«Санта» адчыняе «Віталюры» пакуль што пад старой шыльдай


У Беларусі пачалі адчыняцца для прыёму пакупнікоў крамы «Віталюр», узятыя ў арэнду іншай беларускай гандлёвай сеткай, «Сантай». Ужо працуюць як мінімум 7 крамаў, якія захавалі старыя шыльды і фасады. Пра гэта паведамляе «Belretail» са спасылкай на кіраўніцтва кампаніі.

Крамы «Віталюр» пераходзяць у арэнду «Санта Рытэйл», але захоўваюць элементы ранейшага брэнду.
Фота: «Office Life» / officelife.media

Паведамляецца, што кампанія «Санта Рытэйл» (гандлёвае падраздзяленне холдынгу «Санта») пачала адкрываць пасля змены асартыменту крамы «Віталюр», узятыя ў арэнду. Яны аднаўляюць сваю працу пад ранейшай шыльдай і з ранейшым афармленнем будынкаў і гандлёвых залаў. Але захаванне элементаў ранейшага брэнду – часовы крок дзеля больш хуткага аднаўлення працы.

«Сёння галоўнае – гэта ў самыя абмежаваныя тэрміны вярнуць да працы крамы сеткі «Віталюр», якія паэтапна пераходзяць пад кіраванне «Санта Рытэйл». На першым этапе гандлёвыя аб’екты захаваюць сваю назву. Пазней мы пяройдзем да пытання рэбрэндынгу. Важна, што персанал крамаў працягне працу ў сваіх гандлёвых абʼектах. А пакупнікі змогуць рабіць штодзённыя пакупкі ў месцах, да якіх прызвычаіліся. Крамы будуць адчыняцца пры поўнай загрузцы асартыментам», – цытуе «Belretail» дырэктара ААТ «Санта Рытэйл» Аляксандра Чуйко.

У Менску ўжо працуюць сем крамаў, астатнія адчыняцца «па меры гатовасці».

Раней паведамлялася, што 84 крамы гандлёвай сеткі «Віталюр» пераходзяць пад кіраванне іншай сеткі – «Санта Рытэйл». Напрыканцы 2022 года кампаніі супольна заявілі пра намер заключыць гэтую ўгоду і завяршыць яе да канца студзеня. Пасля чаго арандаваныя крамы пачалі адна за адной закрывацца, перад гэтым распрадаючы рэшткі тавару. Цяпер туды завозяць асартымент прадукцыі крамаў арандатара.

Пасля завяршэння працэсу колькасць крамаў у гандлёвай сетцы «Санта» вырасце да 300, а кампанія «Віталюр», як было заяўлена, атрымае магчымасць пагасіць даўгі перад дастаўцамі і крэдыторамі ды захаваць бізнес.

Антон Тачняк belsat.eu.

Стужка навінаў