news
Разбор
Траўмы дзяцінства і спробы запужаць. Чаму заявы Лукашэнкі і чыноўнікаў ніжэйшыя за пояс?
У 2012 годзе заява Лукашэнкі нават выклікала міжнародны скандал.
22.12.202317:47

Прадстаўнікі рэжыму ў Беларусі перыядычна звяртаюцца да тэмы геніталіяў, інтымных стасункаў і сексу. Прычым робяць гэта нават у не звязаных з гэтымі пытаннямі сітуацыях. Чаму так адбываецца, карэспандэнты «Белсату» разбіраліся з адмыслоўцамі ў псіхалогіі і сексалогіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў на цырымонію сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў СНД у дзяржаўнай рэзідэнцыі Ала-Арча ў Бішкеку, Кыргызстан. 13 кастрычніка 2023 года.
Фота: Vyacheslav Oseledko / AFP / East News

Намеснік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў нядаўна выявіўся экспертам у лінгвістыцы. Каментуючы дзяржаўным медыям расейскі серыял «Слова пацана. Кроў на асфальце», заявіў, што «пацан» нібыта паходзіць ад слова на мове ідыш «поц», што абазначае «пісюн». Хоць этымалагічны слоўнік расейскае мовы выводзіць «пацана» ад «пацука».

«Вось, атрымліваецца, «поц» – гэта «маленькі чэлес». Маленькі чэлес у маленькага хлопчыка. І вось уяўляеце – «слова пісюна». Што такое, атрымліваецца, «Слова пісюна» і «кроў на асфальце»? Калі гэта раскласці, ужо бачыцца ў гэтым ува ўсім… нейкае глупства», – адзначыў Карпянкоў, заадно падставіўшы Аляксандра Лукашэнку, які часцяком называў пацаном сябе.

Былы начальнік Партызанскага і Фрунзенскага РУУСаў Менску, а цяпер дэпутат Алег Гайдукевіч, якога падазраюць у непрыстойных публікацыях у Telegram, неяк, крытыкуючы апанентаў, падлічыў усе гей-клубы Вільні.

А былы начальнік Карпянкова і Гайдукевіча, экс-міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч нават вывеў цэлую катэгорыю грамадзянаў, якую абазваў «дзіравымі».

«Некаторыя з іх зрабілі сабе адтуліны ў месцах, прыродаю не прадугледжаныя. Некаторыя гэтыя адтуліны выкарыстоўваюць не паводле прызначэння. А некаторыя – сапраўды дзірка», – дзяліўся чыноўнік думкамі.

Да тэрміну геніталіяў звяртаецца перыядычна і Лукашэнка. Напрыклад, у 2011 годзе заявіў, што «еўрапейскія лідары – гэта нішто, яны ніхто, яны без яек». Таксама ён перыядычна баіцца, што яго будуць «нахіляць», у тым ліку «штучна» ці «занадта». І абяцае гэтага нікому не дазволіць. Аднак у дачыненні іншых ён не супраць такіх дзеянняў:

«Мы “нахіляем” і будзем “нахіляць”».

Крытыкаваў Лукашэнка неаднаразова і геяў, бо «гэта вычварэнцы, мярзота апошняя». Праўда, пры гэтым заступаўся за лесбіянак, маўляў, гэта мужыкі, у тым ліку і ён, «недзе не даглядзелі, недапрацавалі ў нечым».

Тым не менш, узурпатар прызнаваўся, што сярод прадстаўнікоў рэжыму, у тым ліку і на вельмі высокім узроўні, геяў «дастаткова». Дый працуюць яны нашмат лепш за іншых. Дарэчы, апошні раз ён уздымаў гэтую тэму з падачы ўжо згаданага Гайдукевіча.

На тэму геяў Лукашэнка выступаў нават з трыбуны ААН у 2015 годзе:

«Не хачу паглыбляцца ў гэтую праблему. Баюся завязнуць і потым трапіць пад лішнюю крытыку. Але так і хочацца спытаць: а дзяцей хто нараджаць будзе?»

У 2012 годзе заява самаабвешчанага прэзідэнта, што «лепш быць дыктатарам, чымся блакітным», нават выклікала міжнародны скандал. А вось адносна групавога сексу ў Лукашэнкі не было «пункту гледжання».

Жарты і заявы на такую тэму гучаць і з боку кіраўніцтва суседняй ды саюзнай Расеі. Напрыклад, у 2014 годзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на пытанне журналіста, што будзе, калі курс долара перавысіць адзнаку 41 расейскі рубель, нечакана заявіў:

«Я вам потым скажу. У нас, ведаеце, ёсць прымаўка, грубаватая, пра бабулю і дзядулю. Калі б у бабулі былі вонкавыя палавыя органы дзядулі, яна была б дзядулем, а не бабуляю. Таму што там казаць», – ухіліўся ён ад адказу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і міністр абароны Сяргей Шайгу наведваюць выставу вайсковага экіпавання пасля пашыранага пасяджэння калегіі Міністэрства абароны Расеі ў Нацыянальным цэнтры кіравання абаронай у Маскве, Расея. 19 снежня 2023 года.
Фота: Mikhail Klimentyev / POOL / AFP / East News

Курс долара ж у Расеі цяпер перавышае 90 рублёў, так што, нешта ў Пуціна, відаць, усё ж вырасла.

Групавы ж секс, паводле расейскага прэзідэнта, лепшы за «індывідуальны, бо тут, як у любой калектыўнай працы, сачкануць можна».

Праблемы ў дзяцінстве

Псіхолаг Наталля Скібская адзначыла ў каментары «Белсату», што з гледзішча псіхааналізу ў развіцці дзіцяці ёсць генітальная стадыя. І на гэтым этапе ў яго могуць адбывацца затрымкі, калі дзіця пачынае занадта канцэнтравацца менавіта на гэтай частцы цела.

«І калі казаць пра зацыкленасць на чэлесах, то гэта, напэўна, пра гэтую стадыю, на якой затрымаўся чалавек. Усё пачынае круціцца вакол чэлеса і сексуалізавацца», – сказала псіхолаг.

Пры гэтым экспертка заявіла, што сярод беларускіх чыноўнікаў такія заявы перадусім уласцівыя мужчынам. Гэта можа быць таксама следствам школьнай канкурэнцыі, калі хлопчыкі «сваймі памерамі» мераюцца.

«І самы першы, з кім пачынае канкураваць хлопчык, – гэта тата. Маленькі хлопчык заўсёды прайграе даросламу. І гэта можа стацца траўматычным досведам, тады ён пачынае на гэтым фіксавацца», – заявіла Скібская.

Паводле суразмоўцы, фіксацыя на гэтай тэме звязаная з канкурэнцыяй з фігураю «дарослага». На жаль, не ў кожнага, хто пра гэта кажа, наагул быў тата. А калі і быў, то не падтрымліваў свайго сына, не казаў, што «ты вырасцеш і ў цябе таксама ўсё будзе», а, наадварот, прыгнятаў ці абражаў. Прычым ува ўсіх сферах жыцця, а не толькі звязаных з геніталіямі.

«Калі дарослы паказвае, што ён моцны, дужы, а ты нішто – пачынае развівацца комплекс непаўнавартасці. І ў псіхіцы гэта ўсё таксама фіксуецца на гэтых тэмах. Затрымаўся чалавек. У яго самае галоўнае – моц, канкурэнцыя, усіх пераадолець, усе варожа да яго ставяцца. Трэба быць самым моцным, заўсёды зверху», – заявіла псіхолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Таксама, паводле эксперткі, мужчыны могуць не разумець і баяцца сваіх пачуццяў да іншых мужчынаў:

«Няшмат мужчынаў умеюць цёплыя стасункі будаваць. Няма гэтага разумення, прыкладу. І калі нават не казаць пра латэнтную гомасексуальнасць, пачуцці да іншага мужчыны могуць пужаць. І тады пачынаецца агрэсіўная атака на “гамасекаў” ды іншых».

Сысці ад тэмы і дадаць негатыву

Беларускі сексолаг на ўмовах ананімнасці адзначыла, што заявы, звязаныя з тэмаю сексу, у сённяшнім беларускім грамадстве з яго ўзроўнем сексуальнай адукацыі заўсёды будуць прыцягваць увагу, часта негатыўную. Гэтак могуць наўмысна спрабаваць адцягнуць увагу ад іншых, больш важных тэмаў:

«Людзі адцягваюцца ад асноўнай тэмы абмеркавання і пераходзяць на тэму сексу».

З другога боку, з дапамогаю тэмы сексу могуць спрабаваць павялічыць негатыўнае стаўленне да кагосьці. Напрыклад, часта пры затрыманнях паказваюць, што ў чалавека ўдома ёсць секс-цацкі або ён нейкай іншай арыентацыі: маўляў, давайце мы да яго яшчэ і за гэта будзем кепска ставіцца.

І хоць секс – інтымная тэма, зварот уладаў да яе можа таксама паказваць, што яны маюць права і на прыватнае жыццё людзей.

«Гэта такая форма запалохвання, форма закручвання гаек, каб вы моцна падумалі, ці можаце нешта хацець і магчы ў вашым інтымным жыцці», – адзначыла сексолаг.

Агулам, на думку адмыслоўцы, аўтарытарныя ўлады, якія хочуць «бязмежна кіраваць грамадствам і асобнымі людзьмі», заўсёды будуць выкарыстоўваць тэму сексу. Суразмоўца мяркуе, што калі людзі пачнуць «разумець сябе, закрываць свае базавыя патрэбы ў размнажэнні ці задавальненні», то пачнуць думаць і пра тое, што адбываецца вакол, спрабаваць на гэта неяк паўплываць.

Згодная з гэтым і псіхолаг Скібская. Яна падкрэсліла, што «дзяржава ў нас – гэта тэрарыстычныя арганізацыя, мэта якой – усіх запужаць, кантраляваць, ёй трэба залезці ўсюды – і ў галаву, і ў ложак». Пагатоў гомасексуальных стасункаў беларускае грамадства ў большасці сваёй не ўхваляе.

Макар Мыш belsat.eu