У цэнтры Менску задумалі збудаваць новы праваслаўны храм


Завяршыліся грамадскія слуханні пра канцэпцыю будавання храму на вуліцы Няміга блізу плошчы Багушэвіча, паведамляе дзяржаўнае агенцтва «Менск-навіны». Сцвярджаецца, што заўвагаў ад гараджанаў не паступала.

Праект храма ў гонар Казанскай іконы Божай Маці
Праект храму ў гонар Казанскай іконы Божай Маці ў Менску. Выява: Minsknews.by

Храм у гонар Казанскай іконы Божай Маці мяркуюць размясціць на вул. Няміга, 8 (мапа). Гэта блізу Тэатру музкамедыі і будынку Беларусбанку. Будынак абяцаюць зрабіць невялікім: 28 х 12 метраў, вышынёю 25 метраў. Стыль мяркуюць зрабіць падобным да візантыйскага.

«Як напісана ў прэзентацыі праекту, страчаныя святыні маюць значную гістарычна-культурную каштоўнасць не толькі ў межах сталіцы, але і краіны. А нешматлікасць праваслаўных храмаў у цэнтры гораду робіць актуальным пытанне пра ўзнаўленне такой царквы», – перадае дзяржаўнае выданне.

Падобны храм ужо існаваў прыблізна на тым месцы ў памяць пра катастрофу імператарскага цягніка на Харкаўшчыне 29 кастрычніка 1888 года.

Чыгуначная капліца і Чыгуначная царква, пазней зруйнаваныя бальшавікамі. Менск, 1918 год
Чыгуначная капліца і Чыгуначная царква, пазней зруйнаваныя бальшавікамі. Менск, 1918 год.
Фота: альбом «Мінск. Падарожжа ў часе» Уладзіміра Ліхадзеева

У той катастрофе сям’я расейскага імператара Аляксандра ІІІ выжыла, у памяць пра тое храм паставілі на месцы катастрофы, а таксама ў іншых месцах на тэрыторыі Расейскай імперыі, у тым ліку ў Менску – капліцу на Захар’еўскай вуліцы і драўляную царкву на Прывакзальнай плошчы.

У 1914 годзе пад менскім вакзалам асвяцілі ўжо мураваны храм (праект новага падобны да яго), што дзеяў да 1930-х, пакуль не быў ператвораны ў Клуб чыгуначнікаў – будынак прастаяў да 1936 года і быў падарваны бальшавікамі. У драўляным храме набажэнствы трывалі да пачатку 1960-х, але і той быў закрыты і зруйнаваны бальшавікамі.

Праект капліцы ў гонар зруйнаванага храма
Праект капліцы ў гонар зруйнаванага храму ў Менску. Выява: Minsknews.by

На месцы зруйнаванага мураванага храму на цяперашняй плошчы Мяснікова збіраюцца збудаваць невялікую закрытую капліцу 2,3 х 2,3 м і 7 м вышынёю, бо на паўнавартасны храм там няма месца. А замест зруйнаванага храму – паставіць новы паблізу.

Адметна, што да Менску ніякага дачынення не мае не толькі катастрофа імператарскага цягніка на Харкаўшчыне, але і Казанская ікона Божай Маці.

Hавiны
Рада БНР назвала РПЦ галоўнай крыніцаю міжрэлігійнай напружанасці ў Беларусі
2023.07.08 14:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў