Увечары 22 чэрвеня Берагавая ахова ЗША прызнала экіпаж батыскафа «Тытан», які адправіўся на месца крушэння лайнера «Тытанік», загінулым, паведамляе тэлеканал «Sky News».
Сувязь з батыскафам «Тытан» знікла ў нядзелю, 18 чэрвеня, увесь гэты час вяліся пошукі. Караблі з ратавальнай місіяй накіравалі ў месца здарэння ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Канада. Аднак Берагавая ахова ЗША 22 чэрвеня прызнала экіпаж батыскафа «Тытан» загінулым. У кампаніі – аператары «Тытана» «OceanGate Expeditions» таксама заявілі, што лічаць усіх пяцярых чальцоў экіпажу памерлымі. У тым ліку ў батыскафе быў дырэктар самой кампаніі-аператара, 61-гадовы Стоктан Раш.
Смерць магла наступіць у выніку ціску вады яшчэ ў нядзелю, 18 чэрвеня. Парэшткі людзей пакуль не знайшлі.
Адшукалі толькі пяць частак батыскафа, але пошукі асноўнай часткі судна працягваюцца.
«Па выніках кансультацыі з экспертамі з аб’яднанага камандавання, абломкі адпавядаюць часткам баракамеры батыскафа. Ад імя Берагавой аховы ЗША і ўсяго абʼяднанага камандавання я выказваю найглыбейшыя спачуванні семʼям [загінулых. – Заўв. belsat.eu]», – заявіў прадстаўнік Берагавой аховы ЗША Джон Могер.
Паводле ягоных словаў, чальцоў экіпажу прызналі загінулымі ад ціску вады. Батыскаф з людзьмі сціснула, як алюмініевую бляшанку, за 487 метраў ад месца крушэння «Тытаніка». Такую выснову зрабілі на падставе абломкаў батыскафа.
На гэты момант, як лічаць у Берагавой ахове ЗША, немагчыма прадказаць, ці ўдасца знайсці парэшткі загінулых з увагі на асаблівасці дна акіяну.
Год таму адзін з заснавальнікаў кампаніі «OceanGate» Стоктан Раш паказваў на відэа нутро свайго апарата. Ён выраблены з вугляроднага валакна і тытану. Унутры крыху месца для пяцярых чалавек, без абсталявання для сну або ежы. Кіраванне батыскафам ажыццяўлялася пры дапамозе пульта.
Алена Рувіна belsat.eu