Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі абнавіла пералік арганізацыяў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. У спіс улучылі «Жопу с усами» – гэтак называецца тэлеграм-канал, а таксама акаўнты ў Twitter, YouTube і TikTok.
Паводле версіі МУС, «група грамадзянаў, аб’яднаных пад імёнамі «Жопа с усами», ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць пры дапамозе шэрагу аднайменных сеткавых рэсурсаў».
У пераліку экстрэмісцкіх арганізацыяў міліцыянты старанна апісалі лагатып «злачынцаў»:
«Лагатып у выглядзе карыкатурнага малюнка ягадзіцаў з вусамі на зялёным фоне з упісаным надпісам «Жопа с усами».
Гэтая група «ўчыняе экстрэмізм» у канале і чаце ў Telegram, а таксама на аднайменных старонках у Twitter, YouTube і TikTok, у пералік улучылі і акаўнт на «Patreon» – гэта сэрвіс збору ахвяраванняў.
Раней экстрэмісцкім фармаваннем прызналі ў Беларусі тэлеграм-канал «Усы Лукашенко», а экстрэмісцкімі матэрыяламі – YouTube-канал і старонку ў Instagram «Вусата курва», відэа на YouTube «Одному усатому му#@ку не захотелось оставлять свое кресло», суполкі «Усатое королевство», «Стоп таракан (лукашенко)» і «Лукашенко – Скотный двор» у сацыяльнай сетцы «УКантакце».
Сцяпан Кубік belsat.eu