Ростані Надзеі Астапчук, або Дыскусія, якая зацягнецца на гады

Выпрабаванні, якія выпалі беларусам, сапраўды нежартоўныя. Усе мы сталі перад выбарам: як разумець адно аднаго? І тым, хто ратуючы сваё здароўе і жыццё выехаў за мяжу, і тым, хто застаўся, думаючы, што нічога не парушаў у жніўні 2020-га.

Згадалася пра гэта, калі я стаў удзельнікам дыскусіі ў інтэрнэце на тэму, якая даўно непакоіць: «Чаму людзі, якія зацята тры гады таму выказвалі сваю прынцыповую пазіцыю ў адносінах да лукашэнкаўскага рэжыму, раптам адмовіліся ад уласных перакананняў?»

Не так даўно кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін апублікаваў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» допіс, у якім, у прыватнасці, гаварылася:

«Роўна тры гады таму быў надрукаваны знакаміты Адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў супраць гвалту і скрадзеных выбараў. Яго падпісалі больш за 2000 прадстаўнікоў спорту, сярод якіх былі славутыя імёны беларускіх атлетаў… Унікальнасць сітуацыі ў тым, што за тры гады толькі некалькі чалавек адклікалі свой подпіс з-пад ліста».

Для мяне гэта было нечаканасцю. «Усё ж такі адклікалі?» – пытаюся ў спадара Апейкіна.

– Будзем так казаць: мы ставімся з разуменнем да іхнай сітуацыі.

Адна з падпісантак ліста вольных спартоўцаў і актыўная ўдзельніца паслявыбарчых падзеяў 2020 года – Надзея Астапчук. Яна ўпарта не хацела выязджаць з Беларусі. «Вось мужная, – думалася мне. – Гэта ж трэба быць такою бясстрашнаю». Як вынік – затрыманне, якое адбылося ў сярэдзіне снежня летась. Прычыны не ўдакладняліся. Ні пра дату суда, ні пра сам суд, ні пра вырак нідзе і ніколі – ні слова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Надзея Астапчук падчас спаборніцтваў на Алімпійскіх гульнях у Лондане. 6 жніўня 2012 года. Фота Kai Pfaffenbach / Reuters / Forum

Хвалюючыся за Надзею і не ведаючы, дзе яна і як, мы былі ўпэўненыя, што яна моцная, мужная і непахісная ў сваіх ідэях. А таму ўсё вытрымае. І раптам, у лютым 2023 года, спадарыня Астапчук з’яўляецца на тэлеканале ОНТ. І пайшло, і паехала. Надзея, усміхаючыся, прызнала, што ў сваіх дзеяннях расчаравалася, што яна ўжо ўдома, з уласнай ахвоты папрасілася на дзяржаўны канал, прыйшла ў мэрчы Першага і ў чырвона-зялёным спартовым касцюме, чым ганарыцца. Нічога надзвычайнага. Проста памылілася. З кім не бывае?

Але ў выбарчы год Надзея дала больш як гадзіннае інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву на Youtube-канале «Жизнь-малина» і распавяла, што «ў 2010-м галасавала за Раманчука, таму што ў яго адзінага была нейкая эканамічная праграма». А ў 2020-м – за Святлану Ціханоўскую, якая «была за тое, каб змяніць самую сістэму выбараў і каб гэта было настолькі празрыста, калі дакапацца ні да чаго ўжо нельга». А актыўнасць Надзеі ў 2020 годзе – гэта вынік безвыходнасці: «Сама рука цягнецца зрабіць рэпост чарговай навіны альбо нейкі каментар напісаць для таго, каб пастарацца даведацца, калі ўжо тое дно стане дасягальным. Але я сумняюся, што яно ўвогуле існуе».

– А ці ёсць рэчы, якія Вам падабаюцца ў Лукашэнкі? – запытаўся Мелказёраў.

– У прынцыпе – не. І ніколі нічога не падабалася. І мае бацькі яго не падтрымлівалі. Асабліва я працівілася, калі ён зрабіў сабе гэты «безліміт»: колькі хачу – столькі хаджу…

Але ў студыі ОНТ, хоць і не зусім упэўненым голасам, яна здала назад.

«Тут, ведаеце, спрацоўвае ўжо такое: калегі, сябры, тым больш я са многімі не бачылася гадоў восем-дзесяць… Зразумела, я пайшла за кампанію з хлопцамі і дзяўчатамі паразмаўляць, пахадзіць. Вядома, часткова была мая ініцыятыва, часткова я паддалася ўплыву».

Надзея Астапчук зрабілася яскравым прыкладам дэфармацыі асобы пад ціскам абставінаў, пра якія нам пакуль невядома. Дыскусія ў інтэрнэце сталася падарункам. Астапчук, зразумела, не пойдзе на інтэрвʼю для нас, а тут пашчасціла даведацца пра тое, аб чым думае спартоўка менавіта цяпер, праз паўгода пасля таго паходу на ОНТ.

На абвінавачванне ў страце грамадзянскай пазіцыі Надзея адказала так: «Вы, перш чым кагосьці і ў чымсьці вінаваціць або рабіць высновы, прыязджайце сюды і прайдзіце іхны шлях. А то ўжо дасталі барацьбіты-вызваліцелі замежныя. Пакажыце на сваім прыкладзе напачатку. Можа, і ў краіне тады б па-іншаму склалася. А то добра, калі хтосьці іншы за цябе пакутуе, сваё жыццё губляе, пакуль «самыя смелыя» жыццём насалоджваюцца. Як мой сябар, што застаецца цяпер у СІЗА, часта любіць казаць: п#здзець не мяхі варочаць… Весяліцца, хадзіць на канцэрты і спорт можна толькі вам, а мы, рабы, павінныя сядзець у куточку і плакаць. Можа, лепш вы ўжо забудзецеся на нас? Адпусціце і жывіце ў сваё задавальненне. Не трэба нам распавядаць пра тое, як нам жыць у «ГУЛАГу», мы самі як-небудзь дадзім рады».

Былы футбаліст, а цяпер рэлакант Яўген Вяроўка праз свой каментар парыраваў:

«Ой, ды ладна, Надзея. Зараз распавядаеш для каго? Людзі з’ехалі, каб не быць у рабстве. […] Вінаваціць тых, хто разумеў, што з рэжымам гуляць у такія гульні нельга… прынамсі, так сабе. Так што супакойся і спыні вось гэтыя лозунгі «прыедзь і пакажы». Куды прыехаць? Туды, дзе няма законаў і дзе ты раб? Табе так хочацца, ты і жыві, але не навязвай гэтага іншым».

бчб-флаг, Кубок Ивулина, Фонд спортивной солидарности, матч, футбол, Варшава, Польшча
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Заўзятары з 30-метровым беларускім сцягам падчас гульняў «Annual Ivulin’s Cup». Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Надзея не супакоілася і працягнула:

«Я б падыскутавала з табою пра рабства, якое ў галаве, пра «правілы гульні», але, з досведу зносінаў з табою, ты рэагуеш эмоцыямі, а не здаровым розумам. Проста не хочацца траціць час упустую. Удачы табе, Жэня!».

Калі нас ужо давялі да такога выбару, на чыім баку быць, то рыхтавацца да яго трэба грунтоўна, загадзя. Але каб не сутыкнуцца з тым, што ёсць сапраўднаю небяспекаю, людзі проста пакідаюць краіну і не скараюцца рэжыму. Або, з’ехаўшы, не вяртаюцца, каб захаваць сваё здароўе, а тое і жыццё. А найперш – маральнае аблічча. Можна зразумець тых, хто адрокся, нават дараваць. Але ці можна далей верыць? Як верыць тым, хто, па сутнасці, здрадзіў сваім шматгадовым прынцыпам? Зразумела, не кожны ёсць настолькі моцным, каб смела глядзець у вочы фізічнаму болю ці нават смерці і не павярнуць назад. Такі лёс ужо напаткаў Вітольда Ашурка ды Алеся Пушкіна, а таксама больш за два дзясяткі толькі афіцыйна вядомых асобаў, якія аддалі свае жыцці, але не здаліся на міласць гэтага сапраўднага выкліку ХХІ стагоддзя.

Так, усе мы смяротныя. І некалі – хтосьці раней, хтосьці пазней – пакінем гэты свет. Але ў якім абліччы – вырашаць кожнаму асабіста.

Фота вокладкі: Kai Pfaffenbach / Reuters / Forum

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў