Нізкі рост і рызыкі праз Расею. ЕАБР распавёў, чаго чакаць эканоміцы Беларусі


У 2024 годзе ЕАБР прагназуе беларускай эканоміцы рост ВУП на 2%. Гэта вышэй за сярэдні за апошнія 10 гадоў, аднак адзін з самых нізкіх паказнікаў сярод краін ЕАЭС. Таксама Беларусь чакае паскарэнне росту коштаў і рост курсу долара.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«ВУП Беларусі павялічыцца на 2% у 2024 годзе пры захаванні выбудаваных вытворча-лагістычных ланцужкоў і падтрымкі з боку ўнутранай эканамічнай палітыкі. Следствам пашырэння ўнутранага попыту стане павышэнне інфляцыі з 5,2% у 2023 годзе да 8% у 2024 годзе», – піша ЕАБР.

Гэты прагноз актуальны пры базавым сцэнары, калі не адбудзецца новых моцных шокаў.

Прагноз росту ВУП, інфляцыі і курсу валют у краінах ЕАБР. Крыніца: ЕАБР

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун распавёў, што ў 2024 годзе эканоміка павінна вырасці на 3,8%. А Нацыянальны банк Беларусі плануе, што інфляцыя не паднімецца вышэй за 6%.

Запаволенне росту ВУП да 2% у 2024 годзе з 3,9% у 2023 годзе аналітыкі чакаюць таму, што завершыцца аднаўленчы перыяд пасля падзення ВУП у 2022 годзе (на 4,7%). Таксама з-за скарачэння занятасці і ўскладнення ланцужкоў паставак і доступу да тэхналогіяў.

Дапамагаць ВУП расці будзе стымулюючая манетарная і бюджэтная палітыка. Напрыклад, даступныя ўмовы крэдытавання і павелічэнне дзяржаўных выдаткаў. Гэта будзе падтрымліваць унутраны попыт і імпарт, дынаміка якога будзе апярэджваць экспарт, лічаць эксперты.

«Пры гэтым экспарт можа аслабнуць у 2024 годзе на фоне зніжэння росту ВУП Расеі, які прагназуецца, паслаблення цэнавых пераваг на расейскім рынку праз умацаванне беларускага рубля да расейскага і дасягнутага ў верасні 2023 года, рэкорднага за дзесяць гадоў узроўню загрузкі магутнасцяў у прамысловасці», – распавядае ЕАБР.

У 2025-2026 гадах ВУП Беларусі будзе расці толькі на 1-1, 5% у год з-за дэмаграфічных праблем і абмежаванняў на доступ да тэхналогіяў.

Прагноз росту ВУП Беларусі пры базавым сцэнары і магчымыя адхіленні пры пазітыўным і негатыўным сцэнарах. Крыніца: ЕАБР

«Уплыў фактару вонкавага попыту на эканамічны рост у Беларусі можа скараціцца на фоне запаволення тэмпаў эканамічнага росту ў Расеі і пашырэння ў ёй дзеяння палітыкі імпартазамяшчэння», – працягвае ЕАБР.

Паводле разлікаў аналітыкаў, інфляцыя паскорыцца да 8% у 2024 годзе.

«Карэкціроўка прапановы пад высокі ўзровень сукупнага попыту суправаджаецца павелічэннем выдаткаў. Іх перанос у спажывецкія цэны будзе расцягнутым у часе з-за захавання палітыкі цэнавага рэгулявання. Паслабленне беларускага рубля, якое прагназуецца да расейскага і падвышаная інфляцыя ў Расеі таксама будуць аказваць праінфляцыйны ўплыў на беларускі рынак», – піша ЕАБР.

У 2025-2026 гадах інфляцыя будзе патроху запавольвацца за кошт паслаблення ціску з боку ўнутранага попыту і рынку Расеі. Аднак рост цэнаў усё яшчэ можа быць павышаным за кошт ужо назапашанага інфляцыйнага падстрэшка, бо ўлады працягваюць рэгуляваць цэнаўтварэнне. У 2025 годзе прагназуцюць 7,4 %, а ў 2025 годзе – 6,4 %.

Hавiны
«Ну і што?» – міністр гандлю пра страты прадпрыемстваў ад рэгулявання цэнаў
2024.01.20 15:03

Рубель аслабне, а крэдыты не падаражэюць

Сярэднегадавы курс рубля прагназуецца 3,25 за долар. Эксперты мяркуюць, што ён будзе расці ў наступныя гады. У 2025 годзе дасягне 3,37 рубля за долар, а ў 2026 годзе – 3,54 рубля за долар.

«Дэфіцыт вонкавага гандлю можа пашырыцца ў 2024 годзе з прычыны апераджальнага росту імпарту, які прагназуецца, над экспартам. Гэта прывядзе да ўмеранага паслаблення беларускага рубля да долара і расейскага рубля. У сярэднетэрміновай перспектыве тэндэнцыя зніжэння кошту нацыянальнай валюты захаваецца ў сувязі з параўнальна нізкімі тэмпамі росту патэнцыйнага ВУП і падвышанай інфляцыяй», – адзначае ЕАБР.

Грашова-крэдытная палітыка застанецца мяккай у 2024 годзе, але маштабы стымулявання эканомікі будуць патроху скарачацца, лічаць аналітыкі. Да канца 2026 года стаўка рэфінансавання чакаецца паблізу 9%. Цяпер стаўка рэфінансавання складае 9,5%.

Hавiны
У якой валюце захоўваць грошы ў банку? Тлумачыць аналітык
2024.01.21 11:51

Рызыкі – санкцыі і Расея

Асноўнай рызыкай для беларускай эканомікі будзе запаволенне росту ў Расеі. Калі справы там будуць ісці дрэнна, то панясе страты беларускі экспарт у Расею. Як адзначаюць беларускія чыноўнікі, цяпер доля Расеі ў беларускім экспарце займае каля 60%.

Калі вонкавы гандаль упадзе, то Беларусь не заробіць грошай, за кошт якіх мог бы падтрымлівацца і ўнутраны попыт.

«У гэтай сітуацыі для Беларусі значна павышаецца рызыка рэцэсіі і скарачэння заробкаў у параўнанні з суседнімі эканомікамі. Гэта паскорыць працэс змяншэння колькасці занятых у эканоміцы, што прывядзе да паніжэння патэнцыйных тэмпаў росту ВУП і дадаткова пагоршыць магчымасці эканамічнага развіцця», – лічаць аналітыкі ЕАБР.

Яшчэ адна рызыка – гэта больш глыбокая рэцэсія ў найбуйнейшых сусветных эканоміках. Праблемы для Беларусі падобныя з тымі, што і ў супрацы з Расеяй. Калі астатнія партнёры будуць адчуваць цяжкасці, то і Беларусі не ўдасца зарабіць не экспарце.

Таксама захоўваецца рызыка новых сур’ёзных абмежаванняў у дачыненні да Беларусі і лагістычных праблемаў.

«Рэалізацыя гэтых пагроз можа прывесці да ўзмацнення жорсткасці ўнутранай эканамічнай палітыкі, значнага паслаблення беларускага рубля, паскарэння інфляцыі і тармажэння эканомікі. Станоўчым момантам застаецца высокая адаптыўнасць эканомікі Беларусі, якая будзе спрыяць абмежаванню негатыўных наступстваў у выпадку неспрыяльнага развіцця падзей.

Аптымістычным сцэнаром для беларускай эканомікі з’яўляецца больш высокі, чым прагназуецца ў базавым сцэнары, рост ВУП Расеі і поўнае аднаўленне экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў», – заключае ЕАБР.

Аб’ектыў
Беларусь – самая старая краіна ў ЕАЭС. Якія экнамічныя наступствы чакаць?
2024.01.17 20:40

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў