Даследаванне: у Польшчы жывуць каля 310 тысяч беларусаў


Аналітыкі платформы Picodi.com прыйшлі да высновы, што з 2019 года колькасць беларусаў у Польшчы вырасла ў 6,5 разу.

Даследаванне грунтавалася на польскім дзяржаўным рэестры ўліку насельніцтва PESEL. Частковыя звесткі з гэтага рэестру – у вольным доступе на партале адкрытых звестак. Апублікаваная база ўяўляе сабою спіс імёнаў усіх асобаў, якія жывуць у Польшчы, разам з колькасцю носьбітаў кожнага імені.

Аналітыкі Picodi.com мяркуюць, што звесткі з рэестру PESEL найлепш адлюстроўваюць рэальнасць, бо ўлічваюць таксама асобаў, якія ўжо паспелі атрымаць польскае грамадзянства. У той час як Управа справаў замежнікаў улічвае толькі толькі замежных грамадзянаў з дзейнымі дазволамі на пражыванне («karta pobytu»).

На падставе гэтых звестак аналітыкі Picodi.com прыйшлі да высновы, што за 2023 год у Польшчу пераехалі больш за 60 тысяч беларусаў. Агулам за апошнія пяць гадоў колькасць беларусаў у Польшчы вырасла ў 6,5 разу, цяпер іхны лік ацэньваюць на 310 тысячаў чалавек.

Раней у студзені Цэнтр беларускай салідарнасці апублікаваў інфармацыю, паводле якой летась беларусы атрымалі каля 59 тысяч дазволаў на пражыванне ў Польшчы.

Разам з тым, паводле польскай Управы справаў замежнікаў, на дзень 31 снежня 2023 года агулам у Польшчы жылі амаль 119 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія маюць дзейны дакумент, што быў выдадзены польскімі ўладамі і дае права жыць у краіне.

Hавiны
За паўгода колькасць беларусаў, якія афіцыйна пражываюць у Польшчы, вырасла на 30 %
2024.01.11 16:13

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў