«Адбыўся ўздым беларускай нацыянальнай культуры». Як спявачка Кацярына Ваданосава стварае беларускія народныя строі


Апошні строй, які зрабіла спявачка Кацярына Ваданосава. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Зусім нядаўна рамесніца Кацярына Ваданосава пашыла чарговы беларускі народны строй. Кацярына – паэтка, музыка і выканаўца сваіх песень, выкладае беларускую літаратуру і гісторыю Беларусі ў прыватнай школе.

«Цікава, што я займаюся строямі ўжо мінімум 11 гадоў, а то і больш. І чамусьці такая цікавасць менавіта да беларускага народнага з’явілася толькі цяпер. Што памянялася ў нашых галовах? Няўжо трэба 10 разоў цюкнуць нам па галаве, каб з’явілася цікаўнасць да свайго: да роднай гісторыі і культуры? Але, з іншага боку, лепш цяпер, чым ніколі, бо, нягледзячы на ўсё тое, што мы цяпер перажываем, адбыўся ўздым беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

Калі мы ўключаем традыцыйныя элементы ў сучасную моду, то мы павінны быць гатовыя да таго, што ствараем трэнд. А папулярнасць любога трэнду з цягам часу сыдзе. І для пэўнага фасону сукенак гэта нармальна, а для элементаў традыцыйнай, нацыянальнай культуры – даволі страшна, бо тое, што мусіць заставацца вечнай каштоўнасцю, можа знікнуць яшчэ хутчэй, як толькі пераходзіць у сферу моды, а, значыць, часовай з’явы. І, паколькі мы назіраем уздым цікавасці да беларускага, мне вельмі хочацца, каб гэты трэнд перастаў быць трэндам, а перайшоў у паўсядзëннасць», – дзеліцца з намі Кацярына Ваданосава.

Рэканструяваная мэбля. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Калі я хачу дарабіць нейкую справу да канца, то я не буду есці, спаць, займацца іншымі справамі, акрамя сям’і і абавязкаў на працы»

Кацярына заўсёды любіла займацца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, з самага дзяцінства, ёй падабалася ўпрыгожваць сябе, свет, усё тое, што яе атачае. Кацярына вучылася ўсяму сама, бо расла хваравітым, інтравертавым дзіцёнкам і шмат часу праводзіла дома. Калі аднакласнікі хадзілі на дыскатэкі, яна шыла і вышывала. Бацька памёр, калі ёй было 4 гады, таму маці, каб пракарміць дзяцей, увесь час працавала. У Кацярыны захаваліся вышытыя строі, кашулі, якія рабілі ейныя бабулі, але саміх бабуль, як і большасць сваякоў, яна амаль не памятае. Часам бывала так, што брала звязаную шыдэлкам кофтачку бабулі і проста глядзела на яе некалькі гадзінаў, каб разабрацца, як гэта зроблена. Потым пакрысе вязала. Напэўна, гэта не самы хуткі шлях, але самы дзейсны.

Ва ўніверсітэце прыйшлося «абшываць» саму сябе, каб не выглядаць горш за іншых, а падчас навучання на гістфаку адбылося шчыльнае знаёмства з гістарычнай рэканструкцыяй. Пасля замужжа ў 2010 годзе ў Кацярыны нарадзілася першае дзіця і, паколькі бракавала грошай, давялося манетызаваць тое, што яна ўмела. На той момант гэта былі не строі, а кнігі. Кацярына вельмі любіць пераплётную справу і ўмее рабіць кнігі паводле розных гістарычных тэхналогіяў – ад ранняга сярэднявечча да французскіх пераплётаў XVIII стагоддзя.

Адна з працаў Кацярыны. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Кнігі не заўсёды былі такімі, як цяпер, і, напрыклад, Келскае Евангелле нават вонкава і тэхналагічна вельмі адрозніваецца ад інкунабул Гутэнбэрга. Гэта было неверагоднае і глыбокае пагружэнне ў рамяство пераплётчыка, каліграфа, мініяцюрыста, нават вытворцы паперы… У спачывальні, паколькі месца ў кватэры бракавала, стаяў пераплётны варштат для сшывання лістоў, ціскі ды надфілі, каб уручную рабіць латунную фурнітуру для вокладак (напрыклад, аклады і зашпількі), замешваліся аўтэнтычныя тэмперныя фарбы з пігментаў ды атрамант з дубовых арэшкаў, як у сярэднявеччы… Гэта ўсё было яе асноўнай працай, пакуль малодшаму дзіцяці не споўнілася тры гады.

Кацярына Ваданосава ў беларускім народным строі, які яна пашыла самастойна.
Фота: асабісты архіў Кацярыны

Шытво і вышыўка – гэта больш для сям’і. Проста з цягам часу людзі пачалі звяртацца па строі, бо Кацярына захапляецца гістарычнай рэканструкцыяй. Замовы здараюцца не часта, гатовы строй – няважна, сярэднявечны або народны – гэта вельмі доўгая і дарагая справа. Самы сціслы тэрмін, за які Кацярына зрабіла поўны камплект жаночага народнага строю, з ручным шытвом, вышыўкамі ды ткацтвам, – гэта тры месяцы. Але насамрэч гэта быў шалёны тэмп – звычайна падобны аб’ём працы займае ў два разы больш часу.

Часцей на замову робяцца больш дробныя ці адзінкавыя рэчы: фартух, намітка, пояс, кашуля… Поўныя камплекты ствараюцца для сям’і ці для музычнага гурта.

Кацярына Ваданосава – паэтка, музыка і выканаўца сваіх песень, выкладчыца беларускай літаратуры і гісторыю Беларусі. Таксама Кацярына робіць беларускія народныя строі.
Фота: асабісты архіў Кацярыны

Кацярына працавала фотамадэллю. Ёй было не вельмі цікава ўдзельнічаць у камерцыйных здымках, якія рэкламуюць брэнды, але гэта быў спосаб зарабіць крыху грошай. Таму, калі выпадала магчымасць зладзіць творчыя здымкі ў сваіх строях, гэта было вялікай радасцю ды адпачынкам. Паколькі яна захапляецца гісторыяй сярэднявечча і новым часам, ёй падабалася папулярызаваць усё тое, што для яе міла, дорага і блізка, менавіта такім спосабам.

Кацярына Ваданосава ў самаробным беларускім строі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Калі я хачу дарабіць нейкую справу да канца, то я не буду есці, спаць, займацца іншымі справамі, акрамя сям’і і абавязкаў на працы. Мяне натхняе гісторыя, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, жывапіс, іншыя формы мастацтва. І я вельмі люблю прыроду, лічу, што яна найлепшы натхняльнік, менавіта яна ў найбольшай ступені фармуе густ. Больш за ўсё мяне натхняе мара пра вынік», – кажа нам Кацярына.

Як Кацярына Ваданосава стварае строі?

Для таго, каб зрабіць рэканструкцыю сярэднявечнага адзення, выбіраецца пэўная лакальная вобласць, часовыя рамкі. Рэканструкцыя – гэта навуковая праца з літаратурай, выяўленчым, ілюстрацыйным матэрыяламі, дакументальнымі крыніцамі. Таму ідэі падказвае сама гісторыя, ад іх проста не адыдзеш.

Кацярына разам з сямʼёю. Фота прадстаўлена рэдакцыі

З беларускімі народнымі строямі усё прасцей, бо тыя, хто іх насіў, жылі значна бліжэй да нашага часу. Яшчэ 100 гадоў таму іх шылі і насілі, засталося шмат чаго ў музеях, выдаюцца кнігі розных навукоўцаў, яшчэ нават можна знайсці майстрых, якія памятаюць, як ствараліся, аздабляліся ды насіліся тыя ці іншыя элементы адзення ў пэўным рэгіёне.

Цяпер цяжка знайсці адмысловыя матэрыялы. Калі трэба рэканструяваць пэўны строй у канкрэтнай вобласці, то трэба мець, напрыклад, адмыслова сатканую тканіну на андарак, адмыслова зроблены абутак. Бо ў адным рэгіёне насілі пасталы, а ў другім – лапці, а ў трэцім нават сяляне хадзілі ў фабрычных чаравіках. Часта для падобнай рэканструкцыі няма магчымасцяў: мала майстроў, якія могуць займацца такімі спецыфічнымі адгалінаваннямі свайго рамяства. Напрыклад, Кацярына ўмее ткаць, але ў яе дома няма кроснаў (іх проста не было б куды паставіць), таму прыходзіцца рабіць пэўныя дапушчэнні ды, напрыклад, замяняць аўтэнтычнае, сатканае ўручную сукно для андарака на фабрычнае.

Апошні строй, які зрабіла спявачка Кацярына Ваданосава. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Кацярына робіць някомплексныя строі. Напрыклад, ёсць маларыцкі строй, неглюбскі строй. Але часам з прычыны дэфіцыту аўтэнтычных матэрыялаў даводзіцца рабіць кампіляцыі. У апошнім строі кашуля неглюбская, андарак – з заходнімі ўплывамі, гарсэт таксама, намітка павязана такім спосабам, які выкарыстоўвалі ў Лельчыцкім раёне. То бок апошні строй – гэта не рэканструкцыя, а кампіляцыя. Рэканструкцыя – часткі гэтага строю, узятыя паасобку.

Hавiны
«Прадавалася як «Russian dress» – беларускі ў ЗША сабралі калекцыю нацыянальных строяў, а цяпер зрабілі шыкоўны каталог
2021.03.11 14:30

ДА belsat.eu

Стужка навінаў