ЕАБР: Рост вытворчасці ў Беларусі падтрымліваецца дынамікай унутранага попыту


У Беларусі захоўваецца тэндэнцыя да павелічэння тэмпаў росту ВУП коштам росту прамысловай вытворчасці. Пра гэта кажуць аналітыкі ЕАБР у чарговым штотыднёвым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belmir.by

Згодна з паведамленнем ЕАБР, за 9 месяцаў гэтага года (студзень–верасень) ВУП краіны вырас на 3,5 % г/г пасля росту на 3,1 % г/г у студзені–жніўні. Такая дынаміка па-ранейшаму вызначаецца высокімі тэмпамі росту ў прамысловай вытворчасці: 8,1 % г/г за студзень–верасень пасля 7,9 % г/г за студзень–жнівень.

Як адзначаюць аналітыкі, амаль аднавіўся аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (-0,2 % г/г за студзень–верасень пасля -1,7 % г/г за студзень–жнівень).

«Рост вытворчасці падтрымліваецца моцнай дынамікай унутранага попыту», – сцвярджаюць у ЕАБР.

Інвестыцыі таксама выраслі – на 11,9 % г/г за студзень–верасень пасля 10,4 % г/г за студзень–жнівень. Рознічны тавараабарот вырас на 6,7 % г/г пасля 6,0 % г/г адпаведна.

Таксама ЕАБР пацвердзіў свае планы перагледзець прагноз росту ВУП Беларусі ў бок павышэння на фоне захавання ўпэўненай дынамікі.

На мінулым тыдні ЕАБР паведамляў, што гадавая інфляцыя ў верасні 2023-га абнавіла гістарычны мінімум і склала ўсяго 2 % гадавых у параўнанні з 2,3 % у жніўні і 2,7 % гадавых у ліпені 2023 года. Паводле ацэнкі экспертаў, асноўным драйверам зніжэння гадавога росту цэнаў зрабілася запавольванне росту цэнаў на харчовыя тавары.

Каментар
Беларускі рубель умацаваўся, бо ў расейцаў прымусілі здаваць долары?
2023.10.20 16:13

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў