Пазбыцца «сіндрому беларуса». У Варшаве зладзілі «Craft Day» для беларускіх рамеснікаў


У рамеснікаў усё атрымаецца ў Польшчы, толькі трэба навучацца кантраляваць убудаваны ў гены «сіндром беларуса». Пра гэта на канферэнцыі «Craft Day», якая прайшла ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі 21 красавіка, казаў беларускі бізнесовец і сузаснавальнік асацыяцыя «AIST» Сяргей Панфілаў. «Craft Day» ладзіўся для падтрымання беларускіх рамеснікаў у Польшчы. Больш за 30 прысутных, жывыя выступы спікераў, шчырая атмасфера. «Белсат» пабываў на сустрэчы.

Канферэнцыя Craft Day
Рамесніца Дар’я Тышкевіч дэманструе свае вырабы падчас канферэнцыі беларускіх рамеснікаў Craft Day у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 21 красавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Страх зрабіць няправільна»

«Што такое «сіндром беларуса»? – адказвае на нашае пытанне ў перапынку пасля першай часткі імпрэзы Сяргей Панфілаў. – Гэта нейкі страх зрабіць нешта няправільна і атрымаць за гэта жорсткае пакаранне. Таму беларусы стараюцца загадзя ўсё зрабіць правільна, што ў бізнесе немагчыма ў прынцыпе – усё адно дзе-небудзь накасячыш. Польскае заканадаўства прапаведуе прэзумпцыю невінаватасці. Таму калі ты выканаў усё ў межах закону, у якім маюцца нейкія прабелы і ты з гэтых прабелаў скарыстаўся, то ніхто цябе за гэта не пакарае. Нашым людзям трэба вучыцца гэтаму».

Сярод перашкодаў, якія не даюць беларусам быць паспяховымі прадпрымальнікамі ў Польшчы, Сяргей Панфілаў называе «пытанне абаротных сродкаў». Гэтая праблема, на ягоны погляд, не вырашыцца ні на ўрадавым узроўні, ні на ўзроўні еўрапейскіх банкаў. Прычына: мікрабізнесамі мала хто займаецца.

Канферэнцыя Craft Day
Сяргей Панфілаў з таварыства AIST.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«У гэтым сэнсе мне не вельмі падабацца мадэль паводзінаў беларусаў. Хай мяне абвінавацяць у шавінізме, але ёсць такое паняцце, як »жаночая мадэль паводзінаў«. Гэта калі ты вельмі прыгожая, і ўсе вакол цябе павінны табе нешта рабіць. Але ў 2020 годзе мы сябе так не паводзілі і прынялі »моцную мадэль паводзінаў«. Дык вось хацелася б яе захаваць і працягнуць, у тым ліку ў асяродку самазанятых мікрапрадпрымальнікаў», – выказаў пажаданне наш суразмоўца.

«Моцная мадэль» – гэта, напрыклад, стварэнне крамы мікраінвестыцыяў, якая можа з’явіцца, па словах Панфілава, да канца 2023 года. Яна дасць магчымасць людзям, якія маюць невялікую суму (3-5 тыс. еўраў) вольных грошай, укладаць іх у верыфікаваныя праекты.

«Узяць хаця б жанчыну, якая сёння расказвала, як робіць мэблю для катоў. Дапамаглі б ёй два-тры айцішнікі – і не трэба было б звяртацца да дзяржавы. А бізнес у яе прыгожы», – кажа Сяргей Панфілаў.

Мэбля для катоў Дарʼі Тышкевіч

Гаворка пра беларуску Дарʼю Тышкевіч, якая ў першай частцы канферэнцыі расказвала пра свой брэнд «Catelie» – сучаснай онлайн-крамы мэблі для катоў і котак. У Музей вольнай Беларусі, каб падзяліцца сваім досведам, Дарʼя прыйшла з мужам, які далікатна трымаў у руках кош з заснулым немаўляткам. А кот Хрупка, які натхніў жанчыну пачаць сваю справу, застаўся ўдома. Фірма праз нараджэнне дзіцяці стала на паўзу. Але яна не будзе доўгай, абяцае Дарʼя.

«Так, я рамесніца. Таму што ўсе палічкі мы робім уручную, большую частку робіць мой свёкар у майстэрні. Я яму дапамагала, пакуль на свет не зʼявіўся малыш. Не ўяўляю, як гэта можна было перавесці на больш масавы рынак. Масавая вытворчасць паліц такой формы – гэта пытанне шматтысячных інвестыцыяў», – тлумачыць журналісту «Белсата» Дарʼя Тышкевіч.

Канферэнцыя Craft Day
Рамесніца Дар’я Тышкевіч.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Усё калісьці пачалося з кніжкі пра псіхалогію катоў. Дарʼін Хрупка меў некаторыя праблемы з паводзінамі, і ягоная гаспадыня вырашыла зрабіць ягонае жыццё больш яскравым. Так зʼявілася «Catelie». Мэблю для катоў замаўляюць у краме наведнікі з усёй Польшчы. На Еўропу Дарʼя пакуль не замахваецца, бо асцерагаецца праблем з дастаўкай («Паліцы цяжкія і пасылкі вялікія»). Але толькі – пакуль…

«Што я магу сказаць беларускім рамеснікам. Упэўненая, што тут дакладна ёсць попыт на рамесніцкія тавары. І што кожны рамеснік, калі ўпэўнены ў сваіх сілах, павінен паспрабаваць рабіць і прадаваць сваё.

Але мусіць таксама ўсведамляць, што рамесніцтва ў Польшчы – гэта толькі 60 % працы, усё астатняе – вядзенне бізнесу. То бок – бюракратыя, падаткі і ўсякія аплаты», – папярэджвае Дарʼя Тышкевіч.

Ад «сіндрому беларуса» яна пазбавілася ўжо даўно. Жыве ў Польшчы 13 гадоў і мае польскае грамадзянства.

«Эмоцыі прадаюцца ўсюды»

Не мае страху зрабіць штось няправільна і ўкраінец Дзяніс Срыбны, які вучыў падчас «Craft Day» беларускіх рамеснікаў, як правільна зарабляць у «TikTok». Сам прадае ў «ТыкТоку» 100-120 скураных вырабаў (гаманцы, футаралы і г.д.) за тыдзень. Пачынаў яшчэ ва Украіне, калі пашыў першы чахол на планшэт са старых бабуліных джынсаў. Ён упэўнены, што прадаваць можна ўсё, нават фоткі какашак (сцвярджае, што ў яго атрымлівалася). Але ў Польшчы пачаў з імклівага падзення (згубіў 10 тыс долараў на крыптавалюце). Выратаваў украінца «Тыкток».

«Тыкток нам патрэбны, і трэба ім займацца. Не трэба думаць, што, маўляў, мая справа такая ўнікальная, што не пасуе для «ТыкТоку». Пасуе ўсім. Шукаць, думаць і дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці…» – заахвочваў рамеснікаў Дзяніс Срыбны.

Украінец зрабіў хіба самую эмацыйную прамову на сустрэчы.

«Эмоцыі – самае галоўнае, – казаў Дзяніс. – Эмоцыі прадаюцца ў «ТыкТоку», эмоцыі прадаюцца ўсюды».

«Усё маё развіццё – з такіх вось сустрэч»

Сваімі эмоцыямі падчас перапынку падзялілася з намі адна з наведніцаў канферэнцыі арт-актывістка Сафія.

«Ну крута! Ведаеце, у мастакоў ёсць праблема з продажамі. А тут сабраліся творчыя людзі з прадпрымальніцкім мысленнем. Спазнаць іх досвед – гэта сапраўды файна. Запісваю сабе новыя ідэі. Вельмі яшчэ важна і проста сустракацца. Усё маё развіццё тут – з такіх вось сустрэч, дзе магу знаёміцца і размаўляць з іншымі беларусамі. Гэта важна і гэта вельмі натхняе людзей», – гаворыць Сафія.

Распавядае, што разам з Аленай Казаковай (адна са спікерак «Craft Day») стварае зараз агульную працоўню «Артэль» – для мастакоў і рамеснікаў, якія нядаўна прыехалі ў Польшчу і пакуль не могуць вярнуцца да сваёй прафесіі – «працуюць на «Бядронках», пагрузках і гэтак далей». Прастора для працы, якую ствараюць дзяўчыны, будзе на самым пачатку бясплатная, потым плануецца ўвядзенне сістэма абанементаў.

«Робім гэта для таго, каб беларусы аднавілі сувязі і вярталіся ў прафесію. А такіх людзей шмат. Людзі працягваюць прыязджаць. І думаю, наш праект будзе запатрабаваны ў Варшаве», – мяркуе Сафія.

Беларус Сяргей прыехаў у Варшаву ўсяго 4 месяцы таму. Сямʼя пакуль у Беларусі, дзе, як кажа, усё жыццё займаўся прадпрымальніцтвам.

«Цікаўлюся керамікай, таму прыйшоў паслухаць ды пазнаёміцца з людзьмі. Як мне здаецца, мой беларускі досвед тут ні да чаго не прыдасца. Хіба што трошкі. Адаптуюся зараз, атрымаў карту побыту. Таму трэба рухацца далей і прывозіць сямʼю», – расказвае Сяргей.

Ён ужо пабачыў, што «ў Польшчы можна зарабляць».

«Я не думаю, што тут будзе горш, чым у Беларусі. Мяркую, будзе лепш», – пасміхаецца наш суразмоўца.

Знаёмімся таксама з беларускай Рытай, якая прызнаецца ў размове, што «мае справу і мае творчасць», але што з імі рабіць у Польшчы – пакуль не ведае. Для таго і прыйшла на сустрэчу. Рыта малюе на тканінах і хоча асвоіць кампʼютарную графіку.

«Музей вольнай Беларусі 2.0»

Прысутныя на сустрэчы «Craft Day» пачулі таксама выступы прадпрымальніка Алега Дашкевіча пра продажы на маркетплэйсах, стваральніцы онлайн-школы для бухгалтараў Таццяны Гаянковай, прадпрымальніцы Наталлі Фурс, якая прадае лічбавыя тавары на пляцоўцы «Etsy», прадстаўніцы арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў» у Варшаве Вольгі Шніп ды іншых.

Канферэнцыя Craft Day
Канферэнцыя беларускіх рамеснікаў Craft Day у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 21 красавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Напрыканцы сустрэчы Сяргей Панфілаў прэзентаваў праект «Музей вольнай Беларусі 2.0». Паводле Панфілава музей, адкрыты ў Варшаве год таму, плануе сёлета выйсці на польскую супольнасць, каб ягонымі наведнікамі былі не толькі беларусы. У планах таксама заснаванне і рэгістрацыя таварыства – своеасаблівую калабарацыю паміж людзьмі мастацтва і рамесніцтва.

«Я калі арганізоўваў гэтае мерапрыемства, не ведаў, што ў Польшчы ўжо створана столькі калярамесніцкіх актыўнасцяў. Напэўна, каля 10 розных суполак у інтэрнэце. І ў кожнай ёсць свой галоўны – галоўны па мастаках, галоўны па рамесніках і г.д. Вельмі хацелася б, каб мы ад мадэлі галоўных пераходзілі да мадэлі супрацы.

Таму што, на мой погляд, партнёрства – гэта куды лепей, чым прывычка залезці на галаву. У нас зараз асабліва няма чаго дзяліць, а вось фронт працы – велізарны», – падсумаваў Сяргей Панфілаў.

Канферэнцыю «Craft Day» у Варшаве зладзіла асацыяцыя «AIST», заснаваная беларускімі менеджарамі і прадпрымальнікамі для практычнай дапамогі малому бізнесу. Сустрэча адбылася пры падтрымцы «Музею вольнай Беларусі».

Гісторыі
«За коціка Друшу маглі кінуць у ШІЗА». Былы палітвязень расказаў пра «Воўчыя норы» і сустрэчы з Алесем Пушкіным
2023.03.12 17:15

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў