У Расеі прапанавалі прыбраць са школьнай праграмы «Архіпелаг ГУЛАГ»


У Дзярждуме прапанавалі прыбраць са школьнай праграмы кнігі, якія не прайшлі «выпрабаванне часам», у тым ліку «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына, і вярнуць у школы савецкія кнігі, якія выхоўваюць пачуццё патрыятызму. Пра гэта заявіў першы намеснік кіраўніка фракцыі «Единая Россия» Дзмітрый Вяткін.

Твор Аляксандра Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ». Крыніца: bessmertnybarak.ru

«Як паказаў гістарычны аналіз «Архіпелага ГУЛАГа», які пакуль яшчэ не прыбралі, а я думаю, нядоўга засталося яму знаходзіцца ў школьных праграмах, многія факты Аляксандрам Ісаевічам былі «высмактаныя з пальца«, прыдуманыя. Гісторыкі правяралі ўсе факты. Была спроба атрымаць за гэта прэмію – за тое, што ён вымараў у гразі сваю ўласную Радзіму», – сказаў Вяткін.

Ён дадаў, што ўлады не будуць «секчы з пляча», але маюць намер «аднавіць гістарычную справядлівасць у дачыненні да савецкіх твораў, якія выхоўваюць пачуццё патрыятызму, захоўваюць гістарычную памяць». Паводле яго слоў, у 2023 годзе ў школьную праграму ўнясуць некалькі літаратурных твораў савецкіх аўтараў, у тым ліку «Маладую гвардыю» Аляксандра Фадзеева і «Гарачы снег» Юрыя Бондарава.

«Тыя творы, якія не вытрымалі выпрабаванні часам, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, «плёткі ў выглядзе версіяў», як Высоцкі пісаў і спяваў, без усялякага сумнення, павінны быць са школьнай праграмы выключаны», – удакладніў дэпутат.

Раман Аляксандра Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» расказвае пра рэпрэсіі ў гады СССР. Ён быў уключаны ў абавязковую школьную праграму ў 2009 годзе па даручэнні Уладзіміра Пуціна – гэта адбылося пасля яго сустрэчы з удавой пісьменніка, Наталляй Салжаніцынай.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў