Карпянкоў падставіў Лукашэнку сваімі лінгвістычнымі разважаннямі


Мікалай Карпянкоў пусціўся ў лінгвістычныя разважанні з нагоды слова «пацан» і сказаў, што яно паходзіць ад слова «пісюн». Тым самым падставіў свайго шэфа Аляксандра Лукашэнку, які неаднойчы выкарыстоўваў слова «пацан» – і ў дачыненні да сябе ці свайго сына, і ў дачыненні да сусветных палітыкаў.

Намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.
Фота: sb.by

Даючы свой каментар з нагоды выхаду нашумелага расейскага серыялу «Слова пацана. Кроў на асфальце», генерал-маёр Мікалай Карпянкоў заўважыў, што слова «пацан» паходзіць ад слова «поц», што абазначае слова «пісюн»…

«Што такое «пацан»? Гэта нават, атрымліваецца, такі вось, атрымліваецца, тэрмін крымінальна-габрэйскага асяроддзя такі. Вось, атрымліваецца, «поц» – гэта «маленькі чэлес». Маленькі чэлес у маленькага хлопчыка. І вось уяўляеце – «слова пісюна». Што такое, атрымліваецца, «Слова пісюна» і «кроў на асфальце»? Калі гэта раскласці, ужо вось бачыцца вось у гэтым ва ўсім… нейкае глупства», – адзначыў Карпянкоў.

Паводле Карпянкова, у вайскова-патрыятычных клубах дзяцей называюць «хлопцамі» ці «маладымі людзьмі», у спецназе інструктары могуць выкарыстоўваць у дачыненні да падлеткаў слова «брацішка» – усё гэта дае правільные арыенціры для падлеткаў і не дазваляе ім збіцца са шляху.

Але вось што тычыцца слова «пацан», то тут Мікалай Карпянкоў мімаволі падставіў Аляксандра Лукашэнку, які часцяком выкарыстоўвае яго, прычым як у адносінах да сябе, так і ў дачыненні да дзяржаўных асоб іншых дзяржаваў.

«Сам я, яшчэ пацаном, настаўнікам пачынаў, толькі ў мяне было 24 гадзіны ў тыдзень», – казаў ён падчас прэс-канферэнцыі з прадстаўнікам СМІ ў 2013 годзе.

«Вось мне дадуць кампутар, скажуць – выйдзі ў інтэрнэт – ёсць там слова мацернае, вай-фай, іншыя тэхналогіі – мой пацан сямігадовы гэта хутчэй зробіць, я – не зраблю», – ужываў ён гэтае слова ў дачыненні сына Мікалая ў 2011 годзе.

«Шольц – гэта пацан, які нічога не разумее ў палітыцы», – адгукаўся Лукашэнка пра канцлера ФРГ Олафа Шольца ў жніўні 2022 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў