news
Рэпартаж
«Бяром курс на доўгую вайну». Камандзір палка Каліноўскага сустрэўся з беларусамі Варшавы
«Калі ласка, пачуйце мяне: яшчэ далёка нічога не скончана».
22.01.202410:03

Кіраўніцтва палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) плануе наведаць 11 еўрапейскіх гарадоў, каб сустрэцца з беларусамі. На першым спатканні, якое адбылася 21 студзеня ў Беларускім доме ў Варшаве, камандзір палка Дзяніс Кіт і ягоны намеснік Вадзім Кабанчук апавялі, чаму ПКК ні разу не зайшоў у Беларусь і чаму яго склад адзін за адным пакідаюць дасведчаныя ваяры. Адказалі таксама на пытанне, ці чакаць у Беларусі грамадзянскай вайны. «Белсат» пабываў на сустрэчы.

Прадстаўнікі палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук, Дзяніс Кіт Прохараў і Павел Кухта падчас сустрэчы ў Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Імпрэзу наведалі як мінімум 150 чалавек. Каб змясціліся ўсе ахвотныя, крэслы давялося ссоўваць амаль упрытык да выступоўцаў. Шмат людзей стаяла. Сустрэча працягвалася больш за паўтары гадзіны.

«Каб ведалі, што мы не фікцыя»

Полк імя Кастуся Каліноўскага рэпрэзентавалі ў Варшаве камандзір падраздзялення Дзяніс Кіт Прохараў, ягоны намеснік Вадзім Кабанчук ды прадстаўнік палка і кіраўнік мабілізацыйнага цэнтру Павел Віллі Кухта.

У самым пачатку Дзяніс Кіт шчыра падзякаваў беларусам, якія з моманту стварэння падраздзялення падтрымлівалі полк і працягваюць рабіць гэта цяпер:

«Гэтае падтрыманне – вельмі важная справа. Толькі дзякуючы яму мы трымаемся і нам лягчэй».

Камандзір палка Каліноўскага заўважыў, што спатканні з беларусамі ў еўрапейскіх гарадах і ладзяцца дзеля таго, каб выказаць падзяку людзям ды адказаць на іхныя пытанні:

«Сустракаемся з вамі, каб бліжэй пазнаёміцца. Каб вы адчулі, што мы можам дакрануцца адно да аднаго. Каб вы ведалі, што мы не фікцыя, што мы – сапраўдныя».

Кажучы пра людзей, якія падтрымліваюць падраздзяленне, намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук адзначыў, што ПКК – гэта «выключна народны праект», бо полк не атрымаў ніводнай капейкі фінансавання з фондаў ці з грантавых праграмаў:

«Без беларускага народу палка Кастуся Каліноўскага не існавала б».

«Дай Бог, у Беларусі ўсё абыдзецца без крыві»

Прысутным паказалі відэаролік пра полк Каліноўскага, які здымаўся яшчэ да канферэнцыі «Шлях да Волі» ў Кіеве.

Дарэчы, мемарандум па выніках той канферэнцыі, падпісаны не ўсімі ўдзельнікамі, узгадняецца дасюль (канферэнцыя праходзіла ў пачатку снежня 2023 года). Ужо па заканчэнні сустрэчы ў Варшаве Дзяніс Кіт прызнаўся ў размове з журналістам «Белсату», што паездкі па еўрапейскіх гарадах будуць служыць і для ўзгаднення тых выніковых дакументаў з палітыкамі («Гэта таксама адна з нашых мэтаў»).

З палітыкаў на варшаўскай сустрэчы мы заўважылі толькі прадстаўнікоў руху «Вольная Беларусь» – Зянона Пазняка і Паўла Усава.

Камандзір палка Каліноўскага апавёў пра шлях станаўлення беларускага вайсковага падраздзялення ва Украіне. Ён адзначыў, што дзякуючы падтрыманню звычайных беларусаў полк у першыя паўгода вайны здолеў «адбяліць імя сапраўднага беларуса ва Украіне».

Выстава дзіцячых малюнкаў у Беларускім доме ў Варшаве, прысвечаных беларускім добраахвотнікам. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Думаю, кожны разумее, што, каб даваць адпор рэжыму Лукашэнкі, нам патрэбная зброя. Дык вось мы і ёсць тая самая зброя. Цяпер мы маем такіх дасведчаных ваяроў, якія могуць даць фору байцам спецпадраздзяленняў. Яны праходзяць праз жорсткія баі. Але мы разумеем, што не толькі зброя павінна быць у гэтым кулаку, але і іншыя фактары – палітычны спектр. Мы працуем над гэтым. Мы не ідзём у адным кірунку», – сцвердзіў камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт.

«Нам ужо мала дэманстраваць сваю прагу да волі і выходзіць на вуліцу з бел-чырвона-белымі сцягамі. Нам трэба павучыцца ва ўкраінцаў такой рэчы, як уменне стварыць і абараняць свой Пляц волі – свой Майдан», – падтрымаў свайго камандзіра Вадзім Кабанчук.

Кабанчук казаў пра неабходнасць мець нацыянальныя збройныя сілы, але таксама заўважыў, што аднаго вайсковага прадстаўніцтва будзе замала, каб беларусаў пачулі на сусветным узроўні. Ён апавёў пра стварэнне пасля канферэнцыі ў Кіеве Часовай вайсковай камісіі (яе дзейнасць пакуль не афішуецца) і бізнес-групы – аб’яднання бізнесоўцаў, якія дапамагаюць беларускім добраахвотнікам ва Украіне.

«У нас ёсць разуменне, што без кансалідацыі ў шырокім сэнсе нам ніколі не ўдасца скінуць марыянеткавы рэжым Лукашэнкі. І цалкам імаверна, што перад намі некалі адчыніцца акно магчымасцяў. Гэта можа здарыцца бліжэйшым часам. Усё будзе залежыць ад поспехаў на фронце. Ваенная параза РФ дасць нам шанец на вызваленне», – сказаў Вадзім Кабанчук.

«Дай Бог, усё абыдзецца без крыві і без вайны. Але мы мусім быць гатовыя да самых радыкальных варыянтаў. Бо стаіць пытанне выжывання беларускай нацыі», – дадаў намеснік камандзіра палка.

«Калі ласка, пачуйце мяне: яшчэ далёка нічога не скончана»

На думку камандзіра Дзяніса Кіта вельмі папулярнае сярод беларусаў слова «супраціў» трэба замяніць на слова «барацьба» («Бо «супраціў» – гэта калі ты супраціўляешся, але ўсё адно ведаеш, што будзеш за кратамі, а «барацьба» – гэта калі робіш усё, каб за гэтымі кратамі не апынуцца»).

Камандзір Палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў падчас сустрэчы ў Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Мой пасыл вельмі просты. Вайна не скончылася. Шмат хто спадзяваўся, што гэта будзе хутчэй. Але мне было з самага пачатку відавочна, што гэта будзе гульня ў доўгую – вайна ў доўгую. І трэба мець гатовасць да такой вайны.

Мы бяром курс на доўгую, а як яно будзе – пабачым», – казаў Дзяніс Прохараў.

Ён упэўнены, што прыйшоў час зноў «абудзіць патрыятычныя струны» і «распаліць полымя ўсярэдзіне»:

«Калі ласка, пачуйце мяне: яшчэ далёка нічога не скончана, а наперадзе – пытанне вызвалення Беларусі. І нельга расслабляцца!»

«Ворага трэба паважаць»

Удзельнікі сустрэчы задалі камандаванню палка Каліноўскага каля 20 пытанняў. Сярод іх былі няпростыя і нязручныя.

Першае пытанне з залы было пра «эвалюцыю расейскіх войскаў»: ці назіраецца яна ўвогуле?

Вадзім Кабанчук заўважыў, што «перавага» расейцаў у тым, што яны не цэняць чалавечага жыцця, а людзі для іх – «расходны матэрыял». Тым не менш эвалюцыя назіраецца, калі параўноўваць з дзеяннямі расейцаў у 2014 годзе, сцвердзіў Кабанчук:

«Гэта вайна новага пакалення. Вайна дронаў і высокадакладнай зброі. На жаль, у ворага пакуль што колькасная перавага амаль на ўсіх кірунках. І ў паветры. і ў артылерыі, і ў тэхніцы. Але нічога: украінская армія спрабуе выраўняць рахункі, вызвалена шмат тэрыторыяў».

Інтэрв’ю
Баец палка Каліноўскага Салам: Міф пра расейскіх салдат як пра «чмобікаў» з іржавымі калашамі – не самы карысны
2023.11.05 08:10

Дзяніс Кіт, у сваю чаргу, казаў пра фактар расейскай прапаганды, якой яны «залазяць у галовы народу» – і «вораг едзе ўжо на фронт з ідэяй», а дакладней – з думкамі, што будуць біць «фашыстаў».

«Гэта праўда, яны рэальна ў гэта вераць… І калі падсумоўваць, то вораг даганяе, і не трэба яго недаацэньваць. Я нават казаў, што ворага трэба паважаць. Гэта вельмі цяжкая справа – вайна», – гаварыў Дзяніс Кіт.

Чаму полк Каліноўскага не заходзіць у Беларусь

Наступнае пытанне задаў адзін з былых беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Ён згадаў дзеянні РДК (Расейскага дабравольнага корпусу) і запытаўся, чаму полк Каліноўскага ніводнага разу не ўваходзіў на тэрыторыю Беларусі.

Прадстаўнікі Палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў і Павел Кухта падчас сустрэчы ў Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«ПКК – частка збройных сілаў Украіны (ЗСУ), і мы падпарадкоўваемся строга вайсковай іерархіі. Таму гаварыць пра тое, што настаў час і што мы можам уваходзіць ці рабіць нейкія самастойныя дзеянні, не выпадае. Для гэтага няма адпаведных умоваў», – адказаў Вадзім Кабанчук.

Ён таксама падкрэсліў, што «цэнтр ворага» – гэта Масква, і было б добра «разбіць маскалёў ва Украіне», каб не пераносіць ваенных дзеянняў у Беларусь.

Дзяніс Кіт Прохараў, падсумоўваючы, выказаў думку, што ўваход у Беларусь быў бы цяпер успрыняты Украінай як правакацыя:

«Гэта будзе ўспрынята як правакацыя і як адкрыванне другога фронту з боку Беларусі, чаго Украіне цяпер зусім не трэба».

Чаму полк Каліноўскага пакідаюць ваяры

Прагучала пытанне і пра «павальныя сыходы» добраахвотнікаў з палка Каліноўскага. «Чаму так адбываецца?» – запытаўся адзін з удзельнікаў сустрэчы.

«Мы вялікі калектыў, і, як у кожным вялікім калектыве, у нас здараюцца канфлікты. Камусьці штосьці не падабаецца. І тады яны сыходзяць. Некаторыя хлопцы пераводзяцца. Гэта проста працоўныя моманты», – адказаў Дзяніс Кіт.

«Калі ў чалавека галоўная ідэя – вызваленне Беларусі, то, дзе б ён ні быў, ён застаецца ў ЗСУ. У пэўны момант мы абʼяднаемся і будзем выконваць адну задачу», – запэўніў таксама Вадзім Кабанчук.

Ці трэба праводзіць выбары ў ПКК

«Можа, варта правесці выбары на кіраўнічыя пасады палка? Бо хлопцы сыходзяць, наракаючы менавіта на кіраўніцтва падраздзялення…» – прагучала наступнае пытанне.

«Выбары? У вайсковым фармаванні?..» – перапытаў камандзір палка і замаўчаў.

«Магчыма, у зале не ўсім зразумелы феномен ПКК. Нягледзячы на тое, што мы маем у складзе старэйшых афіцэраў, усе фактычна ў адным статусе – жаўнераў ЗСУ, і над намі вертыкаль украінская, то бок украінскія афіцэры, якія і ставяць перад намі баявыя задачы. Мы ў адным калектыве толькі паводле ўнутранай згоды. Таму наконт выбараў… Так сабе ідэя – праводзіць выбары ў вайсковым калектыве», – заўважыў Вадзім Кабанчук.

Сцяг палка Кастуся Каліноўскага на сцэне канферэнцыі «Шлях да волі». Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Што праўда, ён згадаў традыцыю Запарожскай сечы з выбарнасцю гетмана і паведаміў, што цяпер ствараецца Статут падраздзялення. Калі магчымасць выбараў будзе прапісаная ў гэтым дакуменце, а потым будзе зацверджаная, то выбары кіраўніцтва палка сапраўды ў будучым могуць мець месца.

«Але гаварыць пра выбары сёння заўчасна», – адрэзаў намеснік камандзіра ПКК.

Адказваючы на пытанне пра адраджэнне беларускага афіцэрства, Вадзім Кабанчук зазначыў, што ў межах Часовай вайсковай камісіі, створанай па выніках снежаньскай канферэнцыі ў Кіеве, «адбываюцца пэўныя захады» ў гэтым кірунку і «ўжо маюцца пэўныя вынікі».

«Без беларускага афіцэрскага корпусу мы не разбудуем нашай нацыянальнай арміі. Усё будзе, і ўсё наперадзе», – паабяцаў Кабанчук.

Чаму кіраўніцтва палка не рэагуе на крытыку і негатыўныя ацэнкі

Запыталіся ў кіраўніцтва палка і пра тое, чаму яно амаль ніяк не рэагуе на негатыўныя ацэнкі сваіх дзеянняў.

«Рэч у тым, што, калі б мы з пачатку вайны займаліся рэагаваннем на негатыў у наш бок, мы б проста не развіліся як падраздзяленне. Трэба прыняць той факт, што калі ты рухаешся ў слушным кірунку, заўжды знойдуцца незадаволеныя табой і тыя, хто будзе пляваць табе ў спіну. А калі плююць у спіну, мусіш ведаць, што ты – наперадзе. Такія пляўкі ёсць. І было б яшчэ большаю памылкаю захраснуць у гэтых канфліктах. У нас няма часу на гэта. Мы ваюем з іншым ворагам», – адказаў камандзір ПКК.

Паводле Дзяніса Кіта, тыя, хто нясе негатыў, – гэта людзі, якія не хочуць ведаць праўду цалкам.

Чаму Еўропа не спыніць дапамогі Украіне

Адказваючы на пытанне пра стомленасць еўрапейцаў у справе дапамогі Украіне, зададзенае па-польску, Дзяніс Кіт выказаў аптымізм: Еўропа вымушаная падтрымліваць Украіну і будзе гэта рабіць надалей.

«Лепей даць грошы на падтрыманне, альбо даць вайсковую тэхніку, чым пасылаць сваіх людзей на смерць, калі канфлікт выйдзе за межы Украіны. Я ўпэўнены, што Еўропа гэтага не хоча і разумее важнасць перамогі Украіны. І зробіць усё, каб не адпраўляць на фронт сваіх людзей. Бо людзей не зробіш на заводзе», – мяркуе камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага.

Інтэрв’ю
Камандзір палка Каліноўскага: Калі патэлефануе Святлана Ціханоўская – адкажу і выслухаю
2023.03.17 14:00

Дзяніс Кіт закрануў у адказе і пытанне карупцыі ва Украіне:

«Я вас запэўніваю: цяпер ідзе хваля горкай праўды, яна пранікае ў медыі, яе немагчыма спыніць. Што гэтая праўда прынясе? Я думаю, яна выкліча другую хвалю нацыянальнага вызваленчага полымя ва Украіне. Я хацеў бы, каб гэтак сталася.

Магчыма, гэта прагучыць дзіўна, але трэба, каб людзі адчувалі, што вайна працягваецца. У Кіеве і Львове. Павінны як мінімум разумець, што вайна ідзе. Не кажу пра тое, каб жыць вайной і заганяць сябе ў дэпрэсію. Але згадаць сабе, што яна не скончаная і што перамога мае вялізныя кошты, патрабуе вялізнага падтрымання. Цяпер гэта, можа быць, важней, чым на пачатку вайны. Сёння той самы момант, каб людзі зноў абудзіліся».

Ці будзе ў Беларусі грамадзянская вайна

Адно з пытанняў датычыла магчымай грамадзянскай вайны ў Беларусі ў выпадку, калі полк Каліноўскага ўвойдзе ў краіну дзеля яе вызвалення.

Вадзім Кабанчук выказаў упэўненасць, што ніякай грамадзянскай вайны ў Беларусі не будзе:

«Я яшчэ ў 1996 годзе зразумеў, што Лукашэнка не мае ніякай пасіянарнай падтрымкі, здольнай на адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. А без гэтага ніякай грамадзянскай вайны не здарыцца. Будуць жыць, як і жылі. Маю на ўвазе людзей, якія падтрымлівалі Лукашэнку. Што з імі яшчэ рабіць? Ну, а ў каго рукі ў крыві – пойдуць пад суд».

Вадзім Кабанчук –  намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага. Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«А ці не будзе так, што вас у Беларусі проста не чакаюць? Бо я ад некаторых чую: «Якое вызваленне? Нас усё задавальняе! Чаму я павінен выходзіць?» – гучыць чарговае пытанне.

«Не, не будзе так! Наадварот. Нас пазнаюць ува ўсёй краіне. А калі розныя амёбы і абыякавыя людзі вам гэта кажуць, якім усё адно, пад якім сцягам жыць, то можаце смела адказваць: за нашую родную культуру, за нашую родную мову, за нашую вышыванку, за нашыя родныя святы, за тое, што мы беларусы, – вось за што мы павінны выходзіць», – адказвае камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт.

Камандзір ПКК наведае яшчэ 10 гарадоў

У межах варшаўскай сустрэчы кіраўніцтва палка Кастуся Каліноўскага з беларусамі была прэзентаваная выстава дзіцячых малюнкаў, прысвечаных беларускім добраахвотнікам ва Украіне (выставу падрыхтавала арганізацыя беларускіх нацыяналістаў «Рух»), а таксама паказаны дакументальны фільм пра кіроўцу роты медычнай эвакуацыі «Беларускі фронт».

Прадстаўнікі Палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў і Павел Кухта падчас сустрэчы ў Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Наведнікі маглі таксама набыць фірмовую прадукцыю «Каліноўцы» (паведамлялася, што сродкі з продажу пойдуць на падтрыманне параненых ваяроў і семʼяў загінулых).

Сустрэча скончылася хвілінаю маўчання на знак пашаны беларускім ваярам, якія загінулі ва Украіне. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў Расеі на тэрыторыю Украіны сваё жыццё за яе свабоду аддалі як мінімум 37 беларускіх добраахвотнікаў.

Полк імя Кастуся Каліноўскага – ваенная фармацыя ў складзе Збройных сілаў Украіны. Падраздзяленне было створанае ў сакавіку 2022 года, каб бараніць Украіну ад расейскага агрэсара. У складзе ПКК – беларускія добраахвотнікі. Місія палка гучыць так: «Вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны».

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў 22 студзеня плануе сустрэцца з беларусамі Лодзі, 23 студзеня – Кракава, 24-га – Вроцлава. 25 студзеня адбудзецца сустрэча ў Празе, 26 студзеня – у Берліне. Далей – у Познані, Быдгашчы, Гданьску і Беластоку. 31 студзеня плануецца спатканне з беларусамі Вільні.

Зміцер Міраш belsat.eu