Лукашэнкаўскі Саўбес не падтрымаў Пуціна. Заява поўная агульных фразаў


Савет бяспекі лукашэнкаўскага рэжыму прыняў заяву з нагоды мяцяжу Яўгенія Прыгожына ў Расеі. У звароце адзначаецца, што рэжым застаецца з Расеяй, але не ўдакладняецца, на чыім канкрэтна баку. Дакумент апублікавала Белтэлерадыёкампанія.

Паседжанне Савету бяспекі, 8 лютага 2022 года, Менск.
Фота: БелТА

«Беларусь была і застаецца саюзнікам Расеі, які цалкам раздзяляе мэты і задачы СВА. Гэтая цяжкая, змушаная і апраўданая місія для абароны расейскіх людзей на Данбасе. Фактычна ідзе барацьба за будучыню славянскага свету», – гаворыцца ў заяве.

У ім адзначаецца, што «любая правакацыя, любы ўнутраны канфлікт у вайсковых і палітычных колах, у інфармацыйным полі і грамадзянскай супольнасці – падарунак калектыўнаму Захаду».

Hавiны
Мяцеж вагнэрацаў: Прыгожын разварочвае калоны. Пуціну дапамог Лукашэнка? Онлайн
2023.06.24 09:57

«Нават, калі зацікаўленыя сілы і не стаяць ля вытокаў падобных сцэнароў, то не выпусцяць шанцу іх развіць і ўзначаліць. Гэта можа прывесці да катастрофы. Не было нічога страшнейшага ў гісторыі Расеі за смуту – разбуральную і бессэнсоўную ў сваёй сутнасці», – адзначаецца ў заяве.

Паводле яе, «на карту пастаўленыя інтарэсы народу, жыццё простых грамадзянаў, цэласць Расеі».

«Мы заклікаем да голасу розуму. У гэты цяжкі час усе, хто сёння ўцягнуты ў недапушчальнае супрацьстаянне ўнутры адзінага ў сваіх мэтах вайсковага братэрства, патрэбныя там, дзе вырашаецца будучыня славянскага свету, лёс мільёнаў нашых людзей», – заявілі ў Саўбесе.

Hавiны
Ціханоўская стварыла аператыўна-сітуацыйны штаб. Хто ў яго ўвайшоў?
2023.06.24 16:39

Адзначым, што ў лукашэнкаўскага рэжыму ёсць свой канфлікт з ПВК Вагнэра. Раніцай 29 ліпеня 2020 года група «А» КДБ пры дапамозе АМАПу затрымала 32 вагнэраўцаў у санаторыі пад Менскам. Яшчэ адзін чалавек быў затрыманы ў Калінкавічах. Зброі пры наймітах не было. Паводле дзяржаўных СМІ, вайскоўцы «прыбылі ў Беларусь для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі».

Аляксандр Лукашэнка назваў затрыманне баевікоў «надзвычайным здарэннем». Тагачасны дзяржсакратар Савету бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што распачатая крымінальная справа аб рыхтаванні тэрактаў. Ён падкрэсліў, што агулам, паводле аператыўнай інфармацыі, на тэрыторыі Беларусі перабываюць каля 200 баевікоў, але астатніх 167 пакуль, нібыта, не знайшлі.

Ва ўмовах масавых пратэстаў у Беларусі Крэмль падтрымаў Лукашэнку, таму ўсе непаразуменні ў беларуска-расейскіх стасунках яму трэба было тэрмінова залагодзіць. 14 жніўня было абвешчана, што вагнэраўцаў вызвалілі. 32 баевікоў адправілі ў Расею. Яшчэ адзін найміт – беларус Андрэй Бакуновіч – застаўся ў краіне. Прасіць прабачэння перад наймітамі Лукашэнка даслаў свайго старэйшага сына Віктара.

Hавiны
Вагнэраўцы ў беларускіх лясах. Гісторыя самага рэзананснага фэйку Лукашэнкі
2021.09.09 11:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў