На менскі рынак «Новы Лебядзіны» (Табары) ранкам 22 верасня прыязджаў АМАП. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».
Паводле сведкі здарэння, у пакупнікоў і работнікаў рынку правяралі дакументы. У выніку сілавікі затрымалі больш як дзясятак выпадковых асобаў, змясцілі іх у аўтазак і павезлі ў невядомым кірунку.
Як паведамілі выданню Zerkalo, затрымлівалі тых, у каго не было беларускага пашпарта:
«Узбекаў, расейцаў, таджыкаў. Затрымлівалі спакойна. Не толькі супрацоўнікі АМАПу, але і людзі ў цывільным. Беларусаў праверылі і адпусцілі».
Агулам затрымалі 70 мужчынаў і 20 жанчын. Прычыны затрымання на рынку невядомыя. У адміністрацыі рынку раяць прыходзіць на працу з пашпартам, каб «ведалі, што вы свае людзі».
Якуб Хруст belsat.eu