Лукашэнка паляцеў у Расею мінімум на чатыры дні. Сустрэнецца з Пуціным, які прылятаў да яго ў панядзелак


Аляксандр Лукашэнка пабачыць Уладзіміра Пуціна ў 11-ы раз за год. Ён ужо паляцеў у Маскву паглядзець на цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў, а 26-27 снежня возьме ўдзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў краінаў Садружнасці незалежных дзяржаваў.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Менску. 19 снежня 2022 года.
Фота: Павел Бердзянкоў / kremlin.ru

Пра вылет Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву раніцай 24 снежня паведаміў ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі ягонай прэс-службы. Паводле каналу, сёння Лукашэнка наведае «Зорнае мястэчка» – цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў пад Масквой. Там, як сцвярджаецца, праходзяць адбор беларускія кандыдаткі на палёт у космас.

Раней расказвалі, што жанчын адбіраюць для палёту, каб прадставіць гэта як «першым беларускім касманаўтам стала жанчына», хоць раней у космасе бывалі тры ўраджэнцы Беларусі: Алег Навіцкі лётаў з «Роскосмасам» (які мае запусціць і «першую беларускую касманаўтку»), Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак былі ў космасе яшчэ ў часы СССР.

Што Лукашэнка плануе рабіць 25 снежня, не паведамляецца. Наўрад ці ён будзе адзначаць Раство ў каталіцкую дату – ён называў сябе «праваслаўным атэістам».

26 і 27 снежня Лукашэнка возьме ўдзел у паседжанні кіраўнікоў краінаў СНД у Санкт-Пецярбургу, там чакаецца ўдзел і Уладзіміра Пуціна. Мінулая такая сустрэча была 7 кастрычніка, Лукашэнка там таксама прысутнічаў. А з Пуціным ён апошні раз бачыўся 19 снежня, калі той прылятаў у Менск з вялікім «дэсантам» расейскіх чыноўнікаў.

На мінулай сустрэчы Лукашэнка і Пуцін не закраналі тэму вайны ва Украіне прынамсі ў публічных выступах. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) тым часам разважае аб тым, што дзеянні расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі могуць быць як падрыхтоўкай да новага нападу на Украіну, так і чыста інфармацыйнай аперацыяй, часткай якой будзе і чарговая сустрэча Пуціна з Лукашэнкам.

ISW мяркуе, што аднаўленне публічнай актыўнасці Пуціна можа быць паказнікам занепакоенасці Крамлю падзеннем рэйтынгаў. «The Wall Street Journal» тым часам расказвае, як Пуцін ізаляваў сябе ад кепскіх навінаў: збудаваў такую структуру ўлады, якая дастаўляе яму толькі пазітыўную інфармацыю, каб не трапіць у няміласць, а ў выніку проста дэзынфармуе яго.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў