Галерэя «Арт-Беларусь» зноў прэзентуе творы з карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк». Нагадаем, калекцыя была арыштаваная год таму ў межах крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі.
Галерэя працуе па адрасе: г. Менск, вуліца Казлова, 3. Там можна пабачыць творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кніжнага друку – усяго больш за 50 арт-абʼектаў. Новая экспазіцыя прысвечаная гісторыі беларускай культуры перыяду XVI–XX стст. У галерэі прадстаўленыя карціны Марка Шагала, Хаіма Суціна (у тым ліку «Ева»), Восіпа Цадкіна ды іншых сусветна вядомых мастакоў.
Паводле інфармацыі «Белсату», на выставе няма 10 карцінаў. Гэта творы, якімі валодае Віктар Бабарыка, і яны дагэтуль застаюцца пад арыштам. Дакладна няма адной карціны, «Аўтапартрэта» Марка Шагала.
У чэрвені 2020 года да крымінальнай справы «Белгазпрамбанку» далучылі больш за сто карцінаў з ягонай карпаратыўнай калекцыі банку. Сярод іх быў і самы дарагі з набытых у незалежнай Беларусі твораў – «Ева» Хаіма Суціна (прадстаўнікі банку купілі яе ў 2013 г. на аўкцыёне «Sotheby’s»). Дзяржаўная прапаганда тады сцвярджала, што дзясяткі карцінаў коштам $ 20 мільёнаў нібыта «рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны», хоць насамрэч гэтыя карціны якраз дзякуючы «Белгазпрамбанку» і з’явіліся ў Беларусі.
Калекцыя на сённяшні дзень налічвае 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Самыя раннія артэфакты датуюць XVI стагоддзем. Калекцыя пачала фармавацца ў 2011–2012 гадах. Тады банк набыў шэраг працаў мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі. Пазней калекцыя была прызнаная найбуйнейшым зборам твораў экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.
ІІ belsat.eu