«Гэта не зусім нармальна». Лукашэнка зноў ляціць у Маскву


23 траўня, прымаючы пасла Беларусі ў Расеі Дзмітрыя Крутога, Аляксандр Лукашэнка анансаваў сваю чарговую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Яна адбудзецца ў Маскве, а візіт гэтым разам будзе звязаны з наведваннем Еўразійскага эканамічнага форуму, што праводзіцца 24–25 траўня ў расейскай сталіцы. Такім чынам, з мінулай сустрэчы самаабвешчанага кіраўніка Беларусі з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі прайшло ўсяго два тыдні. Мы спыталі ў экспертаў, што могуць значыць гэтыя частыя сустрэчы, і паразважалі, што могуць абмяркоўваць два дыктатары.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах. 17 лютага 2023 года, Масква.
Фота: БелТА / belta.by

Лукашэнка патрабуе кампенсацыяў

Спікер Каардынацыйнае рады Андрэй Ягораў мяркуе, што ў цяперашніх умовах Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін будуць абмяркоўваць вайну, сітуацыю на фронце і наступствы ўсяго гэтага для абодвух рэжымаў. Акрамя таго, мяркуе эксперт, будзе абмяркоўвацца актуальны стан удзелу Расеі і Беларусі ў вайне, увод санкцыяў, магчымае выйсце з гэтай сітуацыі. На ягоную думку, гэтыя пытанні абмяркоўваюцца кожным разам пры сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Лукашэнка хоча гарантыяў, Масква даць іх не можа, «і Лукашэнка патрабуе пэўных кампенсацыяў ад Масквы».

Пра што могуць сведчыць такія частыя сустрэчы? У першую чаргу, кажа Андрэй Ягораў, пра тое, што «ў Беларусі і Расеі пабудаваная такая сістэма кіравання, дзе ўсе рашэнні прымаюцца на самым высокім узроўні». Без удзелу найвышэйшых кіраўнікоў немагчыма дамовіцца ў значных пытаннях: «ні Пуцін, ні Лукашэнка не могуць дэлегаваць пытанні на ўзровень ніжэй – да ўрадаў, спецыяльных камісіяў, міністэрстваў, таму ўсе пытанні ўпіраюцца ў палітычную волю абодвух дыктатараў, і ім кожны раз даводзіцца перадамаўляцца».

Каму больш патрэбныя гэтыя сустрэчы

У залежнасці ад сітуацыі сустрэчы могуць быць патрэбныя як Лукашэнку, так і Пуціну. «З аднаго боку, – гаворыць эксперт, – Расея выкручвае Лукашэнку рукі, спрабуе падмяць большую частку беларускага суверэнітэту праз паўзучую анексію, праз дарожныя карты паглыбленай інтэграцыі і саюзныя праграмы. І гэта не вельмі задавальняе рэжым Беларусі». А з іншага боку, адзначае Андрэй Ягораў, Лукашэнка хоча мець гарантыі ўстойлівасці сваёй сістэмы і далей, бо «ад яго гэтага патрабуюць ягоныя эліты». Лукашэнку трэба інвестыцыі, фінансавае падтрыманне Масквы і кампенсацыя стратаў, што нясе Беларусь за хаўрус з Расеяй у агрэсіі супраць Украіны. І Лукашэнка, сцвярджае эксперт, спрабуе ўвесь час атрымаць іх ад Пуціна.

Пуцін думае пра Беларусь…

Што да жаданняў Пуціна, дык, паводле Андрэя Ягорава, трэба ўлічваць, што расейскі прэзідэнт глядзіць на нашую краіну гэтак жа, як на тэрыторыю Украіны: як на залежную ад Масквы тэрыторыю, што не мае самастойнасці і мусіць быць далучаная да трыадзінага расейскага народу. «І гэтая палітыка працягваецца, ён [Пуцін] хоча хутчэйшага прагрэсу ў гэтых саюзных праграмах, большага кантролю Расеі, большага ўдзелу Беларусі ў вайсковых справах, звязаных з Украінай, і гэта не абавязкова ўвод войскаў Беларусі, бо могуць быць і іншыя формы судзейнічання», – адзначае эксперт.

Таксама, на думку Андрэя Ягорава, падчас сустрэчаў можа стаяць на парадку дня пытанне ядравай зброі. Бо Расея, з аднаго боку, хоча пагражаць ёй свету, а з іншага боку, ёсць Лукашэнка, які жадае кантраляваць гэтую зброю. Праўда, адзначае эксперт, гэтага яму ніхто не дазволіць.

«Праблемы, якіх не мусіць быць»

Падчас сустрэчы з Дзмітрыем Крутым Аляксандр Лукашэнка згадаў пытанні, урэгуляванне якіх патрабуе асабістай сустрэчы двух кіраўнікоў дзяржаваў, і выказаўся пра праблемы, «якіх увогуле не мусіць быць» у адносінах дзвюх дзяржаваў. Каментуючы гэтыя словы, Андрэй Ягораў адзначыў, што Лукашэнка, хутчэй за ўсё, мае на ўвазе кошты на энерганосьбіты, продаж беларускай прадукцыі на расейскі рынак, адсутнасць бар’ераў, зніжаныя кошты на транспарт – словам, усе тыя эканамічныя пытанні, якія кіраўнік Беларусі ўводзіць у паняцце роўнасці.

«Маўляў, калі мы з вамі будуем саюз, калі мы з вамі суагрэсары, дык давайце зраўняем умовы субсідавання прамысловасці, зніжаныя кошты на энерганосьбіты – вось гэтага ён дамагаецца», – адзначыў Андрэй Ягораў.

Але ці няма рызыкі для Лукашэнкі прыязджаць у Маскву, ці не можа так стацца, што ў Крамлі пастановяць замяніць Лукашэнку на каго-небудзь больш згаворлівага? На гэтае пытанне Андрэй Ягораў адказаў, што не бачыць небяспекі для самаабвешчанага кіраўніка Беларусі. «А на каго мяняць? – задае пытанне эксперт. – Лукашэнка выконвае большасць патрабаванняў Масквы. Можа, ён не самы просты суразмоўца, але ён бароніць расейскія інтарэсы ў Беларусі і робіць тое, што трэба Расеі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на яхце. Сочы, Расея. 29 траўня 2021 года.
Фота: Kremlin.ru

Адзінае патрабаванне з боку Лукашэнкі, што добра разумее Пуцін, – гэта захаванне за ім улады. «Бо Лукашэнка не хоча цалкам аддаць пад кантроль Расеі Беларусь. Але ва ўсім астатнім ён – самы прарасейскі палітык у Беларусі. І замяніць яго на кагосьці сёння – гэта стварыць турбулентнасць, якая невядома чым скончыцца», – кажа Андрэй Ягораў і дадае, што ў Расеі не так многа інструментаў кантролю палітычнай сітуацыі ў Беларусі, таму напрамак гэтага выбуху можа быць непрадказальным.

Псіхалагічная загадка

Палітычны аглядальнік і журналіст Віталь Цыганкоў мяркуе, што частыя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна – гэта пэўная псіхалагічная загадка, асабліва апошнія гады. «Гэта не зусім нармальна як з рацыянальнага, так і з практычнага пункту гледжання. Бо сустракацца кожныя пару месяцаў, каб уладкоўваць тыя пытанні, што заяўляюцца, няма неабходнасці», – гаворыць эксперт. Аднак зразумела, дадае ён, што за замкнёнымі дзвярыма адбываецца абмеркаванне не эканомікі, як заяўляецца, а «нечага больш важнага».

Віталь Цыганкоў звяртае ўвагу, што амаль шторазу пасля гэтых сустрэчаў ніякіх заяваў не робіцца – аб прынятых пастановах грамадства даведваецца толькі праз пэўны час. Так, паводле палітычнага аглядальніка, было з нападам на Украіну: з улікам ролі, што выконваў рэжым Беларусі ў гэтым нападзе, Лукашэнку было паведамлена пра планы яшчэ ў 2021 годзе. Так было і з заяваю Пуціна пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі – не пасля сустрэчы, не пад час нейкага паседжання, а ў звычайны дзень, без папярэдняга абмеркавання з Лукашэнкам. «Вось так гэта адбываецца: заяўляюць, што абмяркоўваюць эканоміку, уладкоўваюць нейкія іншыя пытанні і робяць абвяшчэнне гэтых пастановаў пазней», – пракаментаваў эксперт.

Пытанні для абмеркавання

Каментуючы словы Аляксандра Лукашэнкі пра «праблемы, якіх не мусіць быць» у адносінах паміж Беларуссю і Расеяй, Віталь Цыганкоў адзначыў, што ідзецца, хутчэй за ўсё, не пра эканамічныя пытанні, якраз з імі цяпер сапраўды праблемаў няма, бо ўсё зразумела: «памёр экспарт на Захад і павялічыўся экспарт у Расею».

А вось сярод праблемаў, якія могуць узнікаць, палітычны аглядальнік адзначыў, напрыклад, што Лукашэнку мог не надта спадабацца момант, калі ён не зусім здаровы прыехаў у Маскву, а прэс-служба прэзідэнта Расеі паказала яго ў непрывабным святле: «як ён не можа рухацца і вымушаны браць машынку, каб праехаць 300 метраў». Магчыма, Лукашэнка са сваёй надумлівасцю і падазронасцю мог успрыняць гэта як пэўны выпад Крамля і хацеў бы паразмаўляць, як гэта дапусцілі.

Яшчэ адной з тэмаў, на думку Віталя Цыганкова, можа быць абмеркаванне ядравай зброі. Бо Лукашэнку трэба нейкая пэўнасць у гэтым пытанні. Было ўражанне, адзначае палітычны аглядальнік, калі Пуцін зрабіў заяву пра размяшчэнне ў нашай краіне ядравай зброі, што Лукашэнка не быў гатовы да гэтага. Было некалькі дзён маўчання, а пасля пайшлі абсалютна супярэчлівыя заявы беларускага МЗС і розных расейскіх актараў наконт таго, хто будзе кантраляваць зброю – Беларусь ці Расея.

Побач з пытаннем ядравай зброі можа таксама абмяркоўвацца і пытанне ўдзелу Беларусі ў вайне. Хоць, адзначае эксперт, на фоне памяншэння колькасці расейскіх войскаў у Беларусі і перадачы нашай краінай свайго ўзбраення Расеі яно ўжо не такое актуальнае. Але ў той жа час, на думку Віталя Цыганкова, Лукашэнка можа пачынаць баяцца, што сама Украіна можа напасці на Беларусь. Менавіта таму ён «ставіць супрацьтанкавыя рагачы на дарогах, узводзіць так званую лінію Хрэніна». Лукашэнку хацелася б ведаць, ці дапаможа Расея яму ў гэтым выпадку.

Каб не зменшылася падтрыманне Расеі

Віталь Цыганкоў пагадзіўся з тым, што Лукашэнку не задавальняюць цяперашнія тэмпы супрацы з Расеяй. Бо сэнс эканамічна-палітычных адносінаў з Расеяй, на думку Аляксандра Лукашэнкі, палягае на тым, каб куплялі беларускія тавары, давалі крэдыты.

Палітычны аглядальнік адзначае, што паводле падлікаў, за 2022 год агульная сума ўскоснай і простай дапамогі Расеяй Беларусі ацэньваецца на 15 мільярдаў долараў. «Гэта рэкорд, такога ніколі не было раней! Расея разумее, што ёсць адзін безумоўны саюзнік, якому прыходзіцца плаціць», – адзначае наш суразмоўца.

Фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна насупраць будынку Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, размешчаная актывістамі на барыкадзе. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Прычым на фоне таго, што Расея паціху пачынае адчуваць эканамічныя цяжкасці, Лукашэнка баіцца, што можа зменшыцца і падтрыманне Беларусі.

«А ўявіце, што было б з беларускай эканомікай, каб не гэтыя 15 мільярдаў у самай рознай форме – ад нафты і газу да крэдытаў, да спісання крэдытаў?» – пытаецца Віталь Цыганкоў.

У той жа час эксперт адзначае, што калі Лукашэнку не ўдаецца выбіць грошай з Масквы, ён выбівае іх з расейскіх губернатараў. Пэўны час гэта было рызыкоўна, бо Барыс Ельцын спыняў гэта даволі нервова. Але цяпер, на думку Віталя Цыганкова, Крэмль не мае нічога супраць: хай прыязджаюць, хай дамаўляюцца.

Лукашэнка – адзіны верны хаўруснік Пуціна

Лукашэнка Пуціну патрэбны, мяркуе наш суразмоўца. Гэта сапраўды на сёння адзіны хаўруснік, які ў ваенна-стратэгічным сэнсе робіць усё: дае тэрыторыю, дае ўзбраенні, гатовы безумоўна пагадзіцца на размяшчэнне ядравай зброі, не падтрымлівае з Эрытрэяй ці Нікарагуа ўсіх антырасейскіх рэзалюцыяў.

«Так што Лукашэнка з вантробамі, у палітычным сэнсе, належыць Пуціну… Гэта двухгаловы цмок дыктатараў, якія адзін аднаму патрэбныя і адзін без аднаго не могуць», – рэзюмуе Віталь Цыганкоў.

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка апошнім разам сустракаўся з Уладзімірам Пуціным 9 траўня на парадзе Перамогі ў Маскве. Менавіта гэтая сустрэча спарадзіла чуткі пра хваробу Лукашэнкі: ён выглядаў вельмі хворым, не змог прайсці самастойна 300 метраў, а на руцэ меў бінт. Пасля паездкі Лукашэнка вярнуўся ў Менск, дзе не прамаўляў нічога падчас ускладання кветак да помніку Перамогі, а пазней знік з поля зроку амаль на тыдзень.

У 2022 годзе Лукашэнка і Пуцін сустракаліся персанальна 10 разоў, калі не лічыць шматлікіх тэлефанаванняў. А на сустрэчы з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым Лукашэнка заявіў, што ў 2023 годзе ён збіраецца сустракацца з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі яшчэ часцей.

Hавiны
Лукашэнка другі раз за месяц ляціць да Пуціна ў Маскву
2023.05.22 13:22

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў