Мужчыну з Воршы арыштоўваюць і судзяць ужо чацвёрты раз запар


Мужчыну, які працуе ахоўнікам крамы «Білд» у Воршы, арыштоўваюць ужо чацвёрты раз запар. Апошні суд над ім адбыўся 12 кастрычніка.

Сяргей Вальковіч.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Сяргея Вальковіча, які некалі служыў у міліцыі, упершыню затрымалі 3 кастрычніка проста на працоўным месцы, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». На яго было складзена адразу пяць пратаколаў за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»).

Суд над Сяргеем, які ёсць бацькам няпоўнагадовага дзіцяці, адбыўся на наступны дзень, яму прызначылі 7 содняў арышту. Праз два дні ён быў арыштаваны яшчэ на 10 содняў. Трэці раз за падпіску на «Хартыю’97» у «Аднакласніках» мужчыну прысудзілі яшчэ 5 содняў.

12 кастрычніка над мужчынам адбыўся чацвёрты суд, за падпіскі на «Мая Краіна Беларусь», радыё «Свабода» і «Белсат» яму прысудзілі 15 содняў. Агулам тэрмін арышту Сяргея Вальковіча склаў 37 содняў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў