На вайне няма атэістаў. Паразмаўлялі з вайсковым капеланам


Як вайскоўцы на вайне сустракаюць Каляды? Ці змяняецца стаўленне да гэтага свята, калі даводзіцца ваяваць, а гэта значыць бачыць смерць і самому забіваць ворагаў? Сяргей Горбік, вайсковы капелан, протаіерэй Праваслаўнай царквы Украіны, адказаў на гэтыя ды іншыя пытанні.

Вайсковы капелан Сяргей Горбік. Фота прапанаванае рэдакцыі

– Капелан у войску – гэта ўсяго толькі святар для тых, хто не мае магчымасці наведаць храм, ці ёсць і іншыя задачы?

– Ва Украіне быў прыняты Закон аб капеланстве. Пры кожнай вайсковай частцы можа быць капелан. Бывае, што ён там увесь час, а могуць яго і папросту запрашаць туды перыядычна. Ёсць святары, якія служаць толькі там, і гэта іх вайсковае служэнне. У вайсковых частках ёсць храмы ці капліцы, але гэта можа быць і звычайны намёт – у залежнасці ад таго, дзе даводзіцца служыць і ў якіх умовах.

– Вайскоўцы, якія прыходзяць да капелана, раней, у мірным жыцці, рэгулярна хадзілі ў храм, ці такая патрэбна ў іх з’явілася падчас вайны?

– На свае ўласныя вочы я пераканаўся, што на вайне атэістаў няма. Салдаты пачынаюць адчуваць, што акрамя Бога ніхто не можа вызначыць іх лёс. Памятаю Вербную нядзелю, калі салдаты прыйшлі на службу, і іх адразу перакідвалі на фронт. Яны ж, бачна было, што зусім па-іншаму маліліся. Услых не кажуць, але ў душы разумеюць, што гэта можа быць іхная апошняя малітва, што гэта можа быць апошняе свята ў іх жыцці. Але для іх было вельмі важна падзякаваць Богу і папрасіць для сваіх бяспечнага жыцця. Яны разумеюць, што больш няма каго прасіць пра гэта… У салдат з’яўляецца вельмі шмат пытанняў. Адно з самых распаўсюджаных – гэта тое, што яны вымушаныя забіваць людзей. Як да гэтага ставіцца? Як з гэтым жыць? Даволі часта абмяркоўваюць сітуацыю чалавечых стасункаў, і перш за ўсё сямейных. Нават калі вайсковец не на фронце, а служыць недзе ў тыле, то гэта ўсё роўна экстрэмальныя ўмовы. Бо ён жыве ў казарме, у вызначаным распарадку, а сям’я недзе ў іншым месцы, і ён адарваны ад дому. Узнікаюць пэўныя праблемы.

Украінскія вайскоўцы падчас царкоўнай службы. Фота прапанаванае рэдакцыі

– То бок капелан мусіць быць яшчэ і псіхолагам? Пры бальшавіцкай уладзе, зразумела, нічога падобнага не было. Ведалі толькі пра палітрукоў.

– Так. Раней, да Кастрычніцкага перавароту, ва ўсіх арміях свету былі святары. Бальшавікі іх на сваёй тэрыторыі адмянілі. З’явіліся замест іх палітрукі. Але святар ніколі не пойдзе даносіць на салдата камандзіру. Разумееце, размова паміж святаром і салдатам адбываецца толькі паміж імі, і яна ніколі не выйдзе за рамкі іх размовы. Таму салдаты шчыра дзеляцца сваймі праблемамі, сумневамі, бо ведаюць, што ўсё застанецца паміж імі. Праблемы ў сям’і, могуць быць і са службоўцамі, ды самыя розныя пытанні. Раяцца, як лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі.

– Цяпер набліжаюцца Каляды, і ў такой нават экстрэмальнай сітуацыі рыхтуюцца да свята?

– Капелан ладзіць святочную імшу. Вядома, гэта не будзе доўгае набажэнства, бо ваенныя абставіны. Вайскоўцы вельмі шчыра моляцца, і не толькі за сябе, але і за свае сем’і. Вельмі перажываюць, што родныя там без святла, а тут зіма і няма ацяплення. Перажываюць за сваіх вельмі моцна. Па магчымасці будзе ладзіцца святочная вячэра. Ясна, што класічная з дванаццаці страваў не атрымаецца, і заліўнога карпа не будзе, але збольшага гэта будзе святочная вячэра. Валанцёры нешта падвязуць. Гэта можа быць нешта смачненькае. А могуць быць дзіцячыя малюнкі. Гэта вельмі такая шчымлівая з’ява. Вельмі яны падабаюцца салдатам. Ну, і можа гэта быць канкрэтны і таксама прыемны падарунак, напрыклад, машыну падгоняць. Яна вельмі неабходна. Гэта можа быць і форма ды шмат яшчэ чаго.

Украінскія вайскоўцы падчас царкоўнай службы. Фота прапанаванае рэдакцыі

– Вайскоўцы па-іншаму ставяцца да гэтага свята? Наколькі важныя для іх цяпер Каляды?

– Яны сапраўды ставяцца не так, як, скажам, цывільныя. Рэч у тым, што людзі, якія не былі ўдома, не бачаць сваіх сем’яў ужо столькі часу, якія фізічна, маральна стомленыя і перабываюць увесь час у экстрэмальных умовах, да свята Божага нараджэння ставяцца шчыра і з разуменнем, як да надзеі на збаўленне. Ім вельмі хочацца сапраўднага свята. Разумееце, вайна – гэта ж не толькі абстрэлы, выбухі, смерці, гэта ўвесь час нейкая фізічная праца. Увесь час даводзіцца нешта капаць, цягнуць на сабе… Цяпер зіма, а значыць холад у акопах, і гэтая зямля, якую ўсё роўна трэба капаць і капаць, нешта цягнуць і цягнуць па ёй… Гэта ўсё накладаецца. А тут яшчэ звесткі з тылу пра тое, што электрыкі няма. Моляцца салдаты і афіцэры Богу, каб дзіця ягонае было ў цяпле, каб было, што есці ім там удома… Прыходзяць і кажуць: «Госпадзе, калі ўжо скончыцца гэтая вайна!» І просяць за сябе, за бацькоў, за дзяцей і за свой народ. І гэтае свята – такая светлая надзея для нас усіх. Я хачу пажадаць для беларусаў, каб скончыліся гэтыя жудасныя рэпрэсіі і народ зажыў нармальным вольным жыццём. А ўкраінцам зычу мірнага неба. Бо мірнае неба – гэта цяпер самая запаветная і галоўная мара. З надыходам свята Божага нараджэння!

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў