У Браславе затрымалі працаўнікоў Музею традыцыйнай культуры


«Белсату» стала вядома пра затрыманне працаўнікоў Музею традыцыйнай культуры ў Браславе. У дамах быў учынены ператрус. Затрымалі дырэктарку ўстановы.

Выстава «Калядныя ўзоры» ў музеі ў 2022 годзе.
Фота: braslav-star.by

Затрыманне адбылося ўначы напярэдадні выставы «Калядныя ўзоры», якая адкрылася ў музеі 22 снежня.

Паводле нашай інфармацыі, уначы ў чацвер у дамы работнікаў Музею традыцыйнай культуры прыйшоў АМАП. Сярод затрыманых – загадчыца музею Элеанора Зінкевіч, ейны муж, а таксама іншыя працаўнікі ўстановы.

У дамах усіх работнікаў быў учынены «дасканалы ператрус», падчас якога знайшлі кнігі па гісторыі Беларусі, а таксама сканфіскавалі стары дакумент з пячаткаю, на якой выяўленая Пагоня.

Некаторых працаўнікоў ужо адпусцілі, некаторыя, разам з дырэктаркаю, застаюцца ў міліцыі.

Прычынаў затрымання не паведамляюць.

У праграме выставы «Калядныя ўзоры» значылася батлейка «Цар Ірад», майстар-класы, выстава вінтажных навагодніх цацак. Паведамляюць, што на выставу прыйшло шмат людзей, таму яе пастанавілі не адмяняць, нягледзячы на тое, што работнікаў музею не было на месцы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў