«Дзе грошы, Лявончыку?» Стваральнік «BY_help» распавёў пра грошы фонду, Вольгу Карач і свой заробак


Цягам двух з паловаю гадоў «BY_help» сабраў амаль 5 мільёнаў долараў ахвяраванняў. Стваральніка фонду Аляксея Лявончыка рэгулярна вінавацяць у крадзяжы сродкаў. Каб разабрацца з гэтым пытаннем, аўтары праграмы «Шчыра кажучы» праверылі яго на дэтэктары хлусні.

– Вы калі-небудзь прысабечвалі чужыя грошы? – Не.

– Вы калі-небудзь прысабечвалі грошы «BY_help»? – Не.

Ну, для старонняга назіральніка я магу зразумець, чаму такое пытанне задаецца. У руках каманды людзей – грошы, якія не дэманструюцца публічна, усё вісіць на чэсным слове, на даверы да стваральнікаў гэтай кампаніі. Я разумею, што тады ўзнікаюць такія пытанні з боку людзей.

Кампанія была. Мы яе стварылі. Мы падумалі, што гэта харошы сімвал салідарнасці. Тое, што гэты сімвал салідарнасці сабраў не 200 тысячаў, а амаль 5 мільёнаў, праз два з паловаю года гэта ўжо, так сказаць, мы апынуліся ў нявыкрутцы. Я не скажу, што мы былі шчаслівымі ад таго, што гэтыя грошы ўпалі на нас. Таму што гэта азначала неабходнасць фармаваць каманду. Гэта азначала неабходнасць кінуць асноўную працу, якая прыносіць мне някепскі даход. І гэта азначала неабходнасць таксама, на дадатак усяго, вызначыць аб’ектыўныя крытэры, іх апублікаваць, сфармуляваць палітыку бяспекі.

Можна, канечне, схапіць 5 мільёнаў і «уехать в закат», што, як некаторыя лічаць, мы і рабілі, а можна гэтыя грошы размеркаваць. Ну, усё-такі ў мяне жаданне ёсць не псаваць сваёй рэпутацыі: тое, чым я займаюся, мне падабаецца.

Увогуле, вось гэтыя гуманітарныя рэчы. І проста я б хацеў, я чакаў, што «BY_help» будзе не такога памеру, разумееце, каб не цягнуў такіх наступстваў і такой адказнасці.

Паліграф: ПРАЎДА

Аляксей Лявончык падчас здымання новага сезону праграмы «Шчыра кажучы» ў Варшаве, Польшча. 20 студзеня 2023 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

– «BY_help» – вашая асноўная крыніца заробку? – Не.

За працу ў «BY_help» я грошай фактычна не атрымоўваю. У нас ёсць фінансаванне для валанцёрскіх пазіцыяў, якое мы пачалі ўжо шукаць глыбока ў другі год дзейнасці арганізацыі, таму што валанцёры ішлі ад нас. Мне трэба было ўтрымаць гэтых валанцёраў любой цаной: без валанцёраў кампанія накрыецца. Мы ў асноўным працуем унутры Беларусі, а гэта вельмі рызыкоўны бізнес. І таму мы пачалі шукаць дафінансаванне не з публічнага збору, а з інстытуцыйных. І мы знайшлі яго. Я таксама атрымліваю невялікі, так сказаць, заробак. Ён у нас ва ўсіх роўны, не назаву гэта заробкам, таму што гэта эквівалент фактычна 500 еўраў, штосьці такое.

Паліграф: ПРАЎДА

Ці праўдзівая інфармацыя Вольгі Карач пра тое, што вы не дапамаглі больш як 350 асобам, якія звярнуліся ў «BY_help»? – Не.

Вольга Карач казала няпраўду. Тут вельмі лёгкае пытанне. Тыя 350 – гэта быў першы наезд на нас за нашай спінай. Мы атрымалі гэты спіс. Вольга адмаўлялася яго перадаваць, хаця ў яе інтарэсах, падавалася б, было даць яго нам, сказаць: разбярыцеся! З гэтых 350 – 300 ужо былі ў нашай базе, і з імі працавалі. Ці ўжо аплацілі, ці працавалі, ці да іх яшчэ не дабраліся. 50 не было ў нашай базе, гэта праўда, яны проста падаліся кудысьці.

Здараецца так, што людзі, напрыклад, падаюцца, і яны думаюць, што яны падаюць заяўку ў «BYSOL», а гэта не «BYSOL». Думаюць, што яны падаюць заяўку ў «BY_help», гэта не «BY_help». Ім прыслалі форму – яны запоўнілі: мы ж для іх у прынцыпе, для бальшыні, усе на адзін твар, і я гэта таксама разумею. Ёсць пэўныя абмежаванні ва ўспрыняцці, як бы мы сябе там ні прамавалі. Чалавек можа напісаць заяўку ў «Dissidentby», напрыклад, які займаецца дапамогай сем’ям палітычных, гэта зусім не іхны профіль. Яны могуць на нас не перакіраваць, таму што яны ўсе заваленыя, і мы ўсе заваленыя. І таксама такое бывае, што да нас прыходзіць нехта ў чацік і кажа: мы напісалі заяўку – вы не адказалі. Я пытаюся: хто? Назавіце прозвішча. Прыходзіць прозвішча: мы правяраем у базе – прозвішча няма, мы просім запоўніць правільную заяўку. Пытанне закрытае.

Але, калі нехта напісаў не туды і пры гэтым не пастараўся, напісаў не туды, яму не адказалі, і ён ці яна не пастараліся звязацца з намі праз публічныя каналы, папытаць: «Дзе грошы, Лявончыку?» Тут мы нічога не можам зрабіць. Мы ж не тэлепаты.

Паліграф: ПРАЎДА

– Вы лічыце Кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай эфектыўнымі структурамі? – Так.

– Паколькі ў мяне выбар паміж дзвюма рэчамі – так ці не, я адказаў так. Хаця сапраўдны адказ на гэтае пытанне будзе – хутчэй так, чым не.

Паліграф: ХЛУСНЯ

Фота: Саша Альтэр / Белсат

– Гэта дзіўна, таму што я пры ўсіх іншых лічу Кабінет Ціханоўскай эфектыўным, наколькі магчыма ў тых рамках, у якія яна загнаная. Калі не выстаўляць да Кабінету Ціханоўскай патрабаванняў як да сапраўднага ўраду, з усім доступам да апарату, прымусу, грашовых рэсурсаў, падатковых рэсурсаў, то тое, што яна робіць, яна робіць на ўсе 120 %.

Іншае пытанне, што мяне таксама раз-пораз ахоплівае вялікае жаданне сказаць: «Мы всё прое**ли! Ціханоўская неэфектыўная, таму што ўсё рухаецца вельмі марудна». Але, калі вяртацца да чыстай логікі, я лічу, што Кабінет Ціханоўскай у гэтай сітуацыі робіць тое, што ён можа.

– Чаму паліграф паказаў такія вынікі, як вы лічыце?

– Думаю, у момант, калі мне задалі пытанне, я вагаўся між «не» ці «так». То бок як урад яна не выконвае сваіх абавязкаў. Але гэта не ўрад, гэта протаўрад. У іх няма ўрадавых магчымасцяў, у іх няма ўрадавых рэсурсаў, у іх няма доступу да паліцыі, у іх няма нічога гэтага. Гэта проста прадстаўніцкі Кабінет. Але як прадстаўніцкі Кабінет дыпламатычную працу яны выконваюць на ўсе 100 %.

Колькі зарабляе Аляксей Лявончык? Ці хацеў бы зрабіцца прэзідэнтам Беларусі? Ці ведае пра выпадкі махлярства сярод каманды «BY_help»? Глядзіце ў поўным выданні «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

Стужка навінаў