Міхал Залескі: эканомія на ацяпленні абарочваецца стратамі


Ацяпленне ў Менскіх дамах пачне зладжана дзеяць толькі праз 3 тыдні.

Сёння жылыя дамы Менску пачнуць падключаць да ацяплення, перадае БелТА са спасылкаю на прэсавую службу Менгравыканкаму. Рабіць гэта будуць паэтапна, таму працэс расцягнецца амаль на тыдзень.

Камунальнікі не ў стане адначасова падаць цяпло ва ўсе дамы, бо сеткі не вытрымаюць такога аб’ёму вады. Таму штодзень запускаюць прыкладна 20%. Пасля падключэння батарэяў сістэму будуць рэгуляваць. На гэта спатрэбіцца каля двух тыдняў.

Грамадскія ўстановы пачнуць ацяпляць з 12 кастрычніка, астатнія аб’екты – з 15-га, пры наяўнасці пашпартоў гатоўнасці.

Паводле эканаміста Міхала Залескага, цягнуць з уключэннем цяпла дзяржаве нявыгадна: калі ў дамах робіцца халодна, расце выкарыстанне іншых крыніцаў цяпла. Людзі пачынаюць часцей прымаць гарачыя ванны, уключаць газавыя пліты і электрычныя ацяпляльнікі. У выніку – страты, бо такое ацяпленне менш эфектыўнае за тое, што мы атрымліваем праз батарэі.

Яшчэ адзін артыкул выдаткаў – лекі ды бальнічныя. “Мы працягваем савецкую традыцыю. Эканомячы на ацяпленні, губляем значна болей, калі лічыць у працаднях”, – тлумачыць Міхал Залескі.

belsat.eu

Стужка навінаў