lity Taler, Dzieciuki, NRM.by, Сяржук Доўгушаў, Shuma, Пётр Клюеў, Ketevan.
«Белсат» ладзіў онлайн-трансляцыю падзеі.
Сёлета беларусы адзначаюць 105-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Да 2020 году 25 сакавіка шырока святкавалі ў самой Беларусі. Тут традыцыйна ладзіліся акцыі пратэсту, шэсці і канцэрты. Людзі выходзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Але пасля 2020 году акцыяў у краіне не было.
Алена Аляксандрава belsat.eu