Дзяржсакратар Блінкен: Спецпрадстаўніка ЗША для ўзаемадзеяння з дэмісіламі Беларусі неўзабаве прызначаць


Дзяржаўны дэпартамент ЗША прызначае спецыяльнага прадстаўніка для ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на слуханнях у сенацкім камітэце Кангрэсу. За хутчэйшае прызначэнне выказалася і Святлана Ціханоўская.

Энтані Блінкен падчас слуханняў у сенацкай камісіі Кангрэсу ЗША.
Фота: Secretary Antony Blinken / Twitter

22 сакавіка ў сенацкім камітэце Кангрэсу ЗША прайшлі слуханні ў справе бюджэтнага запыту Дзяржаўнага дэпартаменту на 2024 год. Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Энтані Блінкен расказаў, што цяпер разглядаецца магчымасць прызначыць новага спецыяльнага прадстаўніка для ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

На сёння ў амбасадзе ЗША ў Вільні ёсць персанал, які адказвае за стасункі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Да чэрвеня 2022 года там працавала спецпасланніца ЗША Джулі Фішэр. На гэты момант пасада спецпрадстаўніка вакантная, вядзецца праца для яго прызначэння.

«Мы вельмі актыўна разглядаем магчымасць руху наперад са спецыяльным пасланнікам», – сказаў Энтані Блінкен.

Паводле дзяржсакратара, у якасці варыянту спецпрадстаўніком для Беларусі можа стаць у сумяшчальніцтве старэйшая службовая асоба Бюро ў справах Еўропы і Еўразіі Дзяржаўнага дэпартаменту. Блінкен не назваў дакладнага тэрміну прызначэння, сказаўшы толькі, што гэта адбудзецца вельмі хутка.

Hавiны
ЗША пачнуць усёабдымны стратэгічны дыялог з беларускім дэмакратычным рухам
2023.03.23 08:50

У сваю чаргу абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з амерыканскімі сенатарамі з кокусу «Вольная Беларусь» заклікала прызначыць новага спецпрадстаўніка ЗША для Беларусі. Паводле Ціханоўскай, гэтае прызначэнне паспрыяе неадкладнаму развязванню беларускага палітычнага крызісу і дапаможа хутчэй пакласці канец умяшанню Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі ды выкарыстанню беларускай тэрыторыі расейскімі войскамі для агрэсіі супраць Украіны, якое назіраецца цяпер. Святлана Ціханоўская выказала ўпэўненасць, што дэмакратычная і суверэнная Беларусь адпавядае інтарэсам усіх дзяржаваў.

Як паведамляў раней «Белсат», 22 сакавіка Святлана Ціханоўская распачала свой трэці візіт у ЗША, які адбываецца гэтым разам на запрашэнне Кангрэсу.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў