Дэпутата мясцовага Савету ад апазіцыі звольнілі з працы. Ён падаў у суд


Апазіцыйнага дэпутата з Бярозаўскага раёну Валера Білібуху ў верасні звольнілі з працы, з занясеннем зменаў у кантракт, што дзейнічаў да 2023 года. Дзеля гэтага, кажа Білібуха, былі падробленыя ягоныя подпісы. Таму ён не пагадзіўся са звальненнем і падаў у суд.

22 кастрычніка суд Івацэвіцкага раёну стаў на бок ягонага былога працадаўцы ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас» – і адмовіў пазоўніку.

Звычайны рабочы з Кабакоў на Берасцейшчыне, сябра партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Валер Білібуха двойчы абіраўся дэпутатам мясцовага Савету і дапамагаў сваім выбарнікам: не раз збіраў подпісы, каб развязаць праблемы мясцовых жыхароў, пераказваў іхныя скаргі ў сваіх зваротах да абласных уладаў. Дый проста спрыяў усім, чым мог. І гэтым моцна дапякаў мясцовым уладам, але меў вялікую падтрымку вяскоўцаў.

Раней Валер Білібуха працаваў простым лесарубам у Кабакоўскім лясніцтве. Затым яго перавялі ў леснікі. Працаваў у лясгасе з 2002 года.

Ва ўмовах палітычных рэпрэсіяў улады змянілі ягоны кантракт, што быў дзейным да 2023 года, і сёлета ў верасні звольнілі працаўніка.

Валер палічыў сваё звальненне незаконным. У пазове ён запатрабаваў аднавіць яго на працы, спагнаць сярэдні заробак з 3 верасня. Акрамя таго, звольнены ляснік хацеў атрымаць і маральную кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў. Але атрымаў адмову.

«Пастановай суда я, вядома, не задаволены, але гэта сюрпрызам для мяне не стала. Аднак былі парушаныя і пяць пунктаў працоўнага заканадаўства, і калектыўная дамова. Мой былы працадаўца падрабіў мой подпіс, і я буду дамагацца, каб за гэта ён быў пакараны, і не збіраюся спыняцца», – кажа ў размове з «Белсатам» Валер Білібуха.

Не стала нечаканаю пастанова і для праваабаронцаў.

«Мы бачым шэраг парушэнняў і лічым гэтае звальненне незаконным. Таксама ёсць падставы думаць, што подпісы Білібухі былі падробленыя. Але суд не звярнуў на ўсё гэта ўвагі», – адзначае праваабаронца Валянцін Лазарэнкаў.

У законную сілу пастанова суда ўвойдзе праз пяць дзён, але Валер Білібуха плануе яе аспрэчваць.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў