Калі сны яшчэ дыхалі мірам

Два гады таму ніхто і ўявіць не мог, наколькі глыбокаю станецца трагедыя і для тых, хто стаў на абарону Радзімы, і для агрэсара, які развязаў вайну.

Украінцы ўшаноўваюць памяць загінулых на Майдане незалежнасці ў другую гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2024 года.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

Раніца 24 лютага 2022 года. Яшчэ не да ўсёй вялікай Украіны дайшло паведамленне пра пачатак расейскай агрэсіі. А хто паспеў пачуць, і падумаць не мог, што гэта не ціхі захоп тэрыторыі, як 8 гадоў таму ў Крыме, а самая сапраўдная дзікунская вайна. Праз 77 гадоў міру і ўзнаўлення ад ахвяраў і разбурэнняў, прынесеных гітлераўскаю навалаччу. Тое, што і зараз, як тады, давядзецца адчайна ратавацца (але цяпер ад братоў-славянаў), кідаць ці губляць у выніку бамбардаванняў пажыткі, ды што там пажыткі – жыцці сваякоў ад самага малога да вельмі паважнага веку, нават уявіць было немагчыма.

Спачатку ўкраінцы, а пазней і расейцы, калі асэнсавалі, што адбываецца, перажылі і перажываюць найвялікшае ўзрушэнне ў сваім жыцці…

Яшчэ спакойна спала Буча, дзе і прытрызніць не маглі, які крывавы сакавік чакае ў выніку дзікунскай расейкай акупацыі. Вораг стварыў там тылавую базу для наступу на Ірпінь і распусціўся, адкінуўшы ўсе нормы гуманізму, чалавечай маралі і звычайнай прыстойнасці. Разгарачаных усёдазволенасцю акупантаў нішто не спыніла перад масавым забойствам і гвалтам мірных грамадзянаў з рабаваннем іхных дамоў, расстрэлам ва ўпор на вуліцах, выкраданнем і катавальнямі ў склепах. Як паказала далейшая практыка, такія злачынствы паўтараліся ў іншых паселішчах, стаўшыся, як адзначаюць, устойліваю практыкай акупантаў.

Аб’ектыў
Жахлівыя ўспаміны пра 38 дзён палону і акупацыі ў Гастомэлі
2022.06.12 23:37

Яшчэ мірна стаяў у ангары на тэрыторыі аэрадрому «Антонаў» («Гастомэль») адзіны ў сваім родзе і самы вялікі паводле грузападымальнасці за ўсю гісторыю сусветнай авіяцыі транспартавы рэактыўны лятак Ан-225 «Мрія», які быў на рамонце і не здолеў пакінуць аэрадрому праз дэмантаваны рухавік. Ужо 25 лютага ў выніку расейскага бамбардавання і верталётнага абстрэлу «Мрія» большаю часткаю згарыць у сваім ангары.

Менавіта там, у Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці, агрэсары нарваліся і на першы годны адказ: ужо ў першай паветрана-дэсантнай аперацыі вораг зазнаў буйную паразу праз цэлы шэраг памылак. Прыблізна 130 дэсантнікаў былі знішчаныя, а астатнія разбегліся па лясах. Аэрапорт зрабіўся першаю сур’ёзнаю перашкодаю для наступу агрэсара на сталіцу Украіны – Кіеў. Вораг адступіў.

Вельмі агідна, што першыя дні вайны прайшлі пры выкарыстанні нашай тэрыторыі. Менавіта з Беларусі паляцелі верталёты ўздоўж Дняпра на Гастомэль з баязлівага дазволу Лукашэнкі, а праз чарнобыльскую зону адчужэння прасунуліся сухаземныя войскі Расеі.

Але некалькі спробаў атакаваць Кіеў захлынуліся яшчэ да канца сакавіка.

З пачатку вайны да разбурэння з вялікаю колькасцю ахвяраў Данецкага акадэмічнага абласнога драмтэатру ў Марыупалі заставалася 20 дзён, а пакуль тут з вялізным поспехам прайшла прэм’ера «Майстра і Маргарыты» ды былі распланаваныя спектаклі да 5 красавіка. Але ўжо 21 лютага не адбылася пастаноўка «Клоўн, які марыў стаць прэзідэнтам». Паводле анатацыі, гэта галівудскі сюжэт з выкарыстаннем бродўэйскіх касцюмаў і арыгінальных дэкарацыяў з вельмі вялікім бюджэтам.

«Аднойчы, у прыдуманай краіне, дзе пануе карупцыя, разбэшчанасць і злачынства, добры клоўн пастанавіў усё змяніць і стацца тут прэзідэнтам». І хоць на афішы была рэмарка, што ўсе падзеі прыдуманыя, а любыя супадзенні з рэальнымі асобамі абсалютна выпадковыя, няцяжка было здагадацца, хто ёсць прататыпам галоўнага героя.

Гісторыі
Задакументаваць пекла на зямлі: расеец фіксуе злачынствы РФ у Марыупалі і просіць дапамогі
2023.06.11 16:30

Натуральна, не адбыўся і спектакль, прызначаны на 28 сакавіка, на які ўсе квіткі былі прададзеныя больш як за месяц. Гэта камедыя да слёзаў «Асцярожна, людзі» са сцэнічным аповедам пра сустрэчу Ангела і Чорта ў кабінеце практолага… Шчыры спектакль пра любоў, пакуты, выбары, шчасце, сям’ю, вайну і мір. І ў цэлым – пра сэнс нашага Жыцця. Усе вялікія літары – згодна з арыгінальнай афішаю. Шэкспіраўскі выраз «ўсё жыццё – тэатр, а людзі ў ім – акторы» як ніколі прыдатны.

Марыупальская сцэна, якая вельмі часта працавала з аншлагам, цяпер набыла выключна расейскі антураж. На сайце ўжо Марыупальскага рэспубліканскага акадэмічнага ордэна «Знак Пашаны» расейскага драматычнага тэатру пішуць: «Падзеі 2022 года сталіся цяжкім выпрабаваннем для гораду і тэатру. І зноў, як бывала не аднойчы, разам з Марыупалем адраджаецца і тэатр. На сцэну вярнулася расейская і савецкая класіка – спектаклі паводле твораў Пушкіна, Чэхава, Булгакава, Вампілава, Твардоўскага».

Першыя содні вайны шмат у чым сталі лічыцца самымі жудаснымі. А ў гэты час цынічны Аляксандр Лукашэнка спакойна праводзіў нараду з вайскоўцамі, на якой назваў прэзідэнта Украіны «мярзотнікам», які сам вінаваты ў пачатку ваенных дзеянняў. На наступны дзень наведаў цэнтр хірургіі, траўматалогіі і гематалогіі ды як нічога не было пакатаўся на лыжах з нарадзінкай Украіны, былой біятланісткай Аленай Зубрылавай ды галасаваў на рэферэндуме.

Тады ў беларускага «міратворцы» зноў абвастрылася фобія, што Польшча хоча скарыстацца вайною ва Украіне і напасці на Беларусь, а таму папрасіў Расею абараніць яго, што Пуцін яму быццам бы і абяцаў.

Рымейк страшэннай запужанасці 2020 года цягнецца і да сёння.

Страшна, што аўтар выразу «Вы што, хочаце, каб было як ва Украіне?» сам жа спрыяў распальванню міжнацыянальнай варожасці.

Узнікла думка, што, калі б Расея пастанавіла ў 2014-м годзе нападаць на Украіну не з боку Крыму, а акурат з поўначы, ён зрабіў бы тое сама, што і два гады таму: даў бы як след падрыхтавацца расейскай арміі для агрэсіі на сваёй тэрыторыі і потым бязлітасна дапамог бы атакаваць суседнюю дзяржаву з тэрыторыі абсалютна мірнай Беларусі.

Не паддаецца разуменню, як чалавек, які настойліва насаджае абавязак памятаць пра Другую сусветную вайну, гэтак лёгка пагаджаецца дапамагаць цяпер ужо іншаму агрэсару.

Яны разам з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным адзначаюць дзень перамогі ў Другой сусветнай вайне, юбілей вызвалення Ленінграду ад фашысцкай блакады, але самыя ж распалілі і новае жудаснае супрацьстаянне.

Гітлер пасля савецка-фінскай вайны грэбліва лічыў Чырвоную армію калосам на гліняных нагах і сцвярджаў: «Нам дастаткова пхнуць парадныя дзверы, каб уся прагнілая канструкцыя бальшавіцкага рэжыму рухнула». Таксама фюрэр быў прадвеснікам пуцінскага жудаснага наратыву, заяўляўшы: «Нямеччына альбо зробіцца сусветнай дзяржавай, альбо перастане існаваць».

Гісторыі
«Цэлае пекла мы перажылі». Паразмаўлялі з жыхаркамі Бучы, якія перажылі расейскую акупацыю
2022.04.08 11:00

Праз здзяйсненне плану «Барбароса» планавалася разграміць Савецкую Расею ў хадзе адной кароткатэрміновай кампаніі, выкарыстоўваючы досвед бліцкрыгу ў Еўропе. Пуцін і ягоныя генералы і без усялякіх планаў былі ўпэўненыя, што Кіеў дасца ім лёгка. Але фашыстам у выніку сталіцу СССР, Маскву, якую разам з Ленінградам хацелі зраўняць з зямлёю, каб не карміць працяглы перыяд мясцовага насельніцтва, узяць і не ўдалося. Як і расейцы атрымалі знатны адлуп каля Кіева, куды пакуль больш не рызыкуюць прасоўвацца.

Нам не дадзена ведаць, чаму зямля час ад часу нараджае тыранаў, гвалтаўнікоў і забойцаў. Як і немагчыма патлумачыць, як так здарылася, што нацызм фашысцкай Нямеччыны праз 70 гадоў мутаваў у вялікадзяржаўны расейскі шавінізм з тымі ж наступствамі: жаданнем зямнога ўладарства ды перавагі над іншымі нацыянальнасцямі і народнасцямі.

Адкуль гэта бярэцца? Дзе і што чалавецтва ў гонцы за прагрэсам упусціла? Чаму гэтыя вар’яты не толькі нараджаюцца, але і прабіраюцца ва ўладу, а значыць, дастаўляюць пакуты і боль і свайму, і чужым народам па ўсім свеце? Ці скончыцца гэта калісьці? Ці дасць прырода чалавецтву хоць які час пажыць без свавольства драконаўскіх узурпатараў і самадураў? Ці зямля працягне рэгуляваць народанасельніцтва праз войны і прыродныя разбуральныя з’явы?

Хочацца ўсё ж верыць, што людзі ўжо нацярпеліся настолькі, што проста не маюць часу, каб з усім гэтым звыкнуцца. Пуцін, Лукашэнка і падначаленыя ім забойцы ўжо не маюць шанцаў на даравальнае вяртанне да нармальнага жыцця.

Заданне ўсім нам – ні ў якім разе не дапусціць хаця б у Беларусі прасоўвання да ўладных паўнамоцтваў кагосьці хоць у нечым падобнага да Лукашэнкі. Нам, трэба прызнаць, прасцей даць з гэтым рады. А значна большай паводле тэрыторыі Расеі яшчэ грэбсці і грэбсці, вымятаючы абломкі самаўладдзя на самыя далёкія сметнікі гісторыі.

Аналітыка
Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны
2022.04.27 20:09

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў