news
Інтэрв'ю
«У беларускай сярэдняй адукацыі больш рэгрэсу, чым прагрэсу». Чаму вучаць у школах у Беларусі і за мяжой
Напярэдадні навучальнага года пагутарылі з экспертамі пра беларускую школьную адукацыю.
25.08.202308:00

Напярэдадні новага навучальнага года мы пагутарылі з экспертамі пра тое, як сёння выглядае школа ў Беларусі, якой стала якасць сярэдняй адукацыі цягам апошніх гадоў: што пагоршылася, што палепшылася, што трэба змяняць і ў чым беларуская школа адрозніваецца ад школаў у нашых суседзяў – у Польшчы і Літве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У першы вучэбны дзень бацькі вядуць дзяцей у гімназію № 23 у Менску, Беларусь.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Адток кадраў, дырэктыўнасць, ідэалагізацыя

Беларус Зміцер працаваў настаўнікам у школе ў адным з беларускіх гарадоў. Нядаўна мужчына з’ехаў за мяжу, але працягвае выкладаць. Мы папрасілі яго падзяліцца з намі думкамі пра беларускую сярэднюю адукацыю і паразважаць, што трэба было б змяніць, каб стала лепш.

– Зміцер, апошнім часам беларускую школу ўсё рэфармуюць і рэфармуюць. Ці робіцца яна ў выніку лепшай?

– Хоць і не хочацца казаць шмат кепскага, але апошнім часам у школьнай адукацыі ў Беларусі больш рэгрэсу, чым прагрэсу. Вельмі адчуваецца адток кадраў, непапулярнасць прафесіі настаўніка. У сістэме адукацыі мала матываваных кадраў. Часцей чалавек адпрацоўвае два гады, а потым ідзе ў іншую прафесію.

Апошнімі гадамі ў школе яшчэ больш дырэктыўнасці, фармалізму і сімвалізму, які не патрэбны. Напрыклад, спрэчнае пытанне пра школьную форму. Летась увялі адзін элемент формы, сёлета другі. Я не хачу сказаць, што форма – гэта кепска, але калі скласці спіс праблемаў у беларускай адукацыі, то форма будзе дзесьці месцы на 20-м ці нават ніжэй. Ёсць шмат важнейшых рэчаў, якія, магчыма, незаўважныя для грамадства, але калі б іх змяніць, школа б працавала нашмат эфектыўней.

Яшчэ што змянілася да горшага – з’явілася залішняя ідэалагізацыя, была уведзена стаўка настаўніка па вайскова-патрыятычным выхаванні. Я б замест гэтага накіраваў бы рэсурсы на тыя пазіцыі, якіх не хапае ў школах: псіхолагі, сацыяльныя педагогі.

Выпускнікі беларускіх школаў не гатовыя да навучання ў ВНУ і жыцця ўвогуле

– Як, на ваш погляд, на якасць школьнай адукацыі ў Беларусі паўплывала закрыццё прыватных школаў?

– Вядома, якасць пагоршылася. Прыватныя школы стваралі канкурэнцыю, у іх звычайна працавалі прафесіяналы, настаўнікі з дзяржаўных школаў раўняліся на іх, рабіліся нейкія супольныя праекты.

Яшчэ праблемаю лічу несамастойнасць кіраўнікоў школаў. Дырэктар мог бы разам з калектывам вырашаць нашмат больш пытанняў, без чакання загаду зверху. Беларуская школа вельмі непаравотлівая, і зразумела, адкуль гэта ідзе – ад агульнага мыслення, каб не высоўвацца. У існай сітуацыі немагчыма праяўляць ініцыятыву.

Летась быў прыняты новы Кодэкс аб адукацыі, і ў ім з’явілася яшчэ больш перашкодаў, якія замінаюць удзельнічаць у адукацыйным ці каляадукацыйным працэсе бацькам вучняў. Але школа – гэта вучні, настаўнікі і бацькі, і калі адзін элемент выпадае, то баланс сістэмы ламаецца.

– Вы сказалі пра засяроджанасць на школьнай форме, вайскова-патрыятычным выхаванні, што толькі замінае, і гэта можна было б прыбраць. А чаго сёння не хапае беларускай школе, на ваш погляд?

– Школа ў сучасным свеце павінна даваць не толькі масіў ведаў, але найперш навыкі і ўменні. Ды вучыць імі карыстацца. Школа павінна вырошчваць адаптыўных дзяцей, гатовых выйсці ў вялізны свет. Выпускнікі павінны быць актыўнымі, здольнымі думаць, мець каштоўнасці, ідэі, жаданне штосцьці змяняць. Тут я кажу нават не пра палітыку ці сацыяльныя змяненні, а пра крэтыўнасць і жаданне ствараць штосьці новае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэканструкцыя аперацыі «Багратыён» на святкаванні 3 ліпеня ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна», Беларусь.
Фота: Белсат

У школе ж усё проста: урок – перапынак – дамоў. Але ж калі ты выходзіш са школы, ідзеш у ВНУ, на працу, то трапляеш у зусім іншы свет, і выпускнікі беларускіх школаў часта да яго не гатовыя. Школа павінна не толькі даваць зацверджаную праграму, але і іншыя карысныя навыкі, якія спатрэбяцца ў самастойным жыцці.

– Што гэта за навыкі?

– Напрыклад, фінансавая пісьменнасць, падаткі, як уладкавацца на працу, веды пра медыцыну, страхоўкі – рэчы, патрэбныя нам у дарослым жыцці, якія мы потым на сваім досведзе вывучаем. Таксама ў школе павінна быць сексуальная адукацыя, бо мы бачым, колькі выкрываецца злачынстваў у галіне палавой недатыкальнасці. Усяго гэтага моцна не хапае ў беларускіх школах.

«Школа павінна быць вольнай ад любой ідэалогіі»

– Наколькі выпускнікі беларускіх школаў гатовыя да навучання ў ВНУ?

– Часта не гатовыя, не матываваныя. Рэч у тым, што ў нас вельмі слабая профарыентацыя. У выніку мы атрымоўваем сітуацыі, калі чалавек ідзе вучыцца на інжынера, атрымоўвае дыплом, потым кладзе яго на палічку і ідзе перавучвацца ў тое ж ІТ ці на любыя іншыя курсы. Акрамя таго, мае знаёмыя выкладчыкі з ВНУ кажуць, што часта на першым курсе даводзіцца давучваць, дацягваць студэнтаў, каб яны маглі далей вучыцца ў вышэйшай установе. У нас агульная сярэдняя адукацыя і вышэйшая – неінтэграваныя, і трэба, каб абодва бакі селі і паразмаўлялі, што ім патрэбна адзін ад аднаго.

Што яшчэ хачу сказаць, школа павінна быць вольнай ад любой ідэалогіі, яна павінна быць месцам інклюзіўнасці, дзе прымаюцца людзі любых поглядаў.

Таксама я кажу пра фізічную інклюзіўнасць, дзяцей з асаблівасцямі. У гэтым кірунку вядзецца пэўная праца, але я лічу, што гэтага мала. Інклюзіўнасць – гэта прыняццё адзін аднаго ў грамадстве, і калі ты бачыш з дзяцінства побач з сабой розных людзей, ты вучышся іх прымаць і надалей, у дарослым жыцці.

«Адукацыя – гэта не канвеер, гэта разнастайнасць»

– Што б вы змянілі ў беларускай школе, калі б маглі?

– Я б зрабіў у старэйшых класах магчымасць выбару прадметаў. Напрыклад, калі для паступлення патрэбна больш гадзінаў нейкіх прадметаў, зрабіў бы, каб была магчымасць браць больш гадзінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучні з кнігай на ўроку беларускай мовы ў вёсцы Асінаўка, Беларусь.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Я б дазволіў настаўніку больш самастойна складаць навучальны план, а таксама выбіраць падручнікі, і каб падручнікаў было некалькі альтэрнатываў, а не адзін нейкі. Настаўнікі павінны мець больш магчымасцяў у выкладанні, а ў нас яны загнаныя ў рамкі, розныя паперы, і гэта адбівае матывацыю быць больш гнуткімі, крэатыўнымі, бо ўсё ўжо вырашана: ёсць план, і паехалі, як на канвееры. Але адукацыя – гэта не завод, не канвеер, гэта разнастайнасць. Настаўнікі працуюць з жывымі людзьмі, з дзецьмі, якія таксама асобы, таму настаўнік павінен быць у больш свабодных умовах у сваёй штодзённай працы.

– Вы знаёмы з навучаннем у літоўскіх школах. Магчыма, вы маглі б параўнаць навучанне ў іх і ў беларускіх школах? У чым асноўная розніца?

– У замежных школах большы акцэнт робяць на софт-скілы і навыкі, патрэбныя штодня, не залежна ад таго, кім ты будзеш працаваць. Гэтага крытычна не хапае ў беларускіх школах. У ідэальнай сітуацыі нават у рамках адной краіны адукацыя не можа быць аднолькавай. У Беларусі ж усё імкнуцца загнаць у адныя рамкі, зарэгуляваць.

«У Польшчы вялізная канкурэнцыя ў сістэме адукацыі»

Кіраўніка кансультацыйнага пункту пры Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Ягора Сурскага мы папрасілі распавесці пра адрозненні польскай адукацыйнай сістэмы ад беларускай.

– Ягор, за апошнія гады вялізная колькасць беларускіх дзяцей пайшла ў польскія школы. Вы таксама працуеце ў сістэме адукацыі, добра ведаеце польскія праграмы. Распавядзіце, калі ласка, у чым перавага польскай сістэмы над беларускай, калі яна ёсць?

– На маю думку, істотныя плюсы польскай школьнай праграмы звязаныя з магчымасцю выбару спецыялізацыі на дастаткова раннім этапе – у ліцэі ёсць магчымасць выбраць дысцыпліны для вывучэння на паглыбленым узроўні, па тым профілі, які потым будзе ў абранай ВНУ.

Яшчэ да плюсаў польскай сістэмы я б аднёс вялікую канкурэнцыю ў сферы адукацыі. Існуе магчымасць выбару дзяржаўнай ці прыватнай школы, падыходаў да адукацыі.

І дзяржаўныя, і прыватныя школы ў Польшчы дастаткова аўтаномныя. У іх могуць быць свае праграмы, дысцыпліны, як, напрыклад, дадатковая магчымасць вывучаць экзатычныя мовы.

Да таго ж, у любой школе ёсць магчымасць удзельнічаць у органах самакіравання. Гэта перадусім адносіцца да ліцэяў – як на ўзроўні вучнёўскім, так і бацькоўскім, што можа быць дадатковай магчымасцю сацыялізацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першы вучэбны дзень у школе № 58 імя Тадэўша Гайцы ў Варшаве, Польшча.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Канкурэнцыя ў польскай сістэме адукацыі падштурхоўвае да разнастайнасці, да імкнення заахвоціць. Тут вельмі дынамічная сітуацыі ў галіне адукацыі.

У Польшчы настаўнікі могуць выбіраць падручнікі

– Магчыма, у польскіх школах ёсць мінусы ў параўнанні з беларускімі?

– Напэўна, я б усё ж казаў пра мінусы менавіта беларускіх школаў. У Беларусі амаль няма магчымасці выбару спецыялізацыі, профілю, замест гэтага – высокі ўзровень індактрынізацыі, чаго ў польскай школе няма. Нават рэлігія ў Польшчы – прадмет добраахвотнага выбару. Няма такога, каб нейкія стандарты навязваліся. Адукацыя тут – заўсёды прадмет грамадзянскай дыскусіі, абмеркавання, як гэта было з прадметам, які нядаўна ўвялі ў праграму – «Гісторыя і сучаснасць». Бацькі былі супраць залішняй палітызыцаі навучання. Аднак тут настаўнікі здолелі зняць напружанасць праз выбар падручнікаў, па якіх будзе выкладацца прадмет.

У Польшчы настаўнікі маюць магчымасць выбіраць падручнікі, таксама ёсць канкурэнцыя падручнікаў, выдавецтваў, аўтараў. У ролі суддзі тут выступае настаўнік і вызначае прыярытэты, па якім падручніку будуць вучыцца вучні.

Да мінусаў можна аднесці залішнюю фармалізаванасць. Шмат у якіх пытаннях прымаюцца фармальныя рашэнні. Яшчэ, людзі адмаўляюцца ад магчымасці прыйсці ў школу, асабіста паразмаўляць з дырэктарам, калі ўсё можна вырашыць онлайн. Але я лічу, што менавіта да такой індывідуальнай камунікацыі ў межах навучальнага працэсу трэба імкнуцца.

Чым польская школьная праграма адрозніваецца ад беларускай?

– Ад бацькоў дзяцей, якія пайшлі ў школы за мяжой, часам можна пачуць параўнанні не на карысць польскіх, літоўскіх, грузінскіх школаў – маўляў, менш дысцыпліны, чым у Беларусі, не такія складаныя праграмы. Ці маюць рацыю бацькі?

– Успрыняцце школы ў новай краіне шмат у чым залежыць ад таго, як прайшоў этап адаптацыі і інтэграцыі. Каб ён праходзіў прасцей, у Польшчы я б раіў імкнуцца адразу трапіць у польскамоўныя класы.

Вядома, калі быў досвед навучання ў беларускай школе, тут могуць кінуцца ў вочы адрозненні, і да іх трэба прызвычайвацца. Напрыклад, заняткі тут часта праводзяцца ў інтэрактыўным, а не выключна дыдактычным фармаце. Гэта адразу стварае іншае стаўленне і прыязнасць вучня да пляцоўкі, да адукацыйнай прасторы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская школа № 4 у Беластоку, Польшча.
Фота: Белсат

Агулам жа я лічу, што ў плане адаптацыі для беларусаў польская сістэма адукацыі найбольш простая і зразумелая. Напрыклад, у нас на пэўным этапе агульная гісторыя, таму прасцей вывучаць гэты матэрыял. У якасці замежнай мовы можа быць абраная расейская, што гарантуе высокія балы на экзаменах за той жа 8 клас і на матуральным выпускным.

– Што ў польскай школьнай праграме ёсць такога, чаго няма ў беларускай, і нам варта было б таксама выкарыстоўваць?

– У польскай школе робіцца ўхіл на дыскусію, разважанні, выказванне свайго меркавання ў фармаце адкрытай дыскусіі. Польская сістэма зацікаўленая, каб школа была не толькі навучальнай пляцоўкай, але і дыскусійнай. Гэта адносіцца і да ўдзелу ў самакіраванні, і да выбараў прадстаўнікоў з боку настаўнікаў, якія адстойваюць правы вучняў. Тут на розных узроўнях адбываецца супраца з настаўнікамі. У гэтым сэнсе школа – адкрытая грамадзянская платформа, калі дзеці такім чынам рыхтуюцца да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Гісторыя і сучаснасць, этыка, філасофія, якія ёсць у школьнай праграме, даюць дадатковую перспектыву погляду на грамадства. Так будучы грамадзянін рыхтуецца ўдзельнічаць у грамадзянскім, палітычным жыцці краіны. Такі досвед павінен назапашвацца, пачынаючы са школы.

Ганна Ганчар belsat.eu