news
Гісторыі
«Садызм і параноя». Былы палітвязень тлумачыць, чым калонія строгага рэжыму розніцца ад «агульнай» зоны
Каб Прыгожын прыехаў у Івацэвічы, то…
24.09.202308:00

Берасцейскі актывіст Аляксандр Храпко ў 2019 годзе сядзеў у магілёўскай калоніі, а ў 2020-м, па вызваленні, быў зноў затрыманы і асуджаны ў так званай карагоднай справе на 1 год і 1 месяц калоніі строгага рэжыму – як «рэцыдывіст». На «страгачы» – у івацэвіцкай ПК-5 – правёў пасля СІЗА паўгода. У размове з «Белсатам» былы палітвязень прызнаўся, што было нялёгка, і патлумачыў – чаму.

Аляксандр Храпко пасля эвакуацыі з Беларусі. Фота перадаў Белсату герой публікацыі

 

«Розніца паміж калоніяй строгага рэжыму і звычайнай калоніяй – амаль што ва ўсім. Скажу так: гэта як дзве розныя дзяржавы – з абсалютна рознымі грамадзянамі і рэжымам кіравання. У калоніі № 5 у Івацэвічах сядзяць людзі, якія знаходзяцца там больш часу, чым правялі на свабодзе. Шмат такіх. Яны адчуваюць сябе там як дома. Некаторыя сядзяць з юнацтва, і зараз ім па 50-60. Проста жывуць там», – апавядае Аляксандр Храпко.

«Ніхто не саромеўся хадзіць да «опера»

У калоніі строгага рэжыму № 5 у Івацэвічах (не блытаць з калоніяй узмоцненага рэжыму № 22 «Воўчыя норы», якая знаходзіцца за 20 км ад Івацэвічаў, у Даманаве) Аляксандр Храпко адбыў паўгода – з верасня 2021 года да сакавіка 2022-га. Пасля суду яго кінулі менавіта ў «страгач», бо меў ужо судзімасць: у 2019-м Аляксандра асудзілі да зняволення за «арганізацыю незаконнай міграцыі». У магілёўскай калоніі па тым, першым, прысудзе правёў больш за год і выйшаў на свабоду 28 жніўня 2020 года.

Паводле назіранняў былога палітвязня, у магілёўскай калоніі агульнага рэжыму сядзелі «больш этычныя людзі», якія прытрымліваліся няпісаных маральных правілаў. У Івацэвічах, па словах Аляксандра, такога не было – «прыстойнасці было мала». Напрыклад, у стаўленні да чужой маёмасці.

«У магілёвўскай калоніі я аднойчы пасля заняткаў пакінуў у спортгарадку свой гадзіннік. Проста забыўся на яго. Наступным ранкам прыходжу, а ён ляжыць, дзе і ляжаў. Ніхто да яго нават не дакрануўся. А ў Івацэвічах адзін асуджаны таксама гадзіннік забыў на пляцоўцы. І праз гадзіну яго там ужо не было. Умомант скралі», – згадвае Аляксандр Храпко.

Там са здзіўленнем адзначаў, што ў ПК № 5 ніхто не саромеўся ў адкрытую хадзіць на размовы да аператыўных супрацоўнікаў. Распавядае, што калі выходзіў на перакур у перарыве паміж заняткамі ў ПТВ, дзе вучыўся, назіраў аж чэргі з ахвотных паразмаўляць да кабінету «опера».

«У Магілёве нават да начальніка калоніі хадзіць лічылася «не вельмі прыгожа». Ну пра што ты будзеш яму расказваць? А ў івацэвіцкай гэта было ў парадку рэчаў – супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Нават не хаваючыся», – зазначае былы палітвязень калоніі строгага рэжыму № 5.

«Палітычныя» на зоне строгага рэжыму

Як і «палітычныя» на іншых зонах, Аляксандр атрымаў у Івацэвічах жоўтую бірку «схільнага да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці». Але ў адрозненні ад іншых месцаў пазбаўлення волі, на «страгачы» «палітычных» з жоўтымі біркамі было мала. За ўвесь час Храпко пазнаёміўся на зоне толькі з адным чалавекам з суседняга атраду, які быў асуджаны па палітычнай справе і таксама насіў жоўтую бірку (ягонае прозвішча, на жаль, не памятае).

Сцены і вышка калоніі № 5 у Івацэвічах.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

У атрадзе Аляксандра палітзняволеных не было зусім. Як згадвае, яму казалі, што «на тым баку» (зона ўмоўна была падзеленая на дзве часткі) сядзеў яшчэ адзін палітычны «жоўтабірачнік», але пра яго былы палітвязень нічога не даведаўся. Зэкі з жоўтымі біркамі «экстрэмісцкага» прафуліку былі пад пільнай і пастаяннай увагай адміністрацыі.

«Мяне пастаянна прыходзілі правяраць. Нават у ПТВ. Не кажучы ўжо пра атрад. І, напрыклад, калі звычайныя асуджаныя маглі хадзіць у госці ў іншыя атрады, то нам гэта строга забаранялася», – дадае Аляксандр.

Нагадаем, самы вядомы палітвязень, які зараз адбывае тэрмін у калоніі строгага рэжыму № 5 – гэта анархіст Аляксандр Францкевіч, прысуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў. Але ў калонію яго этапавалі толькі ў 2023 годзе – Храпко не мог з ім сустрэцца. Апроч Францкевіча, паводле спісаў «Вясны», у Івацэвічах адбываюць «выракі» 7 палітвязняў: Аляксандр Аўдзюк, Антон Баброў, Павел Бяленік, Ілля Дубскі, Павел Пяскоў, Ігар Пятран, Аляксей Сямёнаў.

Паход да «сматрашчага»

Аляксандр Храпко кажа, што, з увагі на тамтэйшы кантынгент, ні з кім у калоніі асабліва не сябраваў, апрача бібліятэкара, да якога прыходзіў за кніжкамі. Функцыі бібліятэкара на зоне выконваў немалады мужчына, які «матаў» там немалы тэрмін, але «з ім можна было паразмаўляць». Аляксандр прызнаецца, што прачытаў у Івацэвічах амаль усяго Карласа Кастанэду (у бібліятэцы меліся раздрукоўкі тэкстаў аўтара «Вучэння дон Хуана»), а таксама шмат навукова-папулярных кніжак выдавецтва «Эўрыка».

Сур’ёзных канфліктаў з іншымі зэкамі ў былога палітвязня не здаралася. Але, як успамінае, аднойчы ён быў вымушаны пайсці па параду да «сматрашчага». Зона ў Івацэвічах, як і ўсе ў Беларусі, лічыцца «чырвонай» («мянтоўскай»), але колішні «зладзейскі» інстытут «сматрашчага» на ПК-5 захаваўся (два «аўтарытэты» адказваюць за свае часткі зоны).

Інтэрв’ю
Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская: Беларуская пенітэнцыярная сістэма – гэта і ёсць ГУЛАГ, толькі мадэрнізаваны
2023.07.27 08:00

Храпко апавядае, што хадзіў да «сматрашчага» наконт правакацыяў, якія ў дачыненні яго чыніў адзін з «заўхозаў». Папрасіў разважыць. «Аўтарытэт» пахістаў галавой і вынес рашэнне: «заўхоз» больш прыносіць агульнай карысці, а значыцца – праўда на ягоным баку.

«Іншымі словамі, камерцыйны складнік найбольш уплывае на праўду. І калі мне гэта кажа чалавек, якога мы там павінны былі лічыць як бы эталонам паводзінаў, то я зразумеў, як усё жахліва ў калоніі насамрэч. У якім страшным становішчы ўсе мы знаходзімся…» – кажа Аляксандр Храпко.

Каб Прыгожын прыехаў у Івацэвічы, то…

Былы палітвязень упэўнены, што, калі б на момант пачатку вайны ва Украіне (у лютым 2022-га Аляксандр яшчэ адбываў там тэрмін) у калонію заявіўся б – «зямля яму вуголлем» – Яўген Прыгожын, то ў ПВК Вагнэра без асаблівых ваганняў запісалася б працэнтаў 30-40 зэкаў. Згадзіліся б пайсці на вайну.

«Многія выказвалі жаданне пайсці ваяваць, як даведаліся, што дзеецца ва Украіне», – гаворыць Аляксандр Храпко.

«Менавіта на баку Расеі?» – пытаемся.

«Мне падаецца, ім насамрэч усё адно, на чыім баку. Яны як той герой з фільму «Вяселле ў Малінаўцы», які скідвае будзёнаўку са словамі: «Зноў улада змяняецца!». Многія б пайшлі! Ім губляць няма чаго. І пры гэтым – у іх вельмі шмат злосці. Людзі, якія доўга сядзяць, – яны злыя на жыццё. І калі ім паказаць на любога пальцам, маўляў, «вось ён, вінаваты», яны не будуць разбірацца, гэта іхны крыўдзіцель ці не, – проста выльюць на яго ўсю сваю крыўду, злосць і негатыў, якія назапасілі за доўгія гады. І гэта страшна насамрэч», – кажа Аляксандр Храпко.

Супрацоўнікі калоніі строгага рэжыму № 5 у Івацэвічах перад стэндам з прозвішчамі асуджаных, якія знаходзяцца на прафуліку.
Фота: ivatsevichy.by

Дадае таксама, што распарадак дня і якасць ежы на зоне строгага рэжыму мала чым адрозніваліся ад таго, што было ў калоніі аульнага рэжыму. Але стаўленне асуджаных да ежы было іншае, бо вялікая колькасць зняволеных не атрымлівала харчовых пасылак («не грэліся») ці грошай з волі.

«Ад некаторых сваякі зусім адвярнуліся. Магчыма, нават цешыліся тым, што мелі магчымасць адпачыць ад чалавека, які надоўга трапіў за краты. І зразумела, ім нічога не дасылалі. На прамзоне яны атрымлівалі па 20-30 рублёў на месяц, ці 40, калі пашанцуе. І гэтых грошай бракавала нават на цыгарэты», – удакладняе наш суразмоўца.

Таму ў івацэвіцкай калоніі маглі «на глебе харчавання» ўзгарацца канфлікты, чаго не было на магілёўскай зоне, дзе большая частка асуджаных адчувала падтрымку з волі.

«З часам не перастаеш баяцца»

Аляксандр Храпко выйшаў на свабоду 15 сакавіка 2022 года. Праз ШІЗА, як гэта робяць у дачыненні з палітвязнямі ў іншых калоніях, яго не прапускалі, хоць меў ужо некалькі рапартаў за «парушэнні». Але перад вызваленнем палітвязню ўчынілі ўсё ж прыкрасць. Нехта пазваніў у калонію і паведаміў пра смерць маці Аляксандра. Яму інфармацыю пра гэта перадаў псіхолаг.

Аказалася – няпраўда. Але што давялося перажыць палітвязню, пакуль сястра не зняпраўдзіла па тэлефоне гэтую інфармацыю, цяжка сабе ўявіць.

«Дагэтуль не разумею, хто і з якой мэтай мог гэта зрабіць. Можа, хацелі такім чынам запалохаць ці зрабіць так, каб не соладка было сядзець. Я, шчыра кажучы, не магу залезці ў шкуру таго, хто ідзе на такое. У гэтым няма нічога разумнага. Толькі – садызм…» – кажа Аляксандр Храпко.

Па вызваленні, як прызнаецца Аляксандр, напружанасць не знікла. Быў страх. Потым – параноя. Прыслухоўваўся да аўтамабіляў за акном (спыніўся ці не?), баяўся выходзіць з дому і размаўляць па тэлефоне, бо падазраваў, што сочаць і праслухоўваюць. Не ведаў, скончылася ўжо ўсё ці не.

«Жыў у такім пастаянным і нядобрым напружанні. І самае страшнае тое, што з часам ты не перастаеш баяцца – проста прывыкаеш да такога стану. Ён становіцца як бы натуральным. Толькі зараз, калі я ўжо некалькі тыдняў знаходжуся ў небяспецы, за межамі краіны, мяне паволі пачало адпускаць…» – кажа былы палітвязень.

«Большасць людзей трывае ў страху»

Пасля вызвалення з івацэвіцкай калоніі № 5 Аляксандр пражыў у Беларусі амаль паўтара года. Зноў – пад пільнай увагай, з пастаяннымі праверкамі, хаджэннем у РАУС і ціскам сілавікоў. Органам вельмі не падабалася, што былы асуджаны не можа знайсці працу ў Берасці.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

А працу мужчына сапраўды шукаў. Зʼязджаць з радзімы не хацеў. Думаў, усё ўладкуецца. Але факт судзімасці на волі – як жоўтая бірка на зоне. На біржы працы былому палітвязню з вышэйшай адукацыяй прапанавалі паехаць папрацаваць скотнікам у вёсцы, а на спецыяльнай камісіі ў аблвыканкаме прапанавалі адно вакансію дворніка. Аляксандр адмовіўся.

«Такія толькі прапановы былі. І я зразумеў, што немае сэнсу шукаць. Марнаванне часу і нерваў», – кажа былы палітзняволены.

Атмасферу, якая панавала ў Беларусі, калі вырашыў пакінуць краіну, Аляксандр апісвае так:

«Я не жыў у сталінскія часы, але, як мне здаецца, агульная атмасфера вяртае мяне туды. Людзі запалоханыя. На палітычныя тэмы гутараць толькі шэптам і азіраючыся. Большасць людзей трывае ў страху», – падсумоўвае наш суразмоўца.

Успамінае, як людзі дзіўна на яго глядзелі, калі ён аднойчы рызыкнуў выйсці ў цэнтр гораду ў вышыванцы…

Прыходзілі да бацькоў уначы

Аляксандр Храпко эвакуяваўся з Беларусі напрыканцы жніўня 2023 года, калі атрымаў чарговую позву з УУС Берасцейскага аблвыканкаму зʼявіцца туды 25 жніўня ў якасці сведкі. Актывіст расцаніў гэта як рэальную пагрозу зноў трапіць за краты. У ноч з 23 на 24 жніўня ў дом, дзе жывуць бацькі Аляксандра, уварваліся супрацоўнікі ў форме, спрабуючы даведацца ў маці, дзе яе сын і чаму не бярэ слухаўку. Аляксандра на той момант ужо не было ў Беларусі.

Былы палітвязень знаходзіцца зараз у лагеры ўцекачоў адной з еўрапейскіх краінаў, якую пакуль што просіць не называць.

Былы палітвязень Аляксандр Храпко пасля эвакуацыі з Беларусі. Фота перадаў Белсату герой публікацыі.

Аляксандру Храпко 30 гадоў. Будучы студэнтам, ён спрабаваў удзельнічаць у выбарах у мясцовыя Саветы (2014). У 2016 годзе, як сябар аргкамітэту па стварэнні БХД, хацеў балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (не сабралі патрэбную колькасць подпісаў). Хацеў узяць удзел і ў парламенцкіх выбарах 2019 года, але напярэдадні ён быў затрыманы і асуджаны паводле ч. 2 арт. 371-1 КК («Арганізацыя і садзейнічанне дзейнасці для незаконнага ўезду ў Рэспубліку Беларусь замежных грамадзянаў, учыненых групай асобаў з папярэдняй змовай»). Храпко лічыць, што тая справа была цалкам сфабрыкаваная, каб адпомсціць за ягоны актывізм і палітычную пазіцыю. Тэрмін адбываў у калоніі № 15 Магілёва.

Праз некалькі тыдняў па вызваленні з калоніі стаў фігурантам новай крымінальнай справы, заведзенай за ўдзел у славутым «берасцейскім карагодзе» 13 верасня 2020 года (арт. 342 КК). Па «карагоднай справе» быў асуджаны на 1 год і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.

Гісторыі
«Заходзіш ноччу ў камеру, дзе сядзіць забойца». Былая палітзняволеная пра тое, як цяжка адчуць свабоду па вызваленні
2023.08.16 07:03

Зміцер Міраш belsat.eu